§ 5-2. Грамадскія і палітычныя рухі

3. Зараджэнне сацыялістычнай ідэалогіі.

Ідэалогія сацыялізму грунтавалася на ўяўленні аб чалавеку як грамадскай істоце, бо сутнасць чалавека раскрываецца толькі ў зносінах з іншымі людзьмі.

Сацыялізм (ад лац. Socialis — грамадскі) — грамадскае ўладкаванне, заснаванае на прынцыпе калектывізму і пераразмеркаванні матэрыяльных каштоўнасцей і багаццяў, створаных грамадствам у выніку працы. Ключавая ідэя сацыялізму — ідэя аб магчымасці пабудовы дзяржавы сацыяльнай справядлівасці і аказання сацыяльнай дапамогі — «ад кожнага — па магчымасцях, кожнаму — па працы». Сацыялізм заяўляе прыярытэт агульнага над прыватным. У гэтым сэнсе ён супрацьлеглы лібералізму.

Ідэі сацыялізму ўпершыню былі сфармуляваны ў ХVI—ХVII стст. Яны адлюстроўвалі стыхійны пратэст мас супраць эксплуатацыі ў перыяд першапачатковага накаплення капіталу. Узнікла тэорыя аб ідэальным уладкаванні грамадства, якая атрымала назву ўтапічнага сацыялізму (Т. Мор, Т. Кампанела).

У далейшым вялікі ўнёсак у сацыялістычную ідэалогію зрабілі сацыялісты-ўтапісты канца ХVIII — пачатку XIX ст. Сярод іх асаблівае месца займаюць Ш. Фур’е, К. А. дэ Сен-Сімон, Р. Оўэн, П.-Ж. Прудон і інш. Пры ўсім адрозненні іх поглядаў агульнае, што аб’ядноўвала сацыялістаў-ўтапістаў, гэта прызнанне непазбежнасці фарміравання грамадства, свабоднага ад эксплуатацыі чалавека чалавекам. Па іх перакананні, такое грамадства павінна быць заснавана на ўсеагульнай працы, гарантаваных правах і свабодах, матэрыяльным дастатку і высокай духоўнай культуры. Многія прыхільнікі сацыялізму бачылі ў ім ажыццяўленне запаведзяў Ісуса Хрыста і прадпісанняў агульначалавечай маралі.

Утапічны сацыялізм стаў адной з крыніц марксізму.