§ 31. Асноўныя тэндэнцыі развіцця культуры другой паловы ХХ — пачатку ХХІ ст.
3. Адукацыя
Важныя змены адбываліся ў галіне адукацыі, закліканай задаволіць патрэбы НТР. У развітых краінах, уключаючы СССР і дзяржавы Усходняй Еўропы, ажыццяўляліся рэформы, пашыралася сетка навучальных устаноў, ішоў працэс дэмакратызацыі адукацыі на ўсіх узроўнях навучання. Больш увагі стала надавацца прафесійнай адукацыі, вывучэнню натуральных і матэматычных дысцыплін. За аснову адукацыйнай палітыкі ў цяперашні час узятая канцэпцыя бесперапыннай адукацыі, якая прадугледжвае ўзбагачэнне чалавека ведамі на працягу ўсяго яго жыцця. Для павышэння якасці адукацыі ўрады развітых краін укладаюць у гэтую сферу велізарныя сродкі.
Актуальнай праблемай сучаснасці застаецца масавая непісьменнасць у краінах, якія сталі на шлях развіцця. На гэта паўплывалі доўгае каланіяльнае панаванне і эканамічная адсталасць, укаранелыя этнічныя і радавыя традыцыі. У 48 дзяржавах Азіі і Афрыкі ўзровень абавязковай адукацыі абмежаваны 5—6 гадамі, а ў 30 краінах наогул адсутнічае заканадаўства аб абавязковай адукацыі. У Непале, Бангладэш, Іране, Індыі доля пісьменнага насельніцтва складае 20 %, а ў Афганістане, Маўрытаніі, Судане, Рэспубліцы Чад — не больш за 10 %. Адставанне ўзроўню адукацыі ў краінах, якія сталі на шлях развіцця, ад узроўню адукацыі ў індустрыяльна развітых дзяржавах не скарацілася і нават павялічылася ў 1990-я гг. Між тым, як паказвае сусветны вопыт, перамагчы беднасць можна толькі шляхам павышэння інтэлектуальнага патэнцыялу грамадства.