§ 5-2. Грамадскія і палітычныя рухі
6. Ідэалогія нацыяналізму
Асноўнае паняцце ў гэтай ідэалогіі — «нацыя». З аднаго боку, яна разумеецца як этнічна адзінае згуртаванне. З іншага — як згуртаванне грамадзян, аб’яднаных агульнай дзяржаўнасцю. Сінонімамі выступаюць такія выразы, як «палітычная нацыя», «грамадзянская нацыя», гэта значыць гаворка ідзе не аб этнічным аб’яднанні, а аб грамадзянскім — па прыналежнасці да дзяржавы. Нацыя ў гэтым сэнсе можа быць і поліэтнічнай.
Нацыяналізм — гэта ідэалогія і практыка з пазіцыі перавагі ўласнай нацыянальнасці, этнічнасці. Нацыяналізм мае ў сабе пазітыўны пачатак тады, калі нацыянальнае будаўніцтва адбываецца ў інтарэсах этнічнай суполкі. Але пазітыўны і дапушчальны змест «за этнічна сваіх» неадрыўны ад другой часткі лагічнай формулы — «супраць этнічна іншых». Як паказвае гісторыя, гэта вядзе да трагічнага спаўзання да расізму і фашызму — да таго, што іншы этнас лічыцца больш нізкім, калі да яго можна ставіцца пагардліва, зняважліва, арганізоўваць дзяржаўнае ўладкаванне па тыпу апартэіду, сегрэгацыі і фашызму. Нацыяналізм супрацьлеглы ідэалогіі інтэрнацыяналізму, якая прапаведуе сяброўства і супрацоўніцтва паміж народамі і нацыямі.
Разбуральны патэнцыял нацыяналізму выявіўся менавіта ў эпоху імперыялізму, і перш за ўсё ў сувязі з сусветнай вайной 1914—1918 гг.