§ 10-2. Рэвалюцыйны ўздым у краінах Усходу ў пачатку ХХ ст.
3. Младатурэцкая рэвалюцыя ў Турцыі і яе вынікі
Ва ўмовах нарастання незадаволенасці палітыкай султанскага ўрада арганізацыя младатуркаў у Асманскай імперыі ўзначаліла рух супраць улады султана. Младатуркі патрабавалі роўнасці ўсіх падданых імперыі, правядзення рэформ, увядзення канстытуцыі пры захаванні імперыі.
Младатуркі знайшлі падтрымку ў арміі. Улетку 1908 г. армейскія афіцэры з некалькімі ўзброенымі атрадамі запатрабавалі аднаўлення канстытуцыі. Абдул-Хаміду II давялося пайсці на гэтыя саступкі, аднавіць дзеянне канстытуцыі 1876 г. і склікаць парламент.
У выніку выбараў у парламент 1908 г. з 230 месцаў 150 занялі прадстаўнікі младатуркаў. Аднак да красавіка 1909 г. парламент не прыняў ніводнага значнага закона, што падрывала аўтарытэт младатуркаў як рэфарматараў. Абдул-Хамід не хацеў дзяліцца ўладай з младатуркамі і паспрабаваў вярнуть ранейшыя парадкі.
Скарыстаўшыся незадаволенасцю працай парламента, у красавіку 1909 г. некалькі часцей стамбульскага гарнізона ўзнялі мяцеж пад лозунгамі аднаўлення адзінаасобнага шарыяцкага праўлення султана і роспуску парламента. Аднак младатуркі сфарміравалі вялікі ўзброены атрад, адразу ж задушылі паўстанне і скінулі султана.
Новым султанам стаў Мехмед V Рэшад, але рэальная ўлада пры ім аказалася ў руках младатуркаў. Яны абвясцілі афіцыйнай ідэалогіяй «асманізм» — роўнасць усіх народаў імперыі і стварэнне адзінай асманскай нацыі — і сталі прыгнятаць нетурэцкія народы, якія пражывалі ў Асманскай імперыі. Галоўным для іх было захаваць імперыю.
Усталяваная младатуркамі канстытуцыйная манархія была падобная да дыктатуры ўрада младатуркаў. Замацаваўшыся ва ўладзе, яны адмовіліся ад правядзення рэформ. У 1913 г. пасля прыходу да ўлады младатурэцкага трыумвірату Энвер-пашы, Талаат-пашы і Джамаль-пашы палажэнні Канстытуцыі 1876 г. не выконваліся, парламент перастаў уплываць на палітычнае жыццё. Так младатурэцкая рэвалюцыя ў 1910—1911 гг. пацярпела паражэнне.
У выніку крызіснай сітуацыі, што склалася ў краіне, Турцыя пачала губляць тэрыторыі, якія далучалі больш моцныя еўрапейскія дзяржавы. У 1911—1912 гг. у выніку італа-турэцкай вайны Асманская імперыя страціла Лівію. У 1912—1913 гг. у ходзе Балканскіх войнаў Турцыя пазбавілася практычна ўсіх еўрапейскіх уладанняў, якія падзялілі паміж сабой Балгарыя, Грэцыя, Сербія, Чарнагорыя.
Пасля паражэння ад Італіі і балканскіх дзяржаў младатуркі сталі шукаць ваеннай падтрымкі. У Германіі яны ўбачылі краіну, якая магла б дапамагчы Турцыі вярнуць страчаныя тэрыторыі, таму Асманская імперыя далучылася да Цэнтральных дзяржаў. Другога жніўня 1914 г. быў падпісаны сакрэтны германа-турэцкі дагавор аб саюзніцкіх узаемаабавязацельствах краін.