§ 10-2. Рэвалюцыйны ўздым у краінах Усходу ў пачатку ХХ ст.
4. Звяржэнне Цынскай дынастыі ў Кітаі
Звяржэнне Цынскай дынастыі адбылося ў ходзе Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—1921 гг. Важную ролю ў яе падрыхтоўцы адыграў вядомы кітайскі рэвалюцыянер Сунь Ятсен, які шмат у чым падзяляў сацыялістычныя ідэі.
У 1905 г. Сунь Ятсен сфарміраваў сваю ідэалогію барацьбы за незалежнасць Кітая — суньятсенізм, аб’яднаў, знаходзячыся ў іміграцыі ў Японіі, рэвалюцыйныя арганізацыі Кітая ў Аб’яднаны саюз (Тунмэнхой) і стаў яго кіраўніком. Акцэнт рабіўся на тактыцы змоў, агітацыі сярод салдат і афіцэраў.
У 1911 г. Сунь Ятсен вярнуўся ў Кітай пасля 15 гадоў знаходжання ў Еўропе, ЗША, Канадзе і Японіі. У кастрычніку 1911 г. на поўдні Кітая пад кіраўніцтвам рэвалюцыянераў адбылося паўстанне ў арміі, падтрыманае народнымі масамі. Салдаты адмовіліся страляць у паўстанцаў. Рэвалюцыянерам спатрэбілася ўсяго некалькі месяцаў, каб усталяваць кантроль на поўдні і ў цэнтры Кітая.
Першага студзеня 1912 г. бунтуючыя правінцыі абвясцілі стварэнне Кітайскай Рэспублікі, часовым прэзідэнтам якой стаў Сунь Ятсен. Па-за кантролем рэспублікі заставалася поўнач Кітая, пакуль уплывовы генерал Юань Шыкай не далучыўся да паўстанцаў. 12 лютага 1912 г. адбылася гістарычная падзея — адрачэнне манчжурскай дынастыі ад трона.
Пасля звяржэння Цынскай дынастыі сітуацыя ў Кітаі не стабілізавалася. Пачалася ўнутрыпалітычная барацьба ваенна-феадальных клік, якія фактычна раскалолі краіну. У 1912 г. Сунь Ятсен адмовіўся ад пасады прэзідэнта на карысць генерала Юань Шыкая, які стаў дабівацца аднаўлення манархіі і асабістага ўступлення на прастол. Супраць яго выступалі военачальнікі правінцый.
У жніўні 1912 г. Сунь Ятсен заснаваў Гаміньдан — Нацыянальную партыю. Гаміньдан паставіў сваёй задачай аб’яднанне краіны, усталяванне яе незалежнасці, пераадоленне векавой адсталасці і арганізаваў паўстанне супраць Юань Шыкая. У адказ апошні распусціў парламент і забараніў Нацыянальную партыю. Толькі яго нечаканая смерць у 1916 г. перашкодзіла аднавіць манархічны лад. У выніку Кітай распаўся на асобныя правінцыі, улада ў якіх перайшла ў рукі вайскоўцаў.
Пад уплывам Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі 1917 г. Сунь Ятсен звярнуўся да Савецкай Расіі па дапамогу ў справе аб’яднання і вызвалення Кітая ад ваенна-мілітарысцкіх клік.