§ 25-1. Заходняя Еўропа

3. Хваляванні і перамены 1960—1970-х гг.

Перыяд 1945—1974 гг. у Еўропе прынята называць часам эканамічнага росту, або «славутым трыццацігоддзем». Пасля Другой сусветнай вайны рост забяспечанага сярэдняга класа садзейнічаў фарміраванню і канчатковаму замацаванню філасофіі спажывання, гэта значыць першачарговага матэрыяльнага паляпшэння жыцця.

Эканамічны рост разам з імклівым тэхнічным прагрэсам, паляпшэннем медыцынскага абслугоўвання, павышэннем узроўню жыцця прывёў да пасляваеннага дэмаграфічнага ўсплёску, зніжэння дзіцячай смяротнасці. Усё гэта плюс дэкаланізацыя выклікала рост колькасці насельніцтва і ўзрастанне ўдельнай вагі моладзі ў яго складзе.

Да «бэбі-буму» ніводнае пакаленне не зазнавала на сабе вынікі такіх хуткіх грамадскіх трансфармацый. Другая палова 1960-х гг. стала складаным пераходным перыядам ад традыцыйнага грамадства да каштоўнасцей новага пакалення: старыя грамадскія структуры разбураліся, а новыя яшчэ не былі створаны, што таксама стала адной з прычын антыбюракратычнай і антыаўтарытарнай «студэнцкай культурнай рэвалюцыі» 1968 г. Ліцэісты і студэнты імкнуліся стаць самастойнымі грамадзянамі, патрабавалі паўнацэннага ўдзелу ў сацыяльным жыцці і ў кіраванні адукацыяй. На гэтай глебе ўзніклі так званыя «новыя левыя». Гэта быў кірунак у палітыцы, які выступаў з пазіцый сацыяльнай справядлівасці, крытыкаваў капіталізм, але супрацьпастаўляў сябе камуністам і сацыял-дэмакратам — «старым левым».

У Еўропе стала распаўсюджвацца культура «маладзёжнага авангарду», якая ўзнікла ў ЗША і была апісана Д. Сэлінджарам у рамане «Над безданню ў жыце». Для яе быў характэрны пратэст супраць спажывецкага стаўлення да жыцця, капіталістычнага прагрэсу і грамадства спажывання, якія не прыносілі духоўнага і інтэлектуальнага развіцця. Гэтая культура, а таксама згасанне пасляваеннага эканамічнага ўздыму ў канцы 1960-х гг. прывялі да выступленняў студэнтаў, найбольш магутныя з якіх адбыліся ў 1968 г. у Францыі і вядомыя як «Чырвоны май».

Французскія студэнты выступілі супраць сацыяльнай дыскрымінацыі ў ВНУ і арганізацыі жыцця ва ўніверсітэцкіх кампусах, хібаў у методыцы выкладання, «тэхнакратычнага» ўніверсітэта, створанага галісцкімі рэформамі. Прэзідэнт Ш. дэ Голь ледзь не згубіў кантроль над краінай. У сутыкненнях з паліцыяй сотні людзей былі паранены, два чалавекі загінулі. Францыя апынулася на мяжы грамадзянскай вайны.

Гэтыя падзеі выклікалі сацыяльна-палітычны крызіс у краіне і сталі прыкладам для «новых левых» ва ўсіх краінах Захаду, падобныя выступленні моладзі і прадстаўнікоў сярэдняга класа праходзілі ў Італіі, Германіі і ЗША. Антываенная дэманстрацыя бяззбройных студэнтаў Кентскага ўніверсітэта (ЗША) 4 мая 1970 г. скончылася трагедыяй. Падраздзяленне Нацыянальнай гвардыі пачала страляць па натоўпе. Расстрэл бяззбройных студэнтаў выклікаў хвалю пратэстаў у амерыканскіх універсітэтах. У агульнанацыянальнай студэнцкай забастоўцы ўдзельнічалі 4 млн студэнтаў.

Студэнты сталі носьбітамі новай індывідуалістычнай, нерэлігійнай грамадскай псіхалогіі, якая адпавядала эканамічнай мадэрнізацыі краіны і супрацьстаяла традыцыйнаму каталіцкаму, сялянска-буржуазнаму менталітэту. Гэта прывяло да парушэння «маральнага коду», або маральных правіл, якія раней вызначалі ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей. Вынікі гэтага працэсу выдатна апісаў амерыканскі сацыёлаг І. Валерстайн: «Гэтыя рухі ўспыхнулі і адгарэлі гэтак жа ярка і гэтак жа дымна, як порах, не пакінуўшы і следу. Але калі яны адгарэлі, аказалася, што асновы патрыярхальнага аўтарытарнага грамадства згарэлі і апаліліся знутры».

У 1974 г. Еўропа ўступіла ў доўгі перыяд эканамічнага крызісу, звязанага з замаруджваннем глабальнага эканамічнага росту, што прывяло да ўзмацнення інфляцыі, абвастрэння канкурэнцыі на рынку працы, беспрацоўя, якое асабліва закранула моладзь. У выніку нафтавага крызісу 1973—1975 гг. еўрапейскія краіны ўслед за ЗША сталі адмаўляцца ад кейнсіянскай мадэлі развіцця, дзе важная роля адводзілася дзяржаве.