§ 8–3. Развіццё сельскай гаспадаркі ў 60-я гг. XIX – пачатку XX ст.

5. Прычыны і мэты аграрнай рэформы П. А. Сталыпіна, яе асаблівасці ў Беларусі. Фарміраванне аграрнай буржуазіі

З мэтай умацавання сацыяльнай базы самадзяржаўя і вырашэння аграрнага пытання ў пачатку XX ст. у Расійскай імперыі пачалося правядзенне новых буржуазных рэформ. Паўсюдны аграрны рух у 1905–1906 гг. пераканаў улады ў тым, што супольнае сялянства не можа быць цвёрдай апорай дзяржавы. Было прынята рашэнне ліквідаваць сялянскую суполку, расчысціць дарогу сялянскаму прадпрымальніцтву, узбагаціць адных сялян за кошт іншых, палегчыць пераход маленькіх надзелаў беднякоў ва ўласнасць заможных аднавяскоўцаў. Тым самым урад планаваў стварыць на вёсцы новую апору самадзяржаўя за кошт «моцных гаспадароў».

Аграрная рэформа ў Расійскай імперыі ў пачатку ХХ ст. праводзілася па ініцыятыве міністра ўнутраных спраў і Старшыні Савета Міністраў Расійскай імперыі П. А. Сталыпіна.

 

9 лістапада 1906 г. пачалося ажыццяўленне чарговай аграрнай рэформы. Быў выдадзены ўказ аб парадку выхаду сялян з абшчыны і замацавання ў асабістую ўласнасць зямлі ў выглядзе водруба (зямельнага ўчастка, вылучанага з супольнай зямлі ва ўласнасць селяніна) або хутара (асобнага зямельнага ўчастка з домам, сядзібай уладальніка). Паколькі зямлі не хапала, праводзілася перасяленне сялян у Сібір на неасвоеныя зямлі.

Адной з асаблівасцей ажыццяўлення сталыпінскай рэформы на беларускіх землях было тое, што яна праводзілася толькі ў Магілёўскай і Віцебскай губернях, дзе да гэтага захоўвалася супольнае землекарыстанне. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях існавала падворная форма землекарыстання. Правядзенне сталыпінскай аграрнай рэформы было прыпынена ў гады Першай сусветнай вайны.

Яшчэ адной асаблівасцю сталыпінскай рэформы ў Беларусі стала ўвядзенне ў 1911 г. у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях земстваў — выбарных органаў мясцовага самакіравання. У заходніх губернях (Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай) земства не ўводзілася з прычыны значнай перавагі сярод іх выбаршчыкаў католікаў, якіх адносілі да палякаў і якім царскі ўрад не давяраў пасля паўстання 1863–1864 гг.   

 

Сталыпінская аграрная рэформа стварала магчымасці для «амерыканскага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы: укаранення машын, выкарыстання перадавых спосабаў агратэхнікі і аграхіміі, стварэння хутарскіх (фермерскіх) гаспадарак, замацавання зямлі за непасрэдным вытворцам-фермерам, свабоднага продажу і куплі зямлі, распаўсюджвання арэнды, выкарыстання наёмнай працы.

Разам з тым па-ранейшаму захоўвалася памешчыцкае землеўладанне — адзін з асноўных перажыткаў феадалізму.