Печатать книгуПечатать книгу

§ 10-2. Рэвалюцыйны ўздым у краінах Усходу ў пачатку ХХ ст.

Ключавая ідэя: рэформы і рэвалюцыйныя пераўтварэнні адлюстроўвалі імкненне дзяржаў Усходу вырвацца са стану адсталасці і паскорыць сацыяльна-палітычнае развіццё.

У пачатку XX ст. узмацніліся супярэчнасці паміж калоніямі і метраполіямі, паміж фармальна незалежнымі краінамі і каланіяльнымі дзяржавамі. У краінах Усходу паступова ўспрымаліся распаўсюджаныя ў Еўропе палітычныя ідэі — ад умерана ліберальных да рэвалюцыйных, сацыялістычных. Гэты перыяд у гісторыі краін Усходу вядомы таксама як «абуджэнне Азіі».

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 10-2. Рэвалюцыйны ўздым у краінах Усходу ў пачатку ХХ ст.
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 11 Апрель 2025, 01:01

1. Уздым нацыянальнага руху ў Індыі

У 1885 г. індыйскай элітай пры падтрымцы Вялікабрытаніі быў утвораны Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК). Своеасаблівы конкурс па наборы членаў кангрэса праходзіў у Англіі, таму ў яго маглі ўступіць толькі самыя багатыя індусы, якія там вучыліся. ІНК патрабаваў павышэння ролі індыйскай эліты ў каланіяльнай адміністрацыі. Брытанцы ў Індыі ўсталявалі практыку сегрэгацыі — прымусовага аддзялення якой-небудзь групы насельніцтва па расавай альбо этнічнай прыкмеце. На некаторых вагонах цягнікоў, у рэстаранах былі ўстаноўлены шыльды — «сабакам і індусам уваход забаронены». Такім чынам, абмежаванні закраналі нават заможных індусаў.

Уся індыйская прамысловасць была манапалізавана брытанскімі кампаніямі. Каб не ствараць канкурэнцыі брытанскай індустрыі, Вялікабрытанія стрымлівала прамысловае развіццё Індыі, якое паскорылася з увядзеннем чыгуначанага забеспячэння. Але ў 1907 г. з’явілася індыйская кампанія «Тата» ў сферы чорнай металургіі і вытворчасці электраэнергіі. Павялічылася вытворчасць бавоўны, цукру, паперы, джуту. У гады Першай сусветнай вайны ў сувязі са зніжэннем імпарту з метраполіі ў Індыі пачаў інтэнсіўна развівацца капіталізм. Індыйская буржуазія заўважна памацнела і патрабавала ўлады ў краіне.

Хаця большасць індусаў працягвалі захоўваць лаяльнасць да метраполіі, частка ІНК у 1904 г. разам з Гангадхарам Цілакам выступіла супраць улады Вялікабрытаніі. Пачасціліся тэрарыстычныя акты, апазіцыя стала аб’ядноўвацца. Брытанская карона прадаставіла лаяльнай эліце Індыі доступ да вышэйшых чынавенскіх і ваенных пасад у каланіяльнай адміністрацыі.

У 1905—1908 гг. у Індыі адбыўся ўздым нацыянальна-вызваленчага руху. Яго перадумовамі паслужылі ўзмацненне жорсткасці каланіяльнай дыктатуры віцэ-караля Індыі Д. Н. Керзона (1899—1905), штучнае тармажэнне брытанскім каланіяльным рэжымам развіцця нацыянальнай прамысловасці, збядненне сялян і рамеснікаў, голад 1905—1908 гг.

Нагодай да пачатку нацыянальна-вызваленчага руху стаў падзел у 1905 г. Бенгаліі на дзве правінцыі па рэлігійнай прыкмеце. Тыя, хто вызнаваў індуізм, аказаліся ў Заходняй Бенгаліі, ва Усходняй Бенгаліі — мусульмане. Гэта было зроблена для падрыву адзінства бенгальскай нацыі, якая знаходзілася ў авангардзе вызваленчага руху. Аднак вынік быў супрацьлеглым — у адказ пачаліся шматлікія мітынгі пратэсту па ўсёй краіне.

Самым распаўсюджаным метадам барацьбы стаў байкот англійскіх тавараў, які перарос у рух свадзешы (санскр. «з уласнай краіны») 1906—1911 гг. Акрамя байкоту бенгальскія патрыёты заклікалі да развіцця ўласнай вытворчасці, заахвочвання ручнога ткацтва і рамяства, а таксама да аднаўлення сельскай абшчыны на аснове індуісцкіх каштоўнасцей. Прыхільнікі свадзешы былі таксама ў ІНК. У 1906 г. на сесіі кангрэса ўпершыню ў Індыі прагучала патрабаванне свараджу, які разумеўся як самакіраванне ў складзе Вялікабрытаніі. З 1907 г. патрабаванне свараджу падхапіў рух свадзешы.

З мэтай падрыву нацыянальнага руху ў 1907 г. пры падтрымцы англічан была ўтворана Усеіндыйская мусульманская ліга, яе лідарам стаў Мухамад Алі Джына.

У 1908 г. быў арыштаваны лідар крайне правага крыла нацыянальна-вызваленчага руху Бал Гангадхар Цілак, пасля чаго па ўсёй Індыі пракацілася хваля мітынгаў, якія перарасталі ў сутыкненні з паліцыяй і войскамі. Апошнія прымянілі агнястрэльную зброю. Нацыянальна-вызваленчы рух быў жорстка задушаны, прайшлі шматлікія судовыя працэсы. Аднак трохгадовы вопыт нацыянальна-вызваленчай барацьбы стаў падмогай будучых антыкаланіяльных выступленняў у Індыі.

Пасля завяршэння Першай сусветнай вайны і перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расіі 1917 г. у Індыі склалася небяспечная для захавання брытанскага дамінавання рэвалюцыйная сітуацыя. У прадстаўленых на Версальскай канферэнцыі «14 пунктах» Вільсана народам было дадзена права на супраціўленне брытанскаму каланіялізму. Індыя ўдзельнічала ў вайне на баку Вялікабрытаніі і чакала за гэта ўзнагароды — атрымання незалежнасці.

2. Іранская рэвалюцыя 1905—1911 гг.

Іранская рэвалюцыя 1905—1911 гг. шмат у чым была выклікана засіллем іншаземцаў пры патуранні кіруючых вярхоў на чале з дынастыяй Каджараў.

У снежні 1905 г. у Іране пачалася рэвалюцыя, у якой удзельнічалі ўсе слаі персідскага грамадства, быў створаны меджліс (парламент), які складаўся з прадстаўнікоў арыстакратычных родаў, прынята канстытуцыя і ўсталявана канстытуцыйная манархія.

Рэвалюцыя праходзіла ва ўмовах замежнай залежнасці Ірана. У 1907 г. было падпісана англа-рускае пагадненне, якое завяршыла стварэнне Антанты. Згодна з гэтым пагадненнем паўночная частка Ірана адышла ў сферу ўплыву Расіі, а паўднёвая — Вялікабрытаніі. Арыентаваны на Расію шах Мухамед Алі спрабаваў распусціць меджліс і адмяніць канстытуцыю. Многія прыхільнікі канстытуцыйнай манархіі былі арыштаваныя, рэвалюцыя перарасла ў грамадзянскую вайну паміж практычна аўтаномнымі мясцовымі правіцелямі розных іранскіх правінцый. Мухамед-Алі быў скінуты, новым манархам стаў яго чатырнаццацігадовы сын Султан Ахмад-шах. Да ўлады прыйшоў ліберальна настроены ўрад, канстытуцыя была адноўлена.

У 1911 г. у Іран прыбыла група амерыканскіх фінансавых саветнікаў, якая стварыла ўмовы для шырокай эканамічнай экспансіі ў краіну ЗША шляхам замежных пазык і стварэння фінансавай жандармерыі. Гэта выклікала стыхійныя акцыі пратэсту. У лістападзе 1911 г. расійскія войскі ўварваліся ў Іран. У сакавіку 1912 г. урад заявіў аб тым, што ён абавязваецца ўзгадняць сваю палітыку з прынцыпамі пагаднення 1907 г. у інтарэсахі Вялікабрытаніі і Расіі.

Аднак пасля Першай сусветнай вайны і рэвалюцыі 1917 г. Расія не змагла забяспечыць сваю прысутнасць у Іране, і фактычным гаспадаром становішча стала Вялікабрытанія, якая ўсталявала ў 1919 г. свой пратэктарат над краінай.

3. Младатурэцкая рэвалюцыя ў Турцыі і яе вынікі

Ва ўмовах нарастання незадаволенасці палітыкай султанскага ўрада арганізацыя младатуркаў у Асманскай імперыі ўзначаліла рух супраць улады султана. Младатуркі патрабавалі роўнасці ўсіх падданых імперыі, правядзення рэформ, увядзення канстытуцыі пры захаванні імперыі.

Младатуркі знайшлі падтрымку ў арміі. Улетку 1908 г. армейскія афіцэры з некалькімі ўзброенымі атрадамі запатрабавалі аднаўлення канстытуцыі. Абдул-Хаміду II давялося пайсці на гэтыя саступкі, аднавіць дзеянне канстытуцыі 1876 г. і склікаць парламент.

У выніку выбараў у парламент 1908 г. з 230 месцаў 150 занялі прадстаўнікі младатуркаў. Аднак да красавіка 1909 г. парламент не прыняў ніводнага значнага закона, што падрывала аўтарытэт младатуркаў як рэфарматараў. Абдул-Хамід не хацеў дзяліцца ўладай з младатуркамі і паспрабаваў вярнуть ранейшыя парадкі.

Скарыстаўшыся незадаволенасцю працай парламента, у красавіку 1909 г. некалькі часцей стамбульскага гарнізона ўзнялі мяцеж пад лозунгамі аднаўлення адзінаасобнага шарыяцкага праўлення султана і роспуску парламента. Аднак младатуркі сфарміравалі вялікі ўзброены атрад, адразу ж задушылі паўстанне і скінулі султана.

Новым султанам стаў Мехмед V Рэшад, але рэальная ўлада пры ім аказалася ў руках младатуркаў. Яны абвясцілі афіцыйнай ідэалогіяй «асманізм» — роўнасць усіх народаў імперыі і стварэнне адзінай асманскай нацыі — і сталі прыгнятаць нетурэцкія народы, якія пражывалі ў Асманскай імперыі. Галоўным для іх было захаваць імперыю.

Усталяваная младатуркамі канстытуцыйная манархія была падобная да дыктатуры ўрада младатуркаў. Замацаваўшыся ва ўладзе, яны адмовіліся ад правядзення рэформ. У 1913 г. пасля прыходу да ўлады младатурэцкага трыумвірату Энвер-пашы, Талаат-пашы і Джамаль-пашы палажэнні Канстытуцыі 1876 г. не выконваліся, парламент перастаў уплываць на палітычнае жыццё. Так младатурэцкая рэвалюцыя ў 1910—1911 гг. пацярпела паражэнне.

У выніку крызіснай сітуацыі, што склалася ў краіне, Турцыя пачала губляць тэрыторыі, якія далучалі больш моцныя еўрапейскія дзяржавы. У 1911—1912 гг. у выніку італа-турэцкай вайны Асманская імперыя страціла Лівію. У 1912—1913 гг. у ходзе Балканскіх войнаў Турцыя пазбавілася практычна ўсіх еўрапейскіх уладанняў, якія падзялілі паміж сабой Балгарыя, Грэцыя, Сербія, Чарнагорыя.

Пасля паражэння ад Італіі і балканскіх дзяржаў младатуркі сталі шукаць ваеннай падтрымкі. У Германіі яны ўбачылі краіну, якая магла б дапамагчы Турцыі вярнуць страчаныя тэрыторыі, таму Асманская імперыя далучылася да Цэнтральных дзяржаў. Другога жніўня 1914 г. быў падпісаны сакрэтны германа-турэцкі дагавор аб саюзніцкіх узаемаабавязацельствах краін.

4. Звяржэнне Цынскай дынастыі ў Кітаі

Звяржэнне Цынскай дынастыі адбылося ў ходзе Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—1921 гг. Важную ролю ў яе падрыхтоўцы адыграў вядомы кітайскі рэвалюцыянер Сунь Ятсен, які шмат у чым падзяляў сацыялістычныя ідэі.

У 1905 г. Сунь Ятсен сфарміраваў сваю ідэалогію барацьбы за незалежнасць Кітая — суньятсенізм, аб’яднаў, знаходзячыся ў іміграцыі ў Японіі, рэвалюцыйныя арганізацыі Кітая ў Аб’яднаны саюз (Тунмэнхой) і стаў яго кіраўніком. Акцэнт рабіўся на тактыцы змоў, агітацыі сярод салдат і афіцэраў.

У 1911 г. Сунь Ятсен вярнуўся ў Кітай пасля 15 гадоў знаходжання ў Еўропе, ЗША, Канадзе і Японіі. У кастрычніку 1911 г. на поўдні Кітая пад кіраўніцтвам рэвалюцыянераў адбылося паўстанне ў арміі, падтрыманае народнымі масамі. Салдаты адмовіліся страляць у паўстанцаў. Рэвалюцыянерам спатрэбілася ўсяго некалькі месяцаў, каб усталяваць кантроль на поўдні і ў цэнтры Кітая.

Першага студзеня 1912 г. бунтуючыя правінцыі абвясцілі стварэнне Кітайскай Рэспублікі, часовым прэзідэнтам якой стаў Сунь Ятсен. Па-за кантролем рэспублікі заставалася поўнач Кітая, пакуль уплывовы генерал Юань Шыкай не далучыўся да паўстанцаў. 12 лютага 1912 г. адбылася гістарычная падзея — адрачэнне манчжурскай дынастыі ад трона.

Пасля звяржэння Цынскай дынастыі сітуацыя ў Кітаі не стабілізавалася. Пачалася ўнутрыпалітычная барацьба ваенна-феадальных клік, якія фактычна раскалолі краіну. У 1912 г. Сунь Ятсен адмовіўся ад пасады прэзідэнта на карысць генерала Юань Шыкая, які стаў дабівацца аднаўлення манархіі і асабістага ўступлення на прастол. Супраць яго выступалі военачальнікі правінцый.

У жніўні 1912 г. Сунь Ятсен заснаваў Гаміньдан Нацыянальную партыю. Гаміньдан паставіў сваёй задачай аб’яднанне краіны, усталяванне яе незалежнасці, пераадоленне векавой адсталасці і арганізаваў паўстанне супраць Юань Шыкая. У адказ апошні распусціў парламент і забараніў Нацыянальную партыю. Толькі яго нечаканая смерць у 1916 г. перашкодзіла аднавіць манархічны лад. У выніку Кітай распаўся на асобныя правінцыі, улада ў якіх перайшла ў рукі вайскоўцаў.

Пад уплывам Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі 1917 г. Сунь Ятсен звярнуўся да Савецкай Расіі па дапамогу ў справе аб’яднання і вызвалення Кітая ад ваенна-мілітарысцкіх клік.

Пытанні

1. Вылучыце агульныя і асаблівыя перадумовы рэвалюцыйнага ўздыму ў краінах Усходу.

2. Чаму рэформы і рэвалюцыйныя пераўтварэнні ў многіх краінах Усходу ішлі зверху?

3. Параўнайце рэвалюцыі ў Іране, Турцыі, Кітаі. Дадзеныя прадстаўце ў выглядзе табліцы.

4. Вызначце асаблівасці нацыянальна-вызваленчага руху ў Індыі. Як вы мяркуеце, чаму ў гэтай краіне не адбыліся рэвалюцыйныя выступленні?

5. Якія нацыянальныя палітычныя партыі былі створаны ў краінах Усходу? У чым была асаблівасць стварэння і дзейнасці гэтых партый?

6. Якую ролю ў рэвалюцыйных падзеях у краінах Усходу адыгралі дзяржавы Захаду і Расія?

7. Ахарактарызуйце дзейнасць адного з лідараў рэвалюцыйнага руху краін Усходу (на ваш выбар). Выкарыстоўвайце крыніцы дадатковай інфармацыі.

8. Якую ролю ў гістарычным развіцці краін Усходу адыграў перыяд «абуджэння Азіі»?

Лабараторыя гісторыка