§ 25-1. Заходняя Еўропа
Ключавая ідэя: аднавіўшы сваю эканоміку і дэмакратычныя інстытуты пасля Другой сусветнай вайны, краіны Заходняй Еўропы перайшлі да пабудовы постіндустрыяльнага грамадства.
З дапамогай плана Маршала заходнееўрапейскія краіны адносна хутка ліквідавалі разбуральныя наступствы Другой сусветнай вайны — аднавілі прамысловасць, сельскую гаспадарку і транспартную сетку, знішчаныя вайной. У 1950-я гг. эканоміка заходнееўрапейскіх дзяржаў перажывала ўжо сапраўдны бум.
У палітычным жыцці правыя партыі, якія раней падтрымлівалі фашызм, былі дыскрэдытаваныя. У Францыі, Італіі і Германіі камуністы і сацыялісты (левыя партыі) часта ўзначальвалі супраціўленне нацызму. Па гэтай прычыне многія пасляваенныя ўрады праводзілі палітыку, якая была б ухвалена левымі.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас |
Книга: | § 25-1. Заходняя Еўропа |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 21 Ноябрь 2024, 23:10 |
1. Эканамічны ўздым 1950-х гг.
Эканамічны ўздым у Еўропе ў 1950-я гг. адбыўся ў выніку рэалізацыі плана Маршала, дзякуючы амерыканскай дапамозе, што паступала ў 1948—1952 гг. Карыстаючыся ёю еўрапейцы сталі ствараць міжнародныя прадпрыемствы.
Другі важны фактар пасляваеннага эканамічнага росту — прыток мігрантаў з былых калоній у метраполіі. Такім чынам, сфарміраваліся два асноўныя складнікі аднаўлення разбуранай у ходзе Другой сусветнай вайны эканомікі — інвестыцыі і танныя рабочыя рукі.
Эканамічны рост у Еўропе абапіраўся на кейнсіянскую эканамічную мадэль развіцця, якая стала вельмі папулярнай. Згодна з ёй дзяржава павінна актыўна ўмешвацца ў эканоміку шляхам крэдытавання насельніцтва, такім чынам стымулюючы яго эканамічную актыўнасць. У выніку на фоне росту вытворчасці аўтамабілей, бытавой тэхнікі стала зараджацца грамадства спажывання.
Акрамя таго, для 1950-х гг. характэрныя рост урбанізацыі, падзенне долі сельскай гаспадаркі ў структуры эканомікі, павелічэнне долі сферы паслуг і навукова-тэхнічная рэвалюцыя, у выніку якой навука стала фактарам вытворчасці. Гэты перыяд таксама характарызуецца ростам сацыяльнай абароненасці насельніцтва з боку дзяржавы, павышэннем ролі дзяржаўных структур у жыцці грамадства, ростам прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, палітыкай індустрыялізацыі, нацыяналізацыяй ключавых сектараў эканомікі, увядзеннем дзяржаўнага планавання, а таксама спрыяльнай міжнароднай эканамічнай кан’юнктурай.
2. «Дзяржава ўсеагульнага дабрабыту»
Галоўнай задачай левых партый было стварэнне «дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту». У ёй павінна была захоўвацца большасць рыс капіталістычнай (рыначнай) гаспадаркі, але пры гэтым на ўрад ускладалася адказнасць за сацыяльна-эканамічную забяспечанасць свайго народа. Канцэпцыя «дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту» вядомая з канца XIX ст., калі некаторыя еўрапейскія ўрады праводзілі рэформы, накіраваныя на змякчэнне адмоўных з’яў прамысловай эпохі. Германія, Вялікабрытанія і іншыя краіны забаранілі выкарыстанне працы дзяцей, кантралявалі бяспеку працы шахцёраў, адкрылі бясплатныя школы, увялі грашовую дапамогу па беспрацоўі і пенсіі па ўзросце.
Пасля Другой сусветнай вайны ўрады заходнееўрапейскіх дзяржаў пашырылі гэтыя праграмы. І сярэдні клас, і маламаёмныя групы насельніцтва атрымалі доступ да аховы здароўя, грашовую дапамогу па беспрацоўі, пенсіі па ўзросце, а кожнаму стараннаму вучню давалася магчымасць паступіць у каледж. Іншыя праграмы былі накіраваны на аказанне дапамогі бедным і стварэнне эканамічных магчымасцей для людзей з мэтай дапамогі ім у цяжкія часы. Але фарміраванне «дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту» каштавала дорага, а значыць патрабавала большага дзяржаўнага рэгулявання і ўвядзення новых падаткаў.
Сацыялісты падтрымлівалі канцэпцыю ўсеагульнага дабрабыту і ўзмацненне ролі дзяржавы ў эканоміцы. У Англіі, Францыі і іншых краінах урады нацыяналізавалі асноўныя галіны прамысловасці: чыгункі, авіякампаніі, банкі, вугальныя шахты, сталеліцейныя прадпрыемствы і ядзерную энергетыку. Кансерватары пратэставалі супраць такой палітыкі.
3. Хваляванні і перамены 1960—1970-х гг.
Перыяд 1945—1974 гг. у Еўропе прынята называць часам эканамічнага росту, або «славутым трыццацігоддзем». Пасля Другой сусветнай вайны рост забяспечанага сярэдняга класа садзейнічаў фарміраванню і канчатковаму замацаванню філасофіі спажывання, гэта значыць першачарговага матэрыяльнага паляпшэння жыцця.
Эканамічны рост разам з імклівым тэхнічным прагрэсам, паляпшэннем медыцынскага абслугоўвання, павышэннем узроўню жыцця прывёў да пасляваеннага дэмаграфічнага ўсплёску, зніжэння дзіцячай смяротнасці. Усё гэта плюс дэкаланізацыя выклікала рост колькасці насельніцтва і ўзрастанне ўдельнай вагі моладзі ў яго складзе.
Да «бэбі-буму» ніводнае пакаленне не зазнавала на сабе вынікі такіх хуткіх грамадскіх трансфармацый. Другая палова 1960-х гг. стала складаным пераходным перыядам ад традыцыйнага грамадства да каштоўнасцей новага пакалення: старыя грамадскія структуры разбураліся, а новыя яшчэ не былі створаны, што таксама стала адной з прычын антыбюракратычнай і антыаўтарытарнай «студэнцкай культурнай рэвалюцыі» 1968 г. Ліцэісты і студэнты імкнуліся стаць самастойнымі грамадзянамі, патрабавалі паўнацэннага ўдзелу ў сацыяльным жыцці і ў кіраванні адукацыяй. На гэтай глебе ўзніклі так званыя «новыя левыя». Гэта быў кірунак у палітыцы, які выступаў з пазіцый сацыяльнай справядлівасці, крытыкаваў капіталізм, але супрацьпастаўляў сябе камуністам і сацыял-дэмакратам — «старым левым».
У Еўропе стала распаўсюджвацца культура «маладзёжнага авангарду», якая ўзнікла ў ЗША і была апісана Д. Сэлінджарам у рамане «Над безданню ў жыце». Для яе быў характэрны пратэст супраць спажывецкага стаўлення да жыцця, капіталістычнага прагрэсу і грамадства спажывання, якія не прыносілі духоўнага і інтэлектуальнага развіцця. Гэтая культура, а таксама згасанне пасляваеннага эканамічнага ўздыму ў канцы 1960-х гг. прывялі да выступленняў студэнтаў, найбольш магутныя з якіх адбыліся ў 1968 г. у Францыі і вядомыя як «Чырвоны май».
Французскія студэнты выступілі супраць сацыяльнай дыскрымінацыі ў ВНУ і арганізацыі жыцця ва ўніверсітэцкіх кампусах, хібаў у методыцы выкладання, «тэхнакратычнага» ўніверсітэта, створанага галісцкімі рэформамі. Прэзідэнт Ш. дэ Голь ледзь не згубіў кантроль над краінай. У сутыкненнях з паліцыяй сотні людзей былі паранены, два чалавекі загінулі. Францыя апынулася на мяжы грамадзянскай вайны.
Гэтыя падзеі выклікалі сацыяльна-палітычны крызіс у краіне і сталі прыкладам для «новых левых» ва ўсіх краінах Захаду, падобныя выступленні моладзі і прадстаўнікоў сярэдняга класа праходзілі ў Італіі, Германіі і ЗША. Антываенная дэманстрацыя бяззбройных студэнтаў Кентскага ўніверсітэта (ЗША) 4 мая 1970 г. скончылася трагедыяй. Падраздзяленне Нацыянальнай гвардыі пачала страляць па натоўпе. Расстрэл бяззбройных студэнтаў выклікаў хвалю пратэстаў у амерыканскіх універсітэтах. У агульнанацыянальнай студэнцкай забастоўцы ўдзельнічалі 4 млн студэнтаў.
Студэнты сталі носьбітамі новай індывідуалістычнай, нерэлігійнай грамадскай псіхалогіі, якая адпавядала эканамічнай мадэрнізацыі краіны і супрацьстаяла традыцыйнаму каталіцкаму, сялянска-буржуазнаму менталітэту. Гэта прывяло да парушэння «маральнага коду», або маральных правіл, якія раней вызначалі ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей. Вынікі гэтага працэсу выдатна апісаў амерыканскі сацыёлаг І. Валерстайн: «Гэтыя рухі ўспыхнулі і адгарэлі гэтак жа ярка і гэтак жа дымна, як порах, не пакінуўшы і следу. Але калі яны адгарэлі, аказалася, што асновы патрыярхальнага аўтарытарнага грамадства згарэлі і апаліліся знутры».
У 1974 г. Еўропа ўступіла ў доўгі перыяд эканамічнага крызісу, звязанага з замаруджваннем глабальнага эканамічнага росту, што прывяло да ўзмацнення інфляцыі, абвастрэння канкурэнцыі на рынку працы, беспрацоўя, якое асабліва закранула моладзь. У выніку нафтавага крызісу 1973—1975 гг. еўрапейскія краіны ўслед за ЗША сталі адмаўляцца ад кейнсіянскай мадэлі развіцця, дзе важная роля адводзілася дзяржаве.
4. Неакансерватыўная палітыка 1980—1990-х гг.
Урады ў Еўропе перайшлі да палітыкі «жорсткай эканоміі» і тэорыі манетарызму амерыканскага эканаміста М. Фрыдмана, згодна з якой роля дзяржавы ў эканоміцы павінна быць мінімальнай, зводзячыся да контролю за зваротам грашовай масы. Краіны Захаду перайшлі да неакансерватыўнай палітыкі. Галоўнымі яе прадстаўнікамі з’яўляліся прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі М. Тэтчар і прэзідэнт ЗША Р. Рэйган. Палітыка, якую яны праводзілі, атрымала назву «тэтчарызму» і «рэйганомікі» адпаведна. Яна характарызавалася зніжэннем ролі дзяржавы ў эканоміцы, згортваннем сацыяльных праграм, спыненнем дзяржаўнага датавання прадпрыемстваў, іх прыватызацыяй і зніжэннем падаткаў для бізнесу. Гэтыя меры прывялі да паглыблення сацыяльнага расслаення і росту беспрацоўя, ударылі па бяднейшых групах насельніцтва.
Пытанні
1. Дайце азначэнне паняцця «дзяржава ўсеагульнага дабрабыту». Якія яе асноўныя прыкметы?
2. Вызначце асновы заходняга грамадства, устаноўленыя пасля Другой сусветнай вайны, якія дазваляюць вырашаць многія сацыяльна-эканамічныя, палітычныя і культурныя праблемы сучаснага свету.
3. Чаму павышэнне коштаў на нафту ў 1970-я гг. прывяло да энергетычнага крызісу? Па якой прычыне сучасны свет гэтак залежыць ад здабычы нафты?
4. Пакажыце прычыны пераходу да неакансерватыўнай палітыкі. Якія рысы яе характарызуюць? Чаму ўнутраная палітыка неакансерватараў атрымала значную падтрымку ў прадпрымальнікаў, фермераў, асоб вольных прафесій, пенсіянераў, а таксама немалой часткі рабочых і служачых?
5. Аднаўленне эканомікі пасля вайны абапіралася на кейнсіянскую эканамічную мадэль, тэарэтычнай асновай неакансерватызму паслужыла манетарная сістэма М. Фрыдмана. У чым прынцыповае адрозненне гэтых тэорый?
6. Многія даследчыкі лічаць, што Захад, ідучы па шляху ўсё большага дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў жыццё грамадства і пабудовы «дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту», рухаецца ў бок сацыялізму. Ці згодныя вы з гэтым сцвярджэннем? Аргументуйце свой адказ.