§ 31. Асноўныя тэндэнцыі развіцця культуры другой паловы ХХ — пачатку ХХІ ст.
6. Мастацкая літаратура
У адрозненне ад выяўленчага мастацтва вядучым напрамкам літаратуры другой паловы XX ст., як і раней, з’яўляўся рэалізм. Найбуйнейшымі прадстаўнікамі гэтага кірунку былі знакамітыя амерыканскія пісьменнікі У. Фолкнер і Э. Хэмінгуэй, а таксама французскія пісьменнікі старэйшага пакалення А. Жыд і Ф. Марыяк, якія атрымалі ў пасляваенныя гады Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Яшчэ пры жыцці быў прылічаны да класікаў адзін з самых буйных брытанскіх сатырыкаў ХХ ст. І. Во, які апісаў заняпад і разбурэнне каланіяльнай Англіі. У сваіх творах ён з’едліва выказваўся наконт амерыканскага ладу жыцця, лічачы, што ў амерыканцаў адсутнічаюць сапраўдная культура і сапраўдная духоўнасць. Галоўнай тэмай твораў нямецкіх пісьменнікаў-рэалістаў першага пасляваеннага дзесяцігоддзя была тэма вайны і фашысцкага мінулага Германіі (Г. Бёль, Т. Ман, Э. М. Рэмарк).
Тэма памяці аб мінулай вайне, гераізме і мужнасці абаронцаў Радзімы стала цэнтральнай у творчасці савецкіх пісьменнікаў (А. Т. Твардоўскі, А. А. Фадзееў, Ю. В. Бондараў, Р. Я. Бакланаў). Па меры змены настрояў у грамадстве пісьменнікі СССР сталі закранаць праблемы, раней забароненыя для абмеркавання (Л. М. Лявонаў, М. А. Шолахаў, А. І. Салжаніцын, В. П. Астаф’еў, В. Р. Распуцін). Дэмакратызацыя нацыянальнай палітыкі прывяла да росквіту савецкай шматнацыянальнай культуры (Я. Купала, Я. Колас, Э. Межэлайціс, М. Рыльскі, М. Ауэзаў, Р. Гамзатаў, Д. Кугульцінаў, Ч. Айтматаў і інш.). Аднак межы «свабоды творчасці», устаноўленыя ЦК КПСС для інтэлігенцыі, не маглі не адбіцца на мастацкай літаратуры. Б. Л. Пастарнак быў выключаны з Саюза пісьменнікаў СССР за публікацыю на Захадзе забароненага ў Савецкім Саюзе рамана «Доктар Жывага» і адмовіўся ад Нобелеўскай прэміі, каб пазбегнуць высылкі з краіны. У 1972 г. эміграваў з СССР паэт І. А. Бродскі, які стаў у 1987 г. лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры. На чужыне апынуўся і А. І. Салжаніцын, якога выслалі з СССР у 1974 г. (Нобелеўская прэмія 1970 г.). Толькі М. А. Шолахаў, уганараваны Нобелеўскай прэміяй у 1965 г., пазбегнуў ганенняў.
Незвычайны ўздым у другой палове ХХ ст. перажывала літаратура народаў Лацінскай Амерыкі. Рэалізм у лацінаамерыканскай літаратуры атрымаў назву «магічнага». Для «магічнага рэалізму» характэрнае пазнанне навакольнай рэчаіснасці на аснове найбагацейшага матэрыялу міфалогіі і фальклору індзейцаў, амерыканскіх неграў (афраамерыканцаў) і белых першапасяленцаў. Сплаў рэальнага і магічнага надае зместу казачную, фантастычную афарбоўку. Сусветна вядомымі прадстаўнікамі гэтай плыні з’яўляюцца Х. Картасар і Г. Маркес.
Мадэрнісцкая літаратура другой паловы ХХ ст. натхнялася ідэямі філасофіі экзістэнцыялізму, у аснове якой ляжаць ідэі абсурднасці навакольнага свету, адсутнасці сэнсу і парадку ў ім, неабходнасці выбару перад тварам лёсу. Згодна з яе пастулатамі найвышэйшай, калі не адзінай, каштоўнасцю для чалавека з’яўляецца свабода, страта якой вядзе да духоўнай дэградацыі асобы. Вядучую ролю ў гэтым літаратурным напрамку адыгралі французы Ж.-П. Сартр і А. Камю, якія ў мастацкіх творах адлюстравалі свае філасофскія погляды. Абодва пісьменнікі былі ўзнагароджаныя Нобелеўскай прэміяй, ад якой Сартр рашуча адмовіўся.