§ 5-2. Грамадскія і палітычныя рухі
1. Распаўсюджванне ідэй лібералізму ў Еўропе
Этымалагічна слова «лібералізм» утварылася ад слова «свабода». Пад лібералізмам разумеюць грамадска-палітычны кірунак, які абвяшчае непарушнасць правоў і індывідуальных свабод чалавека, выступае за мінімальнае ўмяшанне дзяржавы ў жыццё людзей. Першыя ліберальныя канцэпцыі з’явіліся ў эпоху Асветы ў работах Мантэск’ё, Лока, Вальтэра, Русо.
У «чыстым выглядзе» лібералізм ніколі не існаваў. У класавым грамадстве адносным правам свабоды заўсёды валодала пануючая меншасць.
У антычнасці свабоднымі былі тыя, хто валодаў палітычнымі правамі, а несвабоднымі былі рабы, гэта значыць ідэя свабоды спалучалася з рабаўладаннем. Італьянскія рэспублікі — Генуэзская, Венецыянская — з’яўляліся вядучымі цэнтрамі гандлю рабамі. У Новы час былі свабодныя арыстакраты, несвабодныя прыгонныя. Айцы-заснавальнікі ЗША — Вашынгтон, Джэферсан, Мэдысан — з’яўляліся ўладальнікамі буйнейшых рабаўласніцкіх плантацый. Гэта значыць права свабоды давалася толькі меншасцям. У XIX ст. у ЗША і іншых краінах рабства было адменена. З’явіліся новыя механізмы, па сутнасці, эканамічнага прымусу чалавека, узнікла новае разуменне свабоды і несвабоды па лініі «багатыя і бедныя».
Ідэалогія лібералізму актуалізавалася ў Еўропе ў XVIII—XIX стст. у працэсе крушэння феадалізму, у ходзе буржуазных рэвалюцый, якія прывялі да абмежавання свабод і прывілеяў феадальных вярхоў, каралеўскіх манаполій і царквы, да з’яўлення ў рэшце рэшт буржуазнага грамадства. Чалавек паступова ўцягваўся ў буржуазныя эканамічныя адносіны, прывучаўся асэнсоўваць свой прыватны, адасоблены інтарэс. Свабода ўласнасці была ўзведзена ў абсалют, то бок прадстаўлена як нешта ідэальнае і недатыкальна свяшчэннае.
Акрамя таго, лібералізм стаў мець на ўвазе і свабоду сумлення. Ён развіваўся праз зняцце сацыяльных абмежаванняў — рэлігіі, дзяржавы, народа як агульнасці і ў перспектыве сям’і.
Галоўную ролю ў станаўленні лібералізму ў XIX ст. адыгралі вучэнні французскага палітычнага дзеяча А. дэ Таквіля, брытанскага філосафа, сацыёлага і эканаміста Д. Міля, а таксама нямецкага філосафа і педагога В. фон Гумбальта.
Лібералізму супрацьлеглы кансерватызм (ад лац. conservo — захоўваю) — ідэалагічная прыхільнасць традыцыйным каштоўнасцям і парадкам, сацыяльным або рэлігійным дактрынам. Кансерватызм XIX ст. не здолеў супрацьстаяць рэфарматарству, ініцыятыва якога зыходзіла ад лібералаў.