§ 31. Асноўныя тэндэнцыі развіцця культуры другой паловы ХХ — пачатку ХХІ ст.
7. Архітэктура
У пасляваеннай архітэктуры далейшае развіццё атрымаў функцыяналізм. Важнейшы з яго прынцыпаў заключаўся ў тым, што архітэктурная форма павінна вызначацца практычным прызначэннем збудавання. Выбітнымі архітэктарамі гэтага кірунку былі Ш. Э. Ле Карбюзье (Францыя), Х. Меер (Англія), Я. Ауд (Нідэрланды), Л. Коста і О. Німеер (Бразілія), К. Танге (Японія). Смелым архітэктурным эксперыментам другой паловы ХХ ст. стала будаўніцтва новай сталіцы Бразіліі — горада Бразіліа (па праекце Косты і Німеера). Сур’ёзныя недахопы функцыяналізму — спрошчаны падыход да вырашэння праблемы чалавечых зносін у гарадскіх умовах, недаацэнка мясцовых і нацыянальных традыцый. Спрабуючы надаць функцыяналізму новае дыханне, частка архітэктараў сталі ўзводзіць будынкі, агаляючы іх першааснову ў выглядзе камунікацый і сістэмы інжынернага абсталявання. Самым вядомым такім збудаваннем з’яўляецца Нацыянальны цэнтр мастацтва і культуры імя Ж. Пампіду ў Парыжы (1972).
У сярэдзіне 1970-х гг. на змену функцыяналізму прыйшоў постмадэрн. Яго творчы метад засноўваўся на кантрасным злучэнні архітэктурных форм мінулых стагоддзяў з элементамі функцыяналізму.
У СССР і ў краінах Усходняй Еўропы да сярэдзіны 1960-х гг. панаваў неакласіцызм. Нягледзячы на пампезныя і цяжкія архітэктурныя формы, багацце дэкору і падкрэслена ідэалагічны змест, у яго рамках ствараліся арыгінальныя збудаванні. У духу неакласіцызму былі пабудаваныя станцыі Маскоўскага метрапалітэна, серыя вышынных дамоў у Маскве, у тым ліку будынак Маскоўскага ўніверсітэта, ансамблі адміністрацыйных будынкаў у цэнтры сталіцы Балгарыі Сафіі, Маршалкоўскі жылы раён з плошчай Канстытуцыі ў Варшаве, магістраль Карл-Маркс-алее ва Усходнім Берліне.
У XX ст. у развітых краінах з’явілася цікавасць да культурнай спадчыны народаў свету. Шматлікія навукоўцы і дзяржаўныя дзеячы звярнулі ўвагу на гуманітарнае значэнне культуры мінулых эпох. ААН і іншыя міжнародныя арганізацыі дапамагаюць захоўваць і аднаўляць храмы, палацы, манускрыпты і іншыя артэфакты.