§ 31. Асноўныя тэндэнцыі развіцця культуры другой паловы ХХ — пачатку ХХІ ст.
Ключавая ідэя: сучаснае мастацтва пераасэнсоўвае асноўныя эстэтычныя прынцыпы ў кантэксце цыфравізацыі і глабалізацыі.
Адным з фактараў, якія шмат у чым вызначылі гісторыю сучаснага грамадства, стала навуковатэхнічная рэвалюцыя (НТР). Дасягненні навукі і тэхнікі не толькі істотна змянілі характар вытворчых працэсаў, але і карэнным чынам пераўтварылі ўсё чалавечае жыццё. Найноўшыя тэхналогіі трапілі ў самыя аддаленыя куткі планеты, збліжаючы шляхі развіцця асобных краін і народаў.
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас |
Книга: | § 31. Асноўныя тэндэнцыі развіцця культуры другой паловы ХХ — пачатку ХХІ ст. |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 5 Июль 2025, 21:52 |
1. Новыя з’явы ў развіцці культуры
Навукова-тэхнічная рэвалюцыя аказала вялікі ўплыў на развіццё культуры. Адбывалася збліжэнне і ўзаемадзеянне навукова-тэхнічных дасягненняў з традыцыйнымі формамі культуры, жыцця і быту людзей. НТР і сучасныя камунікацыйныя тэхналогіі вельмі хутка стварылі «новы свет». Радыё, тэлебачанне, спадарожнікі, факсы і камп’ютарныя сеткі спрыялі больш цеснаму ўзаемнаму збліжэнню людзей і распаўсюджванню культурных каштоўнасцей, робячы іх больш даступнымі для самых шырокіх слаёў насельніцтва.
2. Развіццё масавай культуры
Культура, арыентаваная на густы шырокіх мас людзей, называецца масавай. Такой яна стала дзякуючы сучасным сродкам масавай камунікацыі. Дэмакратычнасць і даступнасць масавай культуры спалучаюцца з яе велізарным уздзеяннем на шырокія пласты насельніцтва. Яна з’яўляецца самым распаўсюджаным сродкам прапаганды ідэй, ладу і спосабу жыцця. Ствараюцца культы «ідэалаў», якімі могуць быць прадстаўнікі перш за ўсё свабодных прафесій: спевакі, музыканты, акцёры, спартсмены, фотамадэлі. Даволі распаўсюджанай з’явай становіцца кітч — безгустоўшчына.
У шэрагу выпадкаў масавая і элітарная культуры збліжаюцца. У рок-операх, якія з’явіліся ў 1970-я гг., напрыклад, спалучаюцца традыцыі класічнай оперы і дасягненні року. Такім чынам, рок стаў здабыткам і масавай, і элітарнай культуры.
У нашы дні прыкметна ўзмацніліся ўзаемадзеянне і ўзаемапранікненне культур розных народаў, краін і кантынентаў. Іх рухаючай сілай выступалі заходнія краіны, і перш за ўсё ЗША. Паколькі Злучаныя Штаты валодаюць гіганцкай камерцыйнай індустрыяй і магутнай матэрыяльнай базай, яны ўзмацняюць культурную экспансію ва ўсе краіны свету, рэкламуючы і навязваючы амерыканскі лад жыцця, выцясняючы або ставячы ў складанае становішча нацыянальныя культуры, асабліва краін, якія сталі на шлях развіцця. Англійская мова стала асноўнай у міжнародных зносінах. Гэты працэс называюць вестэрнізацыяй. Крытыкі і праціўнікі амерыканскага ладу жыцця параўноўваюць вестэрнізацыю культуры з замежным умяшальніцтвам.
3. Адукацыя
Важныя змены адбываліся ў галіне адукацыі, закліканай задаволіць патрэбы НТР. У развітых краінах, уключаючы СССР і дзяржавы Усходняй Еўропы, ажыццяўляліся рэформы, пашыралася сетка навучальных устаноў, ішоў працэс дэмакратызацыі адукацыі на ўсіх узроўнях навучання. Больш увагі стала надавацца прафесійнай адукацыі, вывучэнню натуральных і матэматычных дысцыплін. За аснову адукацыйнай палітыкі ў цяперашні час узятая канцэпцыя бесперапыннай адукацыі, якая прадугледжвае ўзбагачэнне чалавека ведамі на працягу ўсяго яго жыцця. Для павышэння якасці адукацыі ўрады развітых краін укладаюць у гэтую сферу велізарныя сродкі.
Актуальнай праблемай сучаснасці застаецца масавая непісьменнасць у краінах, якія сталі на шлях развіцця. На гэта паўплывалі доўгае каланіяльнае панаванне і эканамічная адсталасць, укаранелыя этнічныя і радавыя традыцыі. У 48 дзяржавах Азіі і Афрыкі ўзровень абавязковай адукацыі абмежаваны 5—6 гадамі, а ў 30 краінах наогул адсутнічае заканадаўства аб абавязковай адукацыі. У Непале, Бангладэш, Іране, Індыі доля пісьменнага насельніцтва складае 20 %, а ў Афганістане, Маўрытаніі, Судане, Рэспубліцы Чад — не больш за 10 %. Адставанне ўзроўню адукацыі ў краінах, якія сталі на шлях развіцця, ад узроўню адукацыі ў індустрыяльна развітых дзяржавах не скарацілася і нават павялічылася ў 1990-я гг. Між тым, як паказвае сусветны вопыт, перамагчы беднасць можна толькі шляхам павышэння інтэлектуальнага патэнцыялу грамадства.
4. Грамадскія навукі
НТР спарадзіла аптымістычныя надзеі на вырашэнне глабальных праблем чалавецтва і дасягненне грамадскага прагрэсу. У другой палове ХХ ст. навукі аб грамадстве значна прасунуліся ў параўнанні з папярэднімі дзесяцігоддзямі. Так, была распрацавана канцэпцыя фаз, або стадый цывілізацыйнага развіцця (У. Растоу, Э. Тофлер і інш.). У адрозненне ад фармацыйнай тэорыі К. Маркса, якая звязвала прагрэс чалавецтва са зменамі форм уласнасці, прыхільнікі цывілізацыйнага падыходу акцэнтавалі ўвагу на змене форм вытворчай дзейнасці. Сусветная гісторыя разглядаецца імі як працэс паступальнага пераходу ад збіральніцтва і палявання да земляробства і саматужнай вытворчасці (аграрная цывілізацыя), затым да мануфактурнай, прамысловай вытворчасці (індустрыяльнае грамадства) і, нарэшце, да інфармацыйнага грамадства.
Філасофская думка засяроджвалася на праблемах чалавечай свядомасці, на даследаванні заканамернасцей індывідуальных і групавых сацыяльных паводзін асобы.
5. Выяўленчае мастацтва
У галіне выяўленчага мастацтва знайшлі адлюстраванне новыя рэаліі ядзернага стагоддзя, крызісныя працэсы, што адбываліся ў грамадстве. Пачаўся новы этап развіцця мастацкай культуры, які атрымаў назву постмадэрнізм. Мастацтва постмадэрнізму стала рэакцыяй на шматлікія пагрозы сучаснай цывілізацыі, і ў першую чаргу на рэальную пагрозу знішчэння чалавецтва і ўзмацненне небяспекі экалагічнай катастрофы. Для сучаснага мастацтва пасля заканчэння Другой сусветнай вайны характэрныя наяўнасць супярэчлівых плыняў, змена кірункаў, стыляў і школ, пошук новых прыёмаў і матэрыялаў, шырокі дыяпазон эксперыментаў.
Асаблівую папулярнасць з 1950-х гг. набыў абстракцыянізм, вядомы таксама пад назвай «беспрадметнасць мастацтва». Асновай гэтай плыні стала адмова ад адлюстравання рэальных прадметаў і з’яў. Сімваламі выяўлення духоўнага свету мастака становяцца колеры, лініі, формы. Жоўты колер, напрыклад, сімвалізуе вар’яцтва, зялёны — ідэальную гармонію, фіялетавы — хваравітасць і г. д. Буйным прадстаўніком абстракцыянізму быў амерыканскі мастак Д. Полак. Ён стаў заснавальнікам «абстрактнага экспрэсіянізму», для якога характэрныя новыя прыёмы і сродкі: хаатычнае накладанне фарбаў на палатно, выкарыстанне не толькі пэндзля, але і іншых прадметаў. «Абстрактны экспрэсіянізм» быў першай міжнароднай плынню ў мастацтве, у якой амерыканскія мастакі занялі вядучае месца.
У гэтыя ж гады найбольшай папулярнасці ў краінах Захаду дасягнулі сюррэалісты, якія імкнуцца адлюстраваць таямніцы падсвядомасці. Звыклыя для людзей прадметы на іх карцінах, як правіла, набываюць супрацьлеглае значэнне: мёртвае ажывае, цвёрдае расцякаецца, а вадкае застывае і лёгка завісае ў паветры. Сюррэалісты адхілілі рацыянальнае пазнанне рэчаіснасці. Любімай тэмай іх твораў з’яўляецца адлюстраванне свету сноў і галюцынацый, які, з іх пункту гледжання, лепш за ўсё адкрывае таямніцы падсвядомасці. Найбольш выбітным прадстаўніком гэтай плыні быў іспанскі мастак С. Далі.
Рэакцыяй на амерыканскі абстрактны экспрэсіянізм і сюррэалізм у 1960—1970-я гг. стаў поп-арт. Гэты напрамак спачатку ўзнік у Англіі, затым у ЗША і неўзабаве ахапіў увесь заходні свет. Мастацтва поп-арту стала своеасаблівым пратэстам супраць беспрадметнасці абстрактнага мастацтва. Яно было падкрэслена прадметным і звернутым да масавага гледача. Прыхільнікі поп-арту любую рэч разглядалі як прадмет мастацтва, сціраючы тым самым грань паміж мастацтвам і жыццём. Яны выкарыстоўвалі асобныя прадметы і бытавыя рэчы ў нечаканых камбінацыях, лічачы, што ствараюць новы ўзор мастацтва.
«Пара мужчынскіх шкарпэтак не менш прыдатная для стварэння твораў жывапісу, чым драўляны падрамнік, цвікі, шкіпінар, алей і палатно», — так вызначыў свой творчы прынцып адзін з найбольш вядомых майстроў поп-арту амерыканец Р. Раўшэнберг. Гэты авангардны кірунак не страціў свайго значэння і застаецца актуальным у заходнім мастацтве да цяперашняга часу.
На аснове поп-арту ў самым канцы 1960-х гг. сфарміраваўся гіперрэалізм. Гэты неаавангардны кірунак імкнецца да фатаграфічнага выяўлення навакольнага свету. Прытрымліванне лозунга звышпраўдзівасці прывяло прадстаўнікоў гіперрэалізму да сцвярджэння ў сучасным мастацтве абсалютнай абсурднасці і бездухоўнасці рэчавага свету. Яшчэ адной разнавіднасцю неаавангардызму стала канцэптуальнае мастацтва. У ім усё падпарадкавана задуме або ідэі, для дэманстрацыі якіх выкарыстоўваюцца розныя матэрыялы: прамысловыя вырабы, прыродныя аб’екты, відэазапісы, кавалкі газет, літаратурныя тэксты і г. д. У 1990-я гг. частка канцэптуалістаў вярнулася да больш рэалістычных метадаў адлюстравання рэчаіснасці.
6. Мастацкая літаратура
У адрозненне ад выяўленчага мастацтва вядучым напрамкам літаратуры другой паловы XX ст., як і раней, з’яўляўся рэалізм. Найбуйнейшымі прадстаўнікамі гэтага кірунку былі знакамітыя амерыканскія пісьменнікі У. Фолкнер і Э. Хэмінгуэй, а таксама французскія пісьменнікі старэйшага пакалення А. Жыд і Ф. Марыяк, якія атрымалі ў пасляваенныя гады Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Яшчэ пры жыцці быў прылічаны да класікаў адзін з самых буйных брытанскіх сатырыкаў ХХ ст. І. Во, які апісаў заняпад і разбурэнне каланіяльнай Англіі. У сваіх творах ён з’едліва выказваўся наконт амерыканскага ладу жыцця, лічачы, што ў амерыканцаў адсутнічаюць сапраўдная культура і сапраўдная духоўнасць. Галоўнай тэмай твораў нямецкіх пісьменнікаў-рэалістаў першага пасляваеннага дзесяцігоддзя была тэма вайны і фашысцкага мінулага Германіі (Г. Бёль, Т. Ман, Э. М. Рэмарк).
Тэма памяці аб мінулай вайне, гераізме і мужнасці абаронцаў Радзімы стала цэнтральнай у творчасці савецкіх пісьменнікаў (А. Т. Твардоўскі, А. А. Фадзееў, Ю. В. Бондараў, Р. Я. Бакланаў). Па меры змены настрояў у грамадстве пісьменнікі СССР сталі закранаць праблемы, раней забароненыя для абмеркавання (Л. М. Лявонаў, М. А. Шолахаў, А. І. Салжаніцын, В. П. Астаф’еў, В. Р. Распуцін). Дэмакратызацыя нацыянальнай палітыкі прывяла да росквіту савецкай шматнацыянальнай культуры (Я. Купала, Я. Колас, Э. Межэлайціс, М. Рыльскі, М. Ауэзаў, Р. Гамзатаў, Д. Кугульцінаў, Ч. Айтматаў і інш.). Аднак межы «свабоды творчасці», устаноўленыя ЦК КПСС для інтэлігенцыі, не маглі не адбіцца на мастацкай літаратуры. Б. Л. Пастарнак быў выключаны з Саюза пісьменнікаў СССР за публікацыю на Захадзе забароненага ў Савецкім Саюзе рамана «Доктар Жывага» і адмовіўся ад Нобелеўскай прэміі, каб пазбегнуць высылкі з краіны. У 1972 г. эміграваў з СССР паэт І. А. Бродскі, які стаў у 1987 г. лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры. На чужыне апынуўся і А. І. Салжаніцын, якога выслалі з СССР у 1974 г. (Нобелеўская прэмія 1970 г.). Толькі М. А. Шолахаў, уганараваны Нобелеўскай прэміяй у 1965 г., пазбегнуў ганенняў.
Незвычайны ўздым у другой палове ХХ ст. перажывала літаратура народаў Лацінскай Амерыкі. Рэалізм у лацінаамерыканскай літаратуры атрымаў назву «магічнага». Для «магічнага рэалізму» характэрнае пазнанне навакольнай рэчаіснасці на аснове найбагацейшага матэрыялу міфалогіі і фальклору індзейцаў, амерыканскіх неграў (афраамерыканцаў) і белых першапасяленцаў. Сплаў рэальнага і магічнага надае зместу казачную, фантастычную афарбоўку. Сусветна вядомымі прадстаўнікамі гэтай плыні з’яўляюцца Х. Картасар і Г. Маркес.
Мадэрнісцкая літаратура другой паловы ХХ ст. натхнялася ідэямі філасофіі экзістэнцыялізму, у аснове якой ляжаць ідэі абсурднасці навакольнага свету, адсутнасці сэнсу і парадку ў ім, неабходнасці выбару перад тварам лёсу. Згодна з яе пастулатамі найвышэйшай, калі не адзінай, каштоўнасцю для чалавека з’яўляецца свабода, страта якой вядзе да духоўнай дэградацыі асобы. Вядучую ролю ў гэтым літаратурным напрамку адыгралі французы Ж.-П. Сартр і А. Камю, якія ў мастацкіх творах адлюстравалі свае філасофскія погляды. Абодва пісьменнікі былі ўзнагароджаныя Нобелеўскай прэміяй, ад якой Сартр рашуча адмовіўся.
7. Архітэктура
У пасляваеннай архітэктуры далейшае развіццё атрымаў функцыяналізм. Важнейшы з яго прынцыпаў заключаўся ў тым, што архітэктурная форма павінна вызначацца практычным прызначэннем збудавання. Выбітнымі архітэктарамі гэтага кірунку былі Ш. Э. Ле Карбюзье (Францыя), Х. Меер (Англія), Я. Ауд (Нідэрланды), Л. Коста і О. Німеер (Бразілія), К. Танге (Японія). Смелым архітэктурным эксперыментам другой паловы ХХ ст. стала будаўніцтва новай сталіцы Бразіліі — горада Бразіліа (па праекце Косты і Німеера). Сур’ёзныя недахопы функцыяналізму — спрошчаны падыход да вырашэння праблемы чалавечых зносін у гарадскіх умовах, недаацэнка мясцовых і нацыянальных традыцый. Спрабуючы надаць функцыяналізму новае дыханне, частка архітэктараў сталі ўзводзіць будынкі, агаляючы іх першааснову ў выглядзе камунікацый і сістэмы інжынернага абсталявання. Самым вядомым такім збудаваннем з’яўляецца Нацыянальны цэнтр мастацтва і культуры імя Ж. Пампіду ў Парыжы (1972).
У сярэдзіне 1970-х гг. на змену функцыяналізму прыйшоў постмадэрн. Яго творчы метад засноўваўся на кантрасным злучэнні архітэктурных форм мінулых стагоддзяў з элементамі функцыяналізму.
У СССР і ў краінах Усходняй Еўропы да сярэдзіны 1960-х гг. панаваў неакласіцызм. Нягледзячы на пампезныя і цяжкія архітэктурныя формы, багацце дэкору і падкрэслена ідэалагічны змест, у яго рамках ствараліся арыгінальныя збудаванні. У духу неакласіцызму былі пабудаваныя станцыі Маскоўскага метрапалітэна, серыя вышынных дамоў у Маскве, у тым ліку будынак Маскоўскага ўніверсітэта, ансамблі адміністрацыйных будынкаў у цэнтры сталіцы Балгарыі Сафіі, Маршалкоўскі жылы раён з плошчай Канстытуцыі ў Варшаве, магістраль Карл-Маркс-алее ва Усходнім Берліне.
У XX ст. у развітых краінах з’явілася цікавасць да культурнай спадчыны народаў свету. Шматлікія навукоўцы і дзяржаўныя дзеячы звярнулі ўвагу на гуманітарнае значэнне культуры мінулых эпох. ААН і іншыя міжнародныя арганізацыі дапамагаюць захоўваць і аднаўляць храмы, палацы, манускрыпты і іншыя артэфакты.
Пытанні
1. Складзіце топ-10 навуковых вынаходак другой паловы ХХ — пачатку XXI ст., якія паўплывалі на тэхнічнае развіццё свету.
2. Што азначаюць паняцці «масавая культура» і «элітарная культура»? Якія фактары пасляваеннага развіцця грамадства спрыялі іх збліжэнню? Як вы лічыце, ці не з’яўляецца ўзмацненне ісламскага фундаменталізму адказам на вестэрнізацыю традыцыйнага грамадства краін Усходу?
3. Рок-музыка зарадзілася як пратэстны рух і з канца 1960-х гг. стала культурным сімвалам і рупарам моладзевага руху. Чаму яна ператварылася ў сілу, здольную аб’яднаць разнастайныя моладзевыя рухі?
4. У другой палове ХХ — пачатку XXI ст. назіраюцца, з аднаго боку, глабалізацыя і інтэрнацыяналізацыя культуры, з другога — развіццё самабытных нацыянальных культур. Прывядзіце прыклады кожнай з тэндэнцый.
5. З якімі з твораў мастацтва, названых у параграфе, вы знаёмыя? Якое ўражанне яны на вас зрабілі?
6. Падрыхтуйце паведамленне на адну з тэм: «Рок і класіка: супрацьстаянне і сінтэз», «Функцыянальнае і арганічнае, нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў архітэктуры другой паловы ХХ ст.», «Інтэрнэт як глабалізацыя інфармацыйнай прасторы».
7. Даследчыкі адзначаюць дваістасць постмадэрнісцкага мастацтва: з аднаго боку, эклектыка і запазычванне, з іншага — пастаноўка пытанняў, якія ўзнімаюць самыя вострыя праблемы сучаснасці. Ці выконвае постмадэрнізм місію, уласцівую мастацтву?