§ 25-2. Стварэнне Еўрапейскага саюза

3. Праблемы і перспектывы развіцця

За гісторыю свайго існавання Еўрасаюз ажыццявіў серыю буйных інтэграцыйных праектаў, што дало яму магчымасць значна ўмацаваць сваю эканамічную магутнасць і палітычныя пазіцыі ў свеце.

Наступным этапам стала паглыбленне інтэграцыі, што ў большасці еўрапейскіх краін успрымалася як пагроза нацыянальнаму суверэнітэту. Гэта добра відаць на прыкладзе прыняцця агульнаеўрапейскай канстытуцыі.

Рашэнне аб яе стварэнні было прынята на саміце Еўрасаюза ў 2001 г. Спецыяльна створаны рабочы орган для яе распрацоўкі — Канвент — узначаліў былы прэзідэнт Францыі В. Ж. д’Эстэн. У 2004 г. ва ўрачыстай абстаноўцы кіраўнікі ўсіх 25 дзяржаў — членаў Еўрасаюза падпісалі ў Рыме новую еўрапейскую канстытуцыю. Заставалася ўсяго толькі ратыфікаваць яе ўсім краінам ЕС без выключэння, каб яна набыла моц. Аднак у 2005 г. на рэферэндумах у Францыі і Нідэрландах Канстытуцыя Еўрасаюза не была ратыфікавана. У сямі дзяржавах — членах ЕС, у тым ліку ў Даніі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Чэхіі, увогуле не праводзіліся галасаванне ў парламенце або рэферэндумы па канстытуцыі. Прычына правалу еўрапейскай канстытуцыі адна — істотнае абмежаванне суверэнітэту еўрасаюзных дзяржаў. Так, згодна з праектам канстытуцыі, Еўрапарламент ператвараўся ў паўнацэннага носьбіта заканадаўчай улады. Акрамя таго, адмова ад прынцыпу кансенсусу пазбаўляла кожную асобную дзяржаву «права вета».

Аднак на аснове праекта Канстытуцыі ЕС быў распрацаваны новы Дагавор аб рэформе — Лісабонскі, які быў падпісаны лідарамі ўсіх краін — членаў ЕС у 2007 г., а ў снежні 2009 г., у разгар эканамічнага крызісу, набыў моц. Згодна з гэтым дакументам спынілі існаванне Еўрапейская супольнасць і Еўратам. Еўрапейскі саюз стаў адзінай інтэграцыйнай структурай і атрымаў статус юрыдычнай асобы. У тэксце Лісабонскага дагавора не было фармулёвак наддзяржаўнага характару, як у Канстытуцыі ЕС, але ён істотна пашырыў паўнамоцтвы Еўрапарламента, з’явілася пасада старшыні Савета ЕС («прэзідэнта»), а таксама «міністра замежных спраў».

Па-за рамкамі асноватворнага дакумента адзінай Еўропы засталося згадванне аб хрысціянстве як аснове еўрапейскай цывілізацыі. Менавіта краіны ўсходнееўрапейскага рэгіёну — Польшча, Літва, Славакія і Чэхія— разам з Ватыканам, Італіяй, Іспаніяй, Партугаліяй і Мальтай у 2004 г. выказваліся супраць гэтага, калі гаворка ішла аб Прэамбуле да Канстытуцыі ЕС.

Крызіс 2008 г. яшчэ больш павялічыў разрыў ва ўзроўні эканамічнага развіцця паміж так званымі старой і новай Еўропай. Ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу ЕС адмовіўся ад многіх буйных праектаў па падтрыманні эканомікі краін усходнееўрапейскага рэгіёну, адбылося выцісканне заходнееўрапейскімі карпарацыямі нацыянальнага сектара прамысловасці і сельскай гаспадаркі гэтых краін.

У лютым 2017 г. Еўрапарламент падтрымаў рэзалюцыю аб узмацненні цэнтралізацыі Еўрапейскага саюза. У прыватнасці, ён выступіў за стварэнне пасады міністра фінансаў ЕС і агульнай еўрапейскай арміі. Але сёння абарончая структура Еўрасаюза па-ранейшаму абапіраецца на НАТА: размешчаныя ў Еўропе часці арміі ЗША, дамінуючае фінансаванне з боку ЗША, узбраенне, якое закупляецца ў асноўным у ЗША. Такім чынам, умацоўваць абарону і бяспеку еўрапейскія лідары плануюць у супрацоўніцтве з НАТА.

У выніку эканамічнага крызісу 2008 г., а таксама міграцыйнага крызісу, які ахапіў ЕС у 2011—2016 гг., у сувязі з выхадам з ЕС Вялікабрытаніі 1 лютага 2020 г. узрасла папулярнасць ідэй еўраскептыцызму. Эканамічны і дэмаграфічны крызіс, падзенне ўзроўню жыцця, рост беспрацоўя выклікаюць сацыяльны пратэст у Еўропе, які ў выніку міграцыі з краін Азіі і Афрыкі ператвараецца ў этнарэлігійны канфлікт.

25 сакавіка 2017 г. была падпісана Рымская дэкларацыя аб будучыні Еўрасаюза. У ліку прыярытэтаў лідары Еўрасаюза назвалі бяспеку, эканамічны рост, сацыяльную палітыку і моцныя пазіцыі ЕС на міжнароднай арэне.