§ 9–1. Развіццё прамысловасці, гандлю, фінансаў і транспарту ў 60-я гг. XIX — пачатку XX ст.

6. Фарміраванне нацыянальнага рынку. Павышэнне ролі банкаў

Новыя шляхі зносін і сродкі сувязі садзейнічалі хуткаму развіццю не толькі прамысловасці, але і гандлю, зліццю мясцовых рынкаў Беларусі ў нацыянальны рынак. Дзякуючы гэтаму значна ўзмацніліся сувязі беларускага рынку з агульнарасійскім і еўрапейскім рынкамі. На гэтых рынках выяўлялася канкурэнтназдольнасць тавараў і вызначалася спецыялізацыя сельскай гаспадаркі і прамысловасці Беларусі. Галіны эканомікі, якія не вытрымлівалі канкурэнцыі, прыходзілі ў заняпад. Развіваліся толькі эканамічна выгадныя прадпрыемствы.

Важным паказчыкам эканамічнага развіцця стала стварэнне ў Беларусі ўстойлівай крэдытна-банкаўскай сістэмы. У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. актывізацыя прамысловага развіцця Беларусі забяспечвалася ў значнай ступені за кошт прыцягнення крэдытных рэсурсаў з-за межаў рэгіёну. Крэдытаванне ажыццяўлялася Дзяржаўным банкам і яго аддзяленнямі ў губернях. Актыўна працаваў на беларускім рынку філіял найбуйнейшага ў Расійскай імперыі Азоўска-Данскога банка. Дзейнічалі 57 камерцыйных банкаў і іх аддзяленняў у беларускіх гарадах.

Важную ролю ў галіне камерцыйнага крэдыту адыгрывалі банкаўскія дамы і канторы, многія з якіх спалучалі фінансавую дзейнасць з прадпрымальніцкай. Першы банк на тэрыторыі сучаснай Беларусі (гарадскі грамадскі банк) быў адкрыты 8 студзеня 1870 г. у Гомелі ўказам сената Расійскай імперыі. Першы камерцыйны банк пачаў працаваць у 1873 г. У 1880-я гг. у Беларусі пачалі дзейнічаць аддзяленні Дзяржаўнага, Сялянскага пазямельнага і Дваранскага банкаў. Дваранскі банк усяляк падтрымліваў урадавую палітыку насаджэння ў Беларусі рускага памешчыцкага землеўладання. «Асобы польскага паходжання» былі пазбаўлены права карыстацца льготнымі крэдытамі гэтага банка. Яны вымушаныя былі карыстацца паслугамі прыватных камерцыйных і пазямельных банкаў.