§ 25-1. Заходняя Еўропа

4. Неакансерватыўная палітыка 1980—1990-х гг.

Урады ў Еўропе перайшлі да палітыкі «жорсткай эканоміі» і тэорыі манетарызму амерыканскага эканаміста М. Фрыдмана, згодна з якой роля дзяржавы ў эканоміцы павінна быць мінімальнай, зводзячыся да контролю за зваротам грашовай масы. Краіны Захаду перайшлі да неакансерватыўнай палітыкі. Галоўнымі яе прадстаўнікамі з’яўляліся прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі М. Тэтчар і прэзідэнт ЗША Р. Рэйган. Палітыка, якую яны праводзілі, атрымала назву «тэтчарызму» і «рэйганомікі» адпаведна. Яна характарызавалася зніжэннем ролі дзяржавы ў эканоміцы, згортваннем сацыяльных праграм, спыненнем дзяржаўнага датавання прадпрыемстваў, іх прыватызацыяй і зніжэннем падаткаў для бізнесу. Гэтыя меры прывялі да паглыблення сацыяльнага расслаення і росту беспрацоўя, ударылі па бяднейшых групах насельніцтва.