§ 25-2. Стварэнне Еўрапейскага саюза
Ключавая ідэя: пасля Другой сусветнай вайны склаліся спрыяльныя ўмовы для практычнага ажыццяўлення ідэі еўрапейскага адзінства.
Пасля Другой сусветнай вайны актывізаваўся працэс еўрапейскай інтэграцыі. Эканамічная інтэграцыя ішла нашмат хутчэй, чым палітычная. У 1957 г. была створана Еўрапейская эканамічная супольнасць, і толькі ў 1993 г. адбылося афармленне наднацыянальнага еўрапейскага інстытута — Еўрапейскага саюза, які прадугледжваў акрамя эканамічнага таксама палітычнае аб’яднанне еўрапейскіх дзяржаў.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас |
Книга: | § 25-2. Стварэнне Еўрапейскага саюза |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 21 Ноябрь 2024, 22:32 |
1. Інтэграцыйныя працэсы і стварэнне Еўрапейскага саюза
У эканамічна-фінансавым сэнсе аб’яднанне Еўропы адбылося яшчэ ў ходзе Другой сусветнай вайны: нацыянальныя сегменты эканомікі былі пастаўлены пад кантроль нямецкага фінансавага капіталу. Ключавое значэнне мела захаванне моцных сувязей нямецкіх алігархаў і банкіраў Вялікабрытаніі і ЗША на аснове створанага ў 1930 г. Банка міжнародных разлікаў (БМР). Гэта быў прыватны банк, заснавальнікамі якога сталі цэнтральныя банкі Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Францыі, Японіі, а таксама група банкаў ЗША. Дагавор аб стварэнні БМР гарантаваў яго незалежнасць ад урадаў і падатакаабкладання як у мірны, так і ў ваенны час. Да пачатку Другой сусветнай вайны гэты банк цалкам перайшоў пад кантроль нацысцкай Германіі. Банк міжнародных разлікаў дзейнічаў на працягу ўсёй вайны і пасля яе завяршэння. У пасляваенны перыяд ён стаў еўрапейскім дапаможным органам Міжнароднага валютнага фонду. Рэгулюючая роля БМР асабліва ўзрасла ў перыяд стварэння Еўрасаюза і яго фінансавых органаў.
На гэтай эканамічнай і фінансавай аснове ўжо пасля вайны пачала будавацца палітычная еднасць Еўропы. На фоне пасляваеннай дыскрэдытацыі нацыяналізму еўраінтэграцыя грунтавалася на ідэі еўрапейскага наднацыянальнага федэратыўнага адзінства.
Рэгіянальная інтэграцыя ў Заходняй Еўропе ў другой палове XX ст. складвалася ва ўмовах фарміравання біпалярнай сістэмы міжнародных адносін і краху каланіялізму. Аб’яднаная Заходняя Еўропа была патрэбная ЗША як палітычны саюзнік у «халоднай вайне» супраць СССР, а таксама як рынак збыту тавараў і сфера інтарэсаў амерыканскіх транснацыянальных кампаній. Згодна з «планам Маршала» ў 1948—1951 гг. на тэрыторыю заходнееўрапейскіх краін не толькі пастаўляліся амерыканскія тавары на льготных умовах, але і адбывалася распаўсюджванне праамерыканскай ідэалогіі.
Прапановы па фарміраванні наднацыянальнага органа, якому дэлегаваліся паўнамоцтвы нацыянальных міністэрстваў у пытаннях вытворчасці стратэгічна важных тады вугалю і сталі і развіцця металургіі, былі распрацаваны вядомым французскім палітычным дзеячам Ж. Манэ, а агучыў іх пасля атрымання згоды ад канцлера ФРГ К. Адэнаўэра ў 1950 г. міністр замежных спраў Францыі Р. Шуман («план Шумана»). Гэта быў пачатак стварэння еўрапейскай федэрацыі на аснове «галіновага будаўніцтва».
Паспяховае прасоўванне эканамічнай інтэграцыі выклікала спробы распаўсюджвання інтэграцыйннага працэсу на палітычную і абарончую сферы. Ж. Манэ распрацоўваў і праект стварэння аб’яднанай еўрапейскай арміі пад наднацыянальным камандаваннем. На аснове гэтага плана ў 1950 г. было прапанавана стварыць Еўрапейскую абарончую супольнасць (ЕАС) у рамках НАТА. Пачалося таксама абмеркаванне праекта стварэння Еўрапейскага палітычнага саюза. Аднак гэтыя планы праваліліся. Парадаксальным чынам поспех эканамічнай інтэграцыі ў Еўропе быў звязаны з правалам інтэграцыі ў ваеннай сферы. У выніку да гэтага часу аб’яднаная Еўропа абапіраецца ў сферы абароны на атлантычную структуру — НАТА, а «еўрапейская армія» ўсё яшчэ ствараецца. Такім чынам забяспечваецца накіраванасць інтэграцыі пад кантролем ЗША.
2. Гісторыя пашырэння ЕС. Палітычнае ўладкаванне. Эканоміка
У выніку няўдалых спроб пабудовы наднацыянальнай еўрапейскай федэрацыі праз стварэнне Еўрапейскай абарончай супольнасці і Еўрапейскага палітычнага саюза еўраінтэграцыя стала абмяжоўвацца пераважна эканамічнай сферай. Пачаткам пасляваеннага працэсу эканамічнай еўрапейскай інтэграцыі прынята лічыць Дагавор аб еўрапейскім аб’яднанні вугалю і сталі (ЕАВС), падпісаны Францыяй, ФРГ, Бельгіяй, Італіяй, Нідэрландамі, Люксембургам у Парыжы ў 1951 г. тэрмінам на 50 гадоў, у рамках якога дзяржавы-ўдзельніцы ўпершыню на добраахвотнай аснове перадалі частку сваіх функцый наднацыянальнаму органу.
У 1957 г. тыя ж шэсць краін падпісалі ў Рыме два бестэрміновыя дагаворы — Дагавор аб Еўрапейскай эканамічнай супольнасці (ЕЭС) і Дагавор аб Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі (Еўратам), якая, як і ЕАВС, мела галіновы характар і была патрэбная для пераадолення адставання ад ЗША і СССР у ядзерных даследаваннях. З гэтымі арганізацыямі звязваліся планы па мадэрнізацыі эканомікі краін Заходняй Еўропы і пераходзе на новыя крыніцы энергіі. Ваенныя праграмы ў гэтай сферы дзейнасць Еўратама не закраналі. Па сутнасці, Рымскія дагаворы былі праграмай пабудовы агульнага рынку, які ахопліваў бы ўсе галіны эканомікі.
Стварэнне ЕАВС, ЕЭС і Еўратама азначалі сістэмныя змены ў міжнародных адносінах, паколькі гэта былі міжнародныя арганізацыі з элементамі наднацыянальных кампетэнцый. Абмежаванне нацыянальных суверэнітэтаў выклікала супрацьстаянне шэрагу еўрапейскіх палітыкаў. Генерал Ш. дэ Голь, які прыйшоў да ўлады ў Францыі ў 1958 г., імкнуўся не дапусціць далейшай рэалізацыі пан’еўрапейскага праекта федэралістаў, выкарыстоўваючы лозунг «Еўропа Айчын», гэта значыць суверэнных нацый. Ш. дэ Голь быў категарычна супраць далучэння да ЕЭС Вялікабрытаніі з-за яе цесных сувязей з ЗША і бачыў у франка-германскім саюзе апору «антыатлантысцкай» Еўропы. У 1963 г. быў падпісаны франка-германскі Елісейскі дагавор. І толькі ў 1969 г., пасля адстаўкі дэ Голя і прыходу на яго месца Ж. Пампіду, перамовы аб першым пашырэнні ЕЭС аднавіліся — у 1972 г. быў падпісаны Дагавор аб далучэнні Вялікабрытаніі, Даніі і Ірландыі.
Агульны рынак краін Заходняй Еўропы патрабаваў стварэння мытнага саюза. Першае пагадненне аб ліквідацыі пагранічнага кантролю на ўнутраных межах было падпісана ў Шэнгене Францыяй, ФРГ, Бельгіяй, Люксембургам, Нідэрландамі ў 1985 г.
У лютым 1992 г. на аснове трох дагавораў — аб заснаванні ЕАВС, ЕЭС і Еўратама — быў падпісаны Маастрыхцкі дагавор аб утварэнні Еўрапейскага саюза, які набыў моц у лістападзе 1993 г. і прадугледжваў замацаванне эканамічнага, валютнага і палітычнага саюза, узмацненне ролі наднацыянальных інстытутаў у сферы знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі.
Маастрыхцкі дагавор дазволіў вырашыць пытанне аб удзеле рэгіёнаў у працы Супольнасці. У 1994 г. быў створаны Камітэт рэгіёнаў, які валодаў правам палітычнай і заканадаўчай ініцыятывы. Разам з Саветам ЕС, Еўрапейскім парламентам і Еўракамісіяй Камітэт рэгіёнаў можа стаць галоўным інстытутам ЕС, а ў выпадку рэформы Еўрапарламента будзе ператвораны ў яго верхнюю палату.
У 1998 г. быў створаны Еўрапейскі цэнтральны банк. У 1999 г. пачаўся пераход да адзінай еўрапейскай грашовай адзінкі — еўра — спачатку ў безнаяўным абароце. Амстэрдамскі дагавор, які набыў моц у 1999 г., пашырыў сферу кампетэнцыі наднацыянальных структур ЕС, Еўрапарламента і Еўракамісіі. З 2002 г. еўра паступіў у наяўны зварот і з 1 сакавіка 2002 г. цалкам замяніў нацыянальныя валюты ў краінах еўразоны.
Вайна ў Югаславіі дала штуршок паскарэнню працэсу заходнееўрапейскай інтэграцыі краін Усходняй Еўропы. У 2004—2013 гг. адбылося буйнейшае пашырэнне Еўрапейскага саюза, як па далучанай тэрыторыі, так і па колькасці насельніцтва.
3. Праблемы і перспектывы развіцця
За гісторыю свайго існавання Еўрасаюз ажыццявіў серыю буйных інтэграцыйных праектаў, што дало яму магчымасць значна ўмацаваць сваю эканамічную магутнасць і палітычныя пазіцыі ў свеце.
Наступным этапам стала паглыбленне інтэграцыі, што ў большасці еўрапейскіх краін успрымалася як пагроза нацыянальнаму суверэнітэту. Гэта добра відаць на прыкладзе прыняцця агульнаеўрапейскай канстытуцыі.
Рашэнне аб яе стварэнні было прынята на саміце Еўрасаюза ў 2001 г. Спецыяльна створаны рабочы орган для яе распрацоўкі — Канвент — узначаліў былы прэзідэнт Францыі В. Ж. д’Эстэн. У 2004 г. ва ўрачыстай абстаноўцы кіраўнікі ўсіх 25 дзяржаў — членаў Еўрасаюза падпісалі ў Рыме новую еўрапейскую канстытуцыю. Заставалася ўсяго толькі ратыфікаваць яе ўсім краінам ЕС без выключэння, каб яна набыла моц. Аднак у 2005 г. на рэферэндумах у Францыі і Нідэрландах Канстытуцыя Еўрасаюза не была ратыфікавана. У сямі дзяржавах — членах ЕС, у тым ліку ў Даніі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Чэхіі, увогуле не праводзіліся галасаванне ў парламенце або рэферэндумы па канстытуцыі. Прычына правалу еўрапейскай канстытуцыі адна — істотнае абмежаванне суверэнітэту еўрасаюзных дзяржаў. Так, згодна з праектам канстытуцыі, Еўрапарламент ператвараўся ў паўнацэннага носьбіта заканадаўчай улады. Акрамя таго, адмова ад прынцыпу кансенсусу пазбаўляла кожную асобную дзяржаву «права вета».
Аднак на аснове праекта Канстытуцыі ЕС быў распрацаваны новы Дагавор аб рэформе — Лісабонскі, які быў падпісаны лідарамі ўсіх краін — членаў ЕС у 2007 г., а ў снежні 2009 г., у разгар эканамічнага крызісу, набыў моц. Згодна з гэтым дакументам спынілі існаванне Еўрапейская супольнасць і Еўратам. Еўрапейскі саюз стаў адзінай інтэграцыйнай структурай і атрымаў статус юрыдычнай асобы. У тэксце Лісабонскага дагавора не было фармулёвак наддзяржаўнага характару, як у Канстытуцыі ЕС, але ён істотна пашырыў паўнамоцтвы Еўрапарламента, з’явілася пасада старшыні Савета ЕС («прэзідэнта»), а таксама «міністра замежных спраў».
Па-за рамкамі асноватворнага дакумента адзінай Еўропы засталося згадванне аб хрысціянстве як аснове еўрапейскай цывілізацыі. Менавіта краіны ўсходнееўрапейскага рэгіёну — Польшча, Літва, Славакія і Чэхія— разам з Ватыканам, Італіяй, Іспаніяй, Партугаліяй і Мальтай у 2004 г. выказваліся супраць гэтага, калі гаворка ішла аб Прэамбуле да Канстытуцыі ЕС.
Крызіс 2008 г. яшчэ больш павялічыў разрыў ва ўзроўні эканамічнага развіцця паміж так званымі старой і новай Еўропай. Ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу ЕС адмовіўся ад многіх буйных праектаў па падтрыманні эканомікі краін усходнееўрапейскага рэгіёну, адбылося выцісканне заходнееўрапейскімі карпарацыямі нацыянальнага сектара прамысловасці і сельскай гаспадаркі гэтых краін.
У лютым 2017 г. Еўрапарламент падтрымаў рэзалюцыю аб узмацненні цэнтралізацыі Еўрапейскага саюза. У прыватнасці, ён выступіў за стварэнне пасады міністра фінансаў ЕС і агульнай еўрапейскай арміі. Але сёння абарончая структура Еўрасаюза па-ранейшаму абапіраецца на НАТА: размешчаныя ў Еўропе часці арміі ЗША, дамінуючае фінансаванне з боку ЗША, узбраенне, якое закупляецца ў асноўным у ЗША. Такім чынам, умацоўваць абарону і бяспеку еўрапейскія лідары плануюць у супрацоўніцтве з НАТА.
У выніку эканамічнага крызісу 2008 г., а таксама міграцыйнага крызісу, які ахапіў ЕС у 2011—2016 гг., у сувязі з выхадам з ЕС Вялікабрытаніі 1 лютага 2020 г. узрасла папулярнасць ідэй еўраскептыцызму. Эканамічны і дэмаграфічны крызіс, падзенне ўзроўню жыцця, рост беспрацоўя выклікаюць сацыяльны пратэст у Еўропе, які ў выніку міграцыі з краін Азіі і Афрыкі ператвараецца ў этнарэлігійны канфлікт.
25 сакавіка 2017 г. была падпісана Рымская дэкларацыя аб будучыні Еўрасаюза. У ліку прыярытэтаў лідары Еўрасаюза назвалі бяспеку, эканамічны рост, сацыяльную палітыку і моцныя пазіцыі ЕС на міжнароднай арэне.
Пытанні
1. Дакажыце, што ідэя адзінага еўрапейскага саюзу існавала з часоў антычнасці. Прывядзіце гістарычныя прыклады. Растлумачце, чаму гэтая ідэя такая прыцягальная для еўрапейцаў.
2. Якія мэты імкнуліся ажыццявіць дзяржавы Еўропы, ствараючы Еўрапейскі саюз? Чым кіруюцца краіны, уступаючы ў ЕС? Як падзеі, што адбываліся ў свеце, уплывалі на яго развіццё?
3. Якія станоўчыя аспекты інтэграцыі еўрапейскіх краін у адзіную арганізацыю? Ці існуюць рознагалоссі паміж дзяржавамі — членамі ЕС?
4. Складзіце абагульненую характарыстыку Еўрапейскага саюза: а) абвешчаныя мэты стварэння; б) краіны-ўдзельніцы; в) афіцыйныя мовы; г) афіцыйныя сімвалы; д) тры асноватворныя кірункі палітыкі («тры апоры»); е) інстытуты ЕС.
5. Ці можна Brexit разглядаць як крызіс ЕС? Чаму перыядычна ўзнікаюць ідэі еўраскептыцызму? Чым кіруецца шэраг еўрапейскіх краін, якія не жадаюць уступаць у Еўрасаюз?
6. Якія існуюць праблемы ў дзейнасці ЕС? З якімі праблемамі сутыкаецца Еўрасаюз сёння?