§ 5-2. Грамадскія і палітычныя рухі
4. Узнікненне марксізму
У 1848 г. нямецкія філосафы К. Маркс і Ф. Энгельс апублікавалі «Маніфест камуністычнай партыі», у якім абвясцілі непазбежнасць гібелі капіталізму ад рук пралетарыяту.
Аўтары прапанавалі кароткую праграму пераходу ад капіталістычнай грамадскай фармацыі да камуністычнай:
- экспрапрыяцыя зямельнай уласнасці і зварот зямельнай рэнты на пакрыццё дзяржаўных выдаткаў;
- высокі прагрэсіўны падатак;
- адмена права на спадчыну;
- канфіскацыя маёмасці ўсіх эмігрантаў; цэнтралізацыя крэдыту ў руках дзяржавы пры дапамозе нацыянальнага банка з дзяржаўным капіталам і з выключнай манаполіяй;
- цэнтралізацыя ўсяго транспарту ў руках дзяржавы;
- павелічэнне колькасці дзяржаўных фабрык, прылад вытворчасці, расчыстка пад раллю і паляпшэнне зямель паводле агульнага плана;
- аднолькавая для ўсіх абавязковасць працы, заснаванне прамысловых армій, асабліва для земляробства;
- аб’яднанне земляробства з прамысловасцю, садзейнічанне паступовай ліквідацыі адрозненняў паміж горадам і вёскай; грамадскае і бясплатнае выхаванне ўсіх дзяцей, ліквідацыя фабрычнай працы дзяцей і г. д.
Змест праграмы сведчыць аб вялізным уплыве на яе ідэй утапічнага сацыялізму.
Так быў пакладзены пачатак новаму сацыялістычнаму вучэнню —марксізму.
На першы план у марксізме была пастаўлена ідэя несправядлівасці эксплуататарскага капіталістычнага грамадства, у якім меншасць насельніцтва прыгнятала большасць. Праграма пабудовы справядлівага грамадства, заснаванага на ўсеагульнай працы, гарантаваных правах і свабодах, грамадства, дзе адсутнічала б эксплуатацыя чалавека чалавекам, стала называцца камуністычнай. Яна выражала інтарэсы пралетарыяту, зацвярджала неабходнасць ліквідацыі капіталізму і ўсталявання дыктатуры пралетарыяту.
На базе марксізму ўзніклі два асноўныя кірункі — радыкальны (рэвалюцыйны) і рэвізіянісцкі (рэфармісцкі), за якім пазней замацавалася назва сацыял-дэмакратычнага.
Марксізм цалкам разышоўся з лібералізмам. Ідэя свабоды ў камуністычным грамадстве — гэта свабода ад эксплуатацыі, ад прывілеяў меншасцей у параўнанні з большасцю.
Асноўная каштоўнасць і навуковая навізна працы К. Маркса ў комплексным вывучэнні спецыфічнага тавару — рабочай сілы. Маркс вылучыў і асобна даследаваў прыбавачную вартасць як самастойную эканамічную з’яву. З дапамогай гэтага новага паняцця ён спрабаваў растлумачыць крыніцу і прыроду прыбытку на капітал, а таксама розныя формы эканамічнай эксплуатацыі.
Рухаючай сілай гісторыі К. Маркс лічыў «матэрыяльную вытворчасць» («базіс»), якая вызначае «надбудову» — сацыяльныя адносіны і форму грамадскай свядомасці. У залежнасці ад адносін да сродкаў вытворчасці члены грамадства падзелены на класы: рабаўладальнікі і рабы, феадалы і сяляне, буржуазія і пралетарыят. У ходзе класавай барацьбы найбольш магутны клас стварае дзяржаву, а таксама розныя формы ідэалогіі (уключаючы рэлігію, права і мастацтва) для таго, каб гэты клас мог панаваць над іншымі групамі грамадства. І выйсцем з сітуацыі капіталізму мог быць рэвалюцыйны пераход у бяскласавае грамадства, сутнасць якога выражае лозунг «Ад кожнага па здольнасцях або ад кожнага па магчымасцях — кожнаму па патрэбах». Чалавек можа быць хворы, нічога грамадству не аддаваць, тым не менш грамадства яго жыццё лічыць каштоўнасцю і прадастаўляе яму выгоды.
Дасягненне сацыяльнай справядлівасці бачылася К. Марксу ў ліквідацыі прыватнай уласнасці як асновы ўсялякай несправядлівасці. Наступная гістарычная практыка паказала, што і пры ліквідацыі прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці несправядлівасць усё роўна захоўваецца.
Сацыялізму супрацьлеглы капіталізм — уладкаванне чалавечай супольнасці, заснаванае на прынцыпах індывідуалізму, неабмежаванага прысваення, канкурэнцыі, дасягнення асабістых выгод, дамінавання грошай.