§ 10-2. Рэвалюцыйны ўздым у краінах Усходу ў пачатку ХХ ст.

2. Іранская рэвалюцыя 1905—1911 гг.

Іранская рэвалюцыя 1905—1911 гг. шмат у чым была выклікана засіллем іншаземцаў пры патуранні кіруючых вярхоў на чале з дынастыяй Каджараў.

У снежні 1905 г. у Іране пачалася рэвалюцыя, у якой удзельнічалі ўсе слаі персідскага грамадства, быў створаны меджліс (парламент), які складаўся з прадстаўнікоў арыстакратычных родаў, прынята канстытуцыя і ўсталявана канстытуцыйная манархія.

Рэвалюцыя праходзіла ва ўмовах замежнай залежнасці Ірана. У 1907 г. было падпісана англа-рускае пагадненне, якое завяршыла стварэнне Антанты. Згодна з гэтым пагадненнем паўночная частка Ірана адышла ў сферу ўплыву Расіі, а паўднёвая — Вялікабрытаніі. Арыентаваны на Расію шах Мухамед Алі спрабаваў распусціць меджліс і адмяніць канстытуцыю. Многія прыхільнікі канстытуцыйнай манархіі былі арыштаваныя, рэвалюцыя перарасла ў грамадзянскую вайну паміж практычна аўтаномнымі мясцовымі правіцелямі розных іранскіх правінцый. Мухамед-Алі быў скінуты, новым манархам стаў яго чатырнаццацігадовы сын Султан Ахмад-шах. Да ўлады прыйшоў ліберальна настроены ўрад, канстытуцыя была адноўлена.

У 1911 г. у Іран прыбыла група амерыканскіх фінансавых саветнікаў, якая стварыла ўмовы для шырокай эканамічнай экспансіі ў краіну ЗША шляхам замежных пазык і стварэння фінансавай жандармерыі. Гэта выклікала стыхійныя акцыі пратэсту. У лістападзе 1911 г. расійскія войскі ўварваліся ў Іран. У сакавіку 1912 г. урад заявіў аб тым, што ён абавязваецца ўзгадняць сваю палітыку з прынцыпамі пагаднення 1907 г. у інтарэсахі Вялікабрытаніі і Расіі.

Аднак пасля Першай сусветнай вайны і рэвалюцыі 1917 г. Расія не змагла забяспечыць сваю прысутнасць у Іране, і фактычным гаспадаром становішча стала Вялікабрытанія, якая ўсталявала ў 1919 г. свой пратэктарат над краінай.