§ 10-2. Рэвалюцыйны ўздым у краінах Усходу ў пачатку ХХ ст.

1. Уздым нацыянальнага руху ў Індыі

У 1885 г. індыйскай элітай пры падтрымцы Вялікабрытаніі быў утвораны Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК). Своеасаблівы конкурс па наборы членаў кангрэса праходзіў у Англіі, таму ў яго маглі ўступіць толькі самыя багатыя індусы, якія там вучыліся. ІНК патрабаваў павышэння ролі індыйскай эліты ў каланіяльнай адміністрацыі. Брытанцы ў Індыі ўсталявалі практыку сегрэгацыі — прымусовага аддзялення якой-небудзь групы насельніцтва па расавай альбо этнічнай прыкмеце. На некаторых вагонах цягнікоў, у рэстаранах былі ўстаноўлены шыльды — «сабакам і індусам уваход забаронены». Такім чынам, абмежаванні закраналі нават заможных індусаў.

Уся індыйская прамысловасць была манапалізавана брытанскімі кампаніямі. Каб не ствараць канкурэнцыі брытанскай індустрыі, Вялікабрытанія стрымлівала прамысловае развіццё Індыі, якое паскорылася з увядзеннем чыгуначанага забеспячэння. Але ў 1907 г. з’явілася індыйская кампанія «Тата» ў сферы чорнай металургіі і вытворчасці электраэнергіі. Павялічылася вытворчасць бавоўны, цукру, паперы, джуту. У гады Першай сусветнай вайны ў сувязі са зніжэннем імпарту з метраполіі ў Індыі пачаў інтэнсіўна развівацца капіталізм. Індыйская буржуазія заўважна памацнела і патрабавала ўлады ў краіне.

Хаця большасць індусаў працягвалі захоўваць лаяльнасць да метраполіі, частка ІНК у 1904 г. разам з Гангадхарам Цілакам выступіла супраць улады Вялікабрытаніі. Пачасціліся тэрарыстычныя акты, апазіцыя стала аб’ядноўвацца. Брытанская карона прадаставіла лаяльнай эліце Індыі доступ да вышэйшых чынавенскіх і ваенных пасад у каланіяльнай адміністрацыі.

У 1905—1908 гг. у Індыі адбыўся ўздым нацыянальна-вызваленчага руху. Яго перадумовамі паслужылі ўзмацненне жорсткасці каланіяльнай дыктатуры віцэ-караля Індыі Д. Н. Керзона (1899—1905), штучнае тармажэнне брытанскім каланіяльным рэжымам развіцця нацыянальнай прамысловасці, збядненне сялян і рамеснікаў, голад 1905—1908 гг.

Нагодай да пачатку нацыянальна-вызваленчага руху стаў падзел у 1905 г. Бенгаліі на дзве правінцыі па рэлігійнай прыкмеце. Тыя, хто вызнаваў індуізм, аказаліся ў Заходняй Бенгаліі, ва Усходняй Бенгаліі — мусульмане. Гэта было зроблена для падрыву адзінства бенгальскай нацыі, якая знаходзілася ў авангардзе вызваленчага руху. Аднак вынік быў супрацьлеглым — у адказ пачаліся шматлікія мітынгі пратэсту па ўсёй краіне.

Самым распаўсюджаным метадам барацьбы стаў байкот англійскіх тавараў, які перарос у рух свадзешы (санскр. «з уласнай краіны») 1906—1911 гг. Акрамя байкоту бенгальскія патрыёты заклікалі да развіцця ўласнай вытворчасці, заахвочвання ручнога ткацтва і рамяства, а таксама да аднаўлення сельскай абшчыны на аснове індуісцкіх каштоўнасцей. Прыхільнікі свадзешы былі таксама ў ІНК. У 1906 г. на сесіі кангрэса ўпершыню ў Індыі прагучала патрабаванне свараджу, які разумеўся як самакіраванне ў складзе Вялікабрытаніі. З 1907 г. патрабаванне свараджу падхапіў рух свадзешы.

З мэтай падрыву нацыянальнага руху ў 1907 г. пры падтрымцы англічан была ўтворана Усеіндыйская мусульманская ліга, яе лідарам стаў Мухамад Алі Джына.

У 1908 г. быў арыштаваны лідар крайне правага крыла нацыянальна-вызваленчага руху Бал Гангадхар Цілак, пасля чаго па ўсёй Індыі пракацілася хваля мітынгаў, якія перарасталі ў сутыкненні з паліцыяй і войскамі. Апошнія прымянілі агнястрэльную зброю. Нацыянальна-вызваленчы рух быў жорстка задушаны, прайшлі шматлікія судовыя працэсы. Аднак трохгадовы вопыт нацыянальна-вызваленчай барацьбы стаў падмогай будучых антыкаланіяльных выступленняў у Індыі.

Пасля завяршэння Першай сусветнай вайны і перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі ў Расіі 1917 г. у Індыі склалася небяспечная для захавання брытанскага дамінавання рэвалюцыйная сітуацыя. У прадстаўленых на Версальскай канферэнцыі «14 пунктах» Вільсана народам было дадзена права на супраціўленне брытанскаму каланіялізму. Індыя ўдзельнічала ў вайне на баку Вялікабрытаніі і чакала за гэта ўзнагароды — атрымання незалежнасці.