Печатать книгуПечатать книгу

§ 5-2. Грамадскія і палітычныя рухі

Ключавая ідэя: кансерватызм, лібералізм і сацыялізм па-свойму тлумачылі, якімі павінны быць дзяржава і грамадства.

Капіталістычнае грамадства стварыла перадумовы для ўтварэння шырокага спектра ідэалогій і палітычных партый, якія адстойвалі інтарэсы асобных класаў і грамадскіх груп.

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас
Книга: § 5-2. Грамадскія і палітычныя рухі
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 21 Ноябрь 2024, 23:03

1. Распаўсюджванне ідэй лібералізму ў Еўропе

Этымалагічна слова «лібералізм» утварылася ад слова «свабода». Пад лібералізмам разумеюць грамадска-палітычны кірунак, які абвяшчае непарушнасць правоў і індывідуальных свабод чалавека, выступае за мінімальнае ўмяшанне дзяржавы ў жыццё людзей. Першыя ліберальныя канцэпцыі з’явіліся ў эпоху Асветы ў работах Мантэск’ё, Лока, Вальтэра, Русо.

У «чыстым выглядзе» лібералізм ніколі не існаваў. У класавым грамадстве адносным правам свабоды заўсёды валодала пануючая меншасць.

У антычнасці свабоднымі былі тыя, хто валодаў палітычнымі правамі, а несвабоднымі былі рабы, гэта значыць ідэя свабоды спалучалася з рабаўладаннем. Італьянскія рэспублікі — Генуэзская, Венецыянская — з’яўляліся вядучымі цэнтрамі гандлю рабамі. У Новы час былі свабодныя арыстакраты, несвабодныя прыгонныя. Айцы-заснавальнікі ЗША — Вашынгтон, Джэферсан, Мэдысан — з’яўляліся ўладальнікамі буйнейшых рабаўласніцкіх плантацый. Гэта значыць права свабоды давалася толькі меншасцям. У XIX ст. у ЗША і іншых краінах рабства было адменена. З’явіліся новыя механізмы, па сутнасці, эканамічнага прымусу чалавека, узнікла новае разуменне свабоды і несвабоды па лініі «багатыя і бедныя».

Ідэалогія лібералізму актуалізавалася ў Еўропе ў XVIII—XIX стст. у працэсе крушэння феадалізму, у ходзе буржуазных рэвалюцый, якія прывялі да абмежавання свабод і прывілеяў феадальных вярхоў, каралеўскіх манаполій і царквы, да з’яўлення ў рэшце рэшт буржуазнага грамадства. Чалавек паступова ўцягваўся ў буржуазныя эканамічныя адносіны, прывучаўся асэнсоўваць свой прыватны, адасоблены інтарэс. Свабода ўласнасці была ўзведзена ў абсалют, то бок прадстаўлена як нешта ідэальнае і недатыкальна свяшчэннае.

Акрамя таго, лібералізм стаў мець на ўвазе і свабоду сумлення. Ён развіваўся праз зняцце сацыяльных абмежаванняў — рэлігіі, дзяржавы, народа як агульнасці і ў перспектыве сям’і.

Галоўную ролю ў станаўленні лібералізму ў XIX ст. адыгралі вучэнні французскага палітычнага дзеяча А. дэ Таквіля, брытанскага філосафа, сацыёлага і эканаміста Д. Міля, а таксама нямецкага філосафа і педагога В. фон Гумбальта.

Лібералізму супрацьлеглы кансерватызм (ад лац. conservo — захоўваю) — ідэалагічная прыхільнасць традыцыйным каштоўнасцям і парадкам, сацыяльным або рэлігійным дактрынам. Кансерватызм XIX ст. не здолеў супрацьстаяць рэфарматарству, ініцыятыва якога зыходзіла ад лібералаў.

 

2. Сацыяльныя заваёвы рабочых у другой палове XIX ст.

У сярэдзіне XIX ст. у найбольш развітых краінах Еўропы стала асабліва заўважнай класавая барацьба паміж пралетарыятам і буржуазіяй. Гэта добра відаць на прыкладзе паўстання ліёнскіх ткачоў у 1831 і 1834 гг., руху англійскіх чартыстаў у сярэдзіне 1830-х — пачатку 1850-х гг., паўстання ткачоў у Сілезіі ў 1844 г.

Да гэтага часу ў краінах Захаду налічвалася каля 20 млн наёмных рабочых. Яны ўяўлялі сабой вельмі сур’ёзную сацыяльную сілу, аб’яднаную сумеснай вытворчай дзейнасцю пад дахам адной фабрыкі або завода. Рабочыя ўсё больш усведамлялі свае класавые інтарэсы. Разам з эканамічнымі яны пачалі выстаўляць і палітычныя патрабаванні. Створаныя імі міжнародныя арганізацыі мелі на мэце змяненне дзяржаўнага ладу і заваяванне ўлады рабочым класам.

У другой палове XIX ст. рабочыя ва ўпартай барацьбе дабіліся ўвядзення васьмігадзіннага працоўнага дня, павышэння заработнай платы, паляпшэння ўмоў працы і побыту. З развіццём буржуазнай дэмакратыі пашыраліся выбарчыя правы. Рабочыя партыі скарысталіся гэтай акалічнасцю. Яны прымалі ўдзел у выбарах і праводзілі ў парламенты сваіх дэпутатаў.

У барацьбе за свае правы рабочыя абапіраліся на сацыялістычную ідэалогію.

3. Зараджэнне сацыялістычнай ідэалогіі.

Ідэалогія сацыялізму грунтавалася на ўяўленні аб чалавеку як грамадскай істоце, бо сутнасць чалавека раскрываецца толькі ў зносінах з іншымі людзьмі.

Сацыялізм (ад лац. Socialis — грамадскі) — грамадскае ўладкаванне, заснаванае на прынцыпе калектывізму і пераразмеркаванні матэрыяльных каштоўнасцей і багаццяў, створаных грамадствам у выніку працы. Ключавая ідэя сацыялізму — ідэя аб магчымасці пабудовы дзяржавы сацыяльнай справядлівасці і аказання сацыяльнай дапамогі — «ад кожнага — па магчымасцях, кожнаму — па працы». Сацыялізм заяўляе прыярытэт агульнага над прыватным. У гэтым сэнсе ён супрацьлеглы лібералізму.

Ідэі сацыялізму ўпершыню былі сфармуляваны ў ХVI—ХVII стст. Яны адлюстроўвалі стыхійны пратэст мас супраць эксплуатацыі ў перыяд першапачатковага накаплення капіталу. Узнікла тэорыя аб ідэальным уладкаванні грамадства, якая атрымала назву ўтапічнага сацыялізму (Т. Мор, Т. Кампанела).

У далейшым вялікі ўнёсак у сацыялістычную ідэалогію зрабілі сацыялісты-ўтапісты канца ХVIII — пачатку XIX ст. Сярод іх асаблівае месца займаюць Ш. Фур’е, К. А. дэ Сен-Сімон, Р. Оўэн, П.-Ж. Прудон і інш. Пры ўсім адрозненні іх поглядаў агульнае, што аб’ядноўвала сацыялістаў-ўтапістаў, гэта прызнанне непазбежнасці фарміравання грамадства, свабоднага ад эксплуатацыі чалавека чалавекам. Па іх перакананні, такое грамадства павінна быць заснавана на ўсеагульнай працы, гарантаваных правах і свабодах, матэрыяльным дастатку і высокай духоўнай культуры. Многія прыхільнікі сацыялізму бачылі ў ім ажыццяўленне запаведзяў Ісуса Хрыста і прадпісанняў агульначалавечай маралі.

Утапічны сацыялізм стаў адной з крыніц марксізму.

4. Узнікненне марксізму

У 1848 г. нямецкія філосафы К. Маркс і Ф. Энгельс апублікавалі «Маніфест камуністычнай партыі», у якім абвясцілі непазбежнасць гібелі капіталізму ад рук пралетарыяту.

Аўтары прапанавалі кароткую праграму пераходу ад капіталістычнай грамадскай фармацыі да камуністычнай:

  • экспрапрыяцыя зямельнай уласнасці і зварот зямельнай рэнты на пакрыццё дзяржаўных выдаткаў;
  • высокі прагрэсіўны падатак;
  • адмена права на спадчыну;
  • канфіскацыя маёмасці ўсіх эмігрантаў; цэнтралізацыя крэдыту ў руках дзяржавы пры дапамозе нацыянальнага банка з дзяржаўным капіталам і з выключнай манаполіяй;
  • цэнтралізацыя ўсяго транспарту ў руках дзяржавы;
  • павелічэнне колькасці дзяржаўных фабрык, прылад вытворчасці, расчыстка пад раллю і паляпшэнне зямель паводле агульнага плана;
  • аднолькавая для ўсіх абавязковасць працы, заснаванне прамысловых армій, асабліва для земляробства;
  • аб’яднанне земляробства з прамысловасцю, садзейнічанне паступовай ліквідацыі адрозненняў паміж горадам і вёскай; грамадскае і бясплатнае выхаванне ўсіх дзяцей, ліквідацыя фабрычнай працы дзяцей і г. д.

Змест праграмы сведчыць аб вялізным уплыве на яе ідэй утапічнага сацыялізму.

Так быў пакладзены пачатак новаму сацыялістычнаму вучэнню —марксізму.

На першы план у марксізме была пастаўлена ідэя несправядлівасці эксплуататарскага капіталістычнага грамадства, у якім меншасць насельніцтва прыгнятала большасць. Праграма пабудовы справядлівага грамадства, заснаванага на ўсеагульнай працы, гарантаваных правах і свабодах, грамадства, дзе адсутнічала б эксплуатацыя чалавека чалавекам, стала называцца камуністычнай. Яна выражала інтарэсы пралетарыяту, зацвярджала неабходнасць ліквідацыі капіталізму і ўсталявання дыктатуры пралетарыяту.

На базе марксізму ўзніклі два асноўныя кірункі — радыкальны (рэвалюцыйны) і рэвізіянісцкі (рэфармісцкі), за якім пазней замацавалася назва сацыял-дэмакратычнага.

Марксізм цалкам разышоўся з лібералізмам. Ідэя свабоды ў камуністычным грамадстве — гэта свабода ад эксплуатацыі, ад прывілеяў меншасцей у параўнанні з большасцю.

Асноўная каштоўнасць і навуковая навізна працы К. Маркса ў комплексным вывучэнні спецыфічнага тавару — рабочай сілы. Маркс вылучыў і асобна даследаваў прыбавачную вартасць як самастойную эканамічную з’яву. З дапамогай гэтага новага паняцця ён спрабаваў растлумачыць крыніцу і прыроду прыбытку на капітал, а таксама розныя формы эканамічнай эксплуатацыі.

Рухаючай сілай гісторыі К. Маркс лічыў «матэрыяльную вытворчасць» («базіс»), якая вызначае «надбудову» — сацыяльныя адносіны і форму грамадскай свядомасці. У залежнасці ад адносін да сродкаў вытворчасці члены грамадства падзелены на класы: рабаўладальнікі і рабы, феадалы і сяляне, буржуазія і пралетарыят. У ходзе класавай барацьбы найбольш магутны клас стварае дзяржаву, а таксама розныя формы ідэалогіі (уключаючы рэлігію, права і мастацтва) для таго, каб гэты клас мог панаваць над іншымі групамі грамадства. І выйсцем з сітуацыі капіталізму мог быць рэвалюцыйны пераход у бяскласавае грамадства, сутнасць якога выражае лозунг «Ад кожнага па здольнасцях або ад кожнага па магчымасцях — кожнаму па патрэбах». Чалавек можа быць хворы, нічога грамадству не аддаваць, тым не менш грамадства яго жыццё лічыць каштоўнасцю і прадастаўляе яму выгоды.

Дасягненне сацыяльнай справядлівасці бачылася К. Марксу ў ліквідацыі прыватнай уласнасці як асновы ўсялякай несправядлівасці. Наступная гістарычная практыка паказала, што і пры ліквідацыі прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці несправядлівасць усё роўна захоўваецца.

Сацыялізму супрацьлеглы капіталізм — уладкаванне чалавечай супольнасці, заснаванае на прынцыпах індывідуалізму, неабмежаванага прысваення, канкурэнцыі, дасягнення асабістых выгод, дамінавання грошай.

5. Стварэнне сацыялістычных партый. I і II Інтэрнацыяналы

У 1864 г. быў створаны марксісцкі I Інтэрнацыянал. Марксісты заснавалі сацыял-дэмакратычныя партыі, у якіх вылучаліся радыкальны, рэвалюцыйны кірункі і ўмераны, рэфармісцкі. У створаным у 1889 г. ІІ Інтэрнацыянале да пачатку 1900-х гг. пераважаў рэвалюцыйны пункт погляду. На кангрэсах прымаліся рашэнні аб немагчымасці саюзу з буржуазіяй, недапушчальнасці ўваходжання ў буржуазныя ўрады, выражаліся пратэсты супраць мілітарызму і вайны. Аднак у далейшым больш значную ролю ў Інтэрнацыянале сталі адыгрываць рэфармісты.

6. Ідэалогія нацыяналізму

Асноўнае паняцце ў гэтай ідэалогіі «нацыя». З аднаго боку, яна разумеецца як этнічна адзінае згуртаванне. З іншага — як згуртаванне грамадзян, аб’яднаных агульнай дзяржаўнасцю. Сінонімамі выступаюць такія выразы, як «палітычная нацыя», «грамадзянская нацыя», гэта значыць гаворка ідзе не аб этнічным аб’яднанні, а аб грамадзянскім — па прыналежнасці да дзяржавы. Нацыя ў гэтым сэнсе можа быць і поліэтнічнай.

Нацыяналізм — гэта ідэалогія і практыка з пазіцыі перавагі ўласнай нацыянальнасці, этнічнасці. Нацыяналізм мае ў сабе пазітыўны пачатак тады, калі нацыянальнае будаўніцтва адбываецца ў інтарэсах этнічнай суполкі. Але пазітыўны і дапушчальны змест «за этнічна сваіх» неадрыўны ад другой часткі лагічнай формулы — «супраць этнічна іншых». Як паказвае гісторыя, гэта вядзе да трагічнага спаўзання да расізму і фашызму — да таго, што іншы этнас лічыцца больш нізкім, калі да яго можна ставіцца пагардліва, зняважліва, арганізоўваць дзяржаўнае ўладкаванне па тыпу апартэіду, сегрэгацыі і фашызму. Нацыяналізм супрацьлеглы ідэалогіі інтэрнацыяналізму, якая прапаведуе сяброўства і супрацоўніцтва паміж народамі і нацыямі.

Разбуральны патэнцыял нацыяналізму выявіўся менавіта ў эпоху імперыялізму, і перш за ўсё ў сувязі з сусветнай вайной 1914—1918 гг.

Пытанні

1. Ахарактарызуйце асноўныя палітычныя ідэалогіі XIX ст., звярнуўшы асаблівую ўвагу на такія іх аспекты, як роля дзяржавы ў эканамічным жыцці і вырашэнні сацыяльных праблем, стаўленне да прыватнай уласнасці і грамадзянскіх свабод. Запоўніце табліцу.

2. Чаму лібералізм і кансерватызм захавалі свае пазіцыі да цяперашняга часу? Чым прыцягальныя ідэі сацыялізму? Чаму да сённяшняга дня ён застаецца папулярнай ідэалогіяй?

3. Вызначце цэнтральныя ідэі марксізму. У чым значнасць гэтай ідэалогіі для сучаснага свету?

4. Якую ролю ў развіцці рабочага руху адыгралі I і II Інтэрнацыяналы?

5. Якія шляхі паляпшэння становішча рабочага класа маглі прапанаваць: а) кансерватары; б) лібералы; в) сацыял-дэмакраты?

Прапануем абмеркаваць

Асаблівае меркаванне