§ 9–1. Развіццё прамысловасці, гандлю, фінансаў і транспарту ў 60-я гг. XIX — пачатку XX ст.

4. Асаблівасці прамысловай рэвалюцыі ў Беларусі. Галіновая структура прамысловасці

Пераход да капіталістычнага спосабу вытворчасці ў прамысловасці выяўляўся ў яе паступовай мадэрнізацыі — увядзенні удасканаленняў, якія адпавядалі б тэхнічным патрабаванням XIX ст. Мадэрнізацыя прамысловасці паслярэформеннага перыяду характарызавалася пашырэннем індустрыялізацыі – пераходу ад ручной працы да машыннай, да фарміравання прамысловай буржуазіі і вольнанаёмнага рабочага класа. Гэты працэс атрымаў назву прамысловага перавароту або прамысловай рэвалюцыі.

Характэрнай рысай прамысловага развіцця Беларусі ў другой палове XIX ст. было тое, што разам з адносна хуткім ростам фабрычнай індустрыі ў беларускіх губернях дамінавалі дробныя рамесныя прадпрыемствы і мануфактуры.

Рамесныя прадпрыемствы былі заснаваны на ручной працы. Перш за ўсё гэта былі промыслы па перапрацоўцы мясцовай сыравіны: дрэва (сталярныя), гліны (ганчарныя), скуры (кушнерскія, шавецкія), воўны і лёну (ткацкія). Рамесная вытворчасць канцэнтравалася ў гарадах і шматлікіх мястэчках. Да канца XIX ст. павялічылася колькасць дробных рамесных прадпрыемстваў і аб'ём іх прадукцыі. Да канца 1890-х гг. ён складаў 37,8 % ад усёй прамысловасці Беларусі.

Пасля рэформы 1861 г. паскорыўся рост мануфактурнай вытворчасці. Тут выкарыстоўвалася ручная праца, але існаваў яе падзел па спецыяльнасцях. Мануфактуры ўзнікалі з сялянскіх промыслаў і гарадскога рамяства. У канцы XIX ст. мануфактуры пераважалі ў гарбарнай, ганчарнай, цаглянай, суконнай, шкляной і тытунёвай вытворчасці i давалі 15,4 % валавой прамысловай прадукцыі Беларусі.

Нягледзячы на вялікую долю рамеснай і мануфактурнай вытворчасці, на працягу другой паловы XIX ст. у прамысловасці Беларусі ішоў працэс пераходу ад ручной працы да машыннай. Рамяство і мануфактуру паступова выцясняла капіталістычная фабрыка.

Найбуйнейшыя запалкавыя фабрыкі знаходзіліся ў Пінску, Мазыры, Бабруйску, Барысаве. Папярова-кардонная прамысловасць Беларусі размяшчалася галоўным чынам у Магілёўскай і Віцебскай губернях. Адной з самых перадавых у Расійскай імперыі з тэхнічнага пункту гледжання была Добрушская папяровая фабрыка. Найбуйнейшым прадпрыемствам сярод шклозаводаў быў завод «Нёман» у Лідскім павеце, які распачаў працу ў 1883 г. Найбольш значным прадпрыемствам у галіне тэкстыльнай, ільняной прамысловасці была льнопрадзільная фабрыка «Дзвіна» ў Віцебску, пабудаваная ў 1900 г.

Прамысловая рэвалюцыя ў Беларусі завяршылася ў канцы 90-х гг. XIX ст., на дзесяцігоддзе пазней, чым у найбольш развітых рэгіёнах Расійскай імперыі. 2/3 фабрычна-завадскіх прадпрыемстваў у другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. размяшчаліся пераважна ў сельскай мясцовасці — бліжэй да крыніц сыравіны і таннай рабочай сілы. Спецыялізацыя беларускай прамысловасці паранейшаму вызначалася выкарыстаннем і перапрацоўкай прадукцыі сельскай гаспадаркі, лясной і мінеральнай сыравіны.