§ 29. Распад каланіяльнай сістэмы
4. Новыя дзяржавы ў пошуках стабільнасці
Многія краіны, якія сталі на шлях развіцця, сутыкнуліся з сур’ёзнымі праблемамі, асабліва ў Афрыцы. Тут маладыя дзяржавы атрымалі ў спадчыну тэрыторыі, дзе пражывалі людзі з рознай моўнай, рэлігійнай і этнічнай ідэнтычнасцю. Каланіяльныя кіраўнікі, якія актыўна падтрымлівалі палітыку «раздзяляй і ўладар», часта выкарыстоўвалі этнічнае саперніцтва. Пасля атрымання незалежнасці насельніцтва Афрыканскага кантынента заставалася раз’яднаным у эканамічных і культурных адносінах. Галоўнымі перашкодамі для афрыканскіх дзяржаў на шляху да прагрэсу сталі племянная раз’яднанасць і адасобленасць (трайбалізм), карупцыя ў дзяржаўным апараце.
Новыя дзяржавы стваралі канстытуцыі на ўзор заходніх дэмакратый. Але толькі нешматлікія з іх, напрыклад Індыя, змаглі падтрымліваць дэмакратычнае праўленне. Народы, якія вызваліліся ад каланіяльнай залежнасці, не валодалі вопытам самакіравання. Часта багатая еўрапеізаваная эліта кантралявала ўрад і эканоміку. Пераважная большасць насельніцтва заставалася беднай.
Па меры нарастання праблем да ўлады прыходзілі ваенныя або аўтарытарныя лідары. Часта гэта былі тыя ж людзі, якія актыўна змагаліся за нацыянальнае вызваленне. Яны наводзілі парадак у краіне, усталёўваючы аднапартыйную дыктатуру, забаранялі іншыя палітычныя партыі, заяўляючы, што шматпартыйная сістэма пагражае стабільнасці ў дзяржаве. Лідары ўздымалі сцяг нацыяналізму, спадзеючыся пераадолець этнічны, рэлігійны або рэгіянальны падзел.
Нягледзячы на існуючыя праблемы і супярэчнасці, у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гг. дэмакратыя дабілася пэўнага прагрэсу. У шэрагу афраазіяцкіх і лацінаамерыканскіх дзяржаў з дыктатарскімі рэжымамі або аднапартыйнай сістэмай праўлення адбыліся шматпартыйныя выбары. Вынік гэтых дэмакратычных эксперыментаў пакуль не відавочны з-за вялікай колькасці эканамічных праблем, з якімі сутыкнуліся краіны, што сталі на шлях развіцця, і адсутнасці ў іх досведу прадстаўнічага канстытуцыйнага праўлення.