§ 9–1. Развіццё прамысловасці, гандлю, фінансаў і транспарту ў 60-я гг. XIX — пачатку XX ст.
5. Стварэнне манапалістычных аб'яднанняў
Да пачатку ХХ ст. рамесная і дробнатаварная вытворчасць па-ранейшаму выконвала важную ролю ў эканамічным жыцці беларускіх губерняў. У 1913 г. вытворчасць дробнай і саматужнай прамысловасці Беларусі складала 53,5 %. Аднак хуткімі тэмпамі ішоў працэс канцэнтрацыі вытворчасці, выцяснення дробных прадпрыемстваў буйнымі капіталістычнымі фабрыкамі і заводамі. З'яўлялася ўсё больш буйных прадпрыемстваў, на якіх выкарыстоўваліся машыны. Яны абсталёўваліся паравымі катламі, магутнасць якіх выкарыстоўвалася для выпрацоўкі электраэнергіі.
Прамысловасць Беларусі працягвала развівацца на базе інтэнсіўнага выкарыстання лясных багаццяў краю і перапрацоўкі мясцовай сельскагаспадарчай сыравіны. Эканамічны крызіс 1900—1903 гг. паскорыў стварэнне ў Беларусі манапалістычных аб'яднанняў з удзелам мясцовага, расійскага і замежнага капіталу.
Акцыянерным таварыствам належалі такія буйныя прадпрыемствы Беларусі, як Віцебская льнопрадзільная фабрыка «Дзвіна» (Руска-Бельгійскае акцыянернае таварыства), трамвай і электрычная станцыя ў Віцебску (Бельгійскае акцыянернае таварыства), Шклоўская папяровая фабрыка (Рускае акцыянернае таварыства кардонна-папяровай вытворчасці). У гэты час былі створаны і мясцовыя манапалістычныя аб'яднанні: акцыянерныя таварыствы тытунёвай фабрыкі «Нёман» (былая фабрыка Шарашэўскага) у Гродне, запалкавых фабрык «Прагрэс-Вулкан» у Пінску і «Маланка» ў Мазыры. Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Беларусі існавалі 34 акцыянерныя таварыствы.
Аднак Беларусь значна адставала ад Расіі па ўзроўні канцэнтрацыі вытворчасці. Прычынай гэтага было тое, што ў адрозненне ад іншых раёнаў Расіі тут не было радовішчаў нафты, вугалю, жалезнай руды, каляровых металаў, на базе якіх ствараліся буйныя прадпрыемствы цяжкай прамысловасці. Акрамя таго, побач знаходзіліся Цэнтральны, Прыбалтыйскі, Пецярбургскі і Польскі прамысловыя раёны, дзе буйная прамысловасць пачала развівацца раней, і куды ў першую чаргу накіроўваліся інвестыцыі. У Беларусі не было і значных капіталаў для развіцця прамысловасці.