§ 29. Распад каланіяльнай сістэмы

3. «Халодная вайна» і трэці свет

Новыя дзяржавы з’явіліся ў свеце, які быў падзелены «халоднай вайной». ЗША і СССР змагаліся за ўплыў шляхам прапановы эканамічнай і ваеннай дапамогі краінам, якія сталі на шлях развіцця. Кожная звышдзяржава хацела, каб новыя краіны ўспрынялі яе ідэалогію і мадэль развіцця — капіталізм або сацыялізм. Многія новыя дзяржавы аддалі перавагу сацыялізму, галоўным чынам з-за таго, што іх старыя каланіяльныя кіраўнікі былі капіталістамі. Іншыя краіны прыцягвала эканамічная магутнасць і матэрыяльны дабрабыт Захаду.

Імкнучыся пазбегнуць уключэння ў палітыку звышдзяржаў, многія новыя дзяржавы вырашылі не далучацца ні да аднаго з бакоў, якія сапернічалі ў «халоднай вайне». Яны засталіся недалучанымі і стараліся надаць сваёй палітыцы пэўныя арганізацыйныя формы (рэгулярныя сустрэчы на вышэйшым узроўні або перамовы міністраў замежных спраў, узгодненыя дзеянні ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях). Асноўнымі мэтамі Руху недалучэння былі паслабленне міжнароднай напружанасці і правядзенне эканамічнай палітыкі, выгаднай менавіта краінам, якія развіваюцца. Індыя, якая злучала сістэму дэмакратычнага праўлення і арыентацыю на пераважнае развіццё дзяржаўнага сектара эканомікі, была лідарам Руху недалучэння.

У краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі даволі часта ўспыхвалі лакальныя канфлікты, якія часам перарасталі ў «гарачыя» войны: карэйская вайна, вайна ў В’етнаме, блізкаўсходні канфлікт і інш. ЗША і СССР, як правіла, падтрымлівалі бакі, які супрацьстаялі адзін аднаму. Выкарыстоўваючы такія канфлікты, звышдзяржавы ваявалі адна з адной ускосна, а не наўпрост.

Важную ролю ва ўрэгуляванні такіх канфліктаў адыгрывала ААН. Заканчэнне «халоднай вайны» фактычна не прывяло да ліквідацыі лакальных канфліктаў.