§ 8–3. Развіццё сельскай гаспадаркі ў 60-я гг. XIX – пачатку XX ст.
4. Уплыў сусветнага аграрнага крызісу на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі Беларусі
У 1860–1870 гг. найважнейшай таварнай галіной у сельскай гаспадарцы Беларусі заставалася вытворчасць збожжа. Аднак з'яўленне ў 1880-я гг. на рынках Заходняй Еўропы вялікай колькасці таннага і высакаякаснага збожжа з Паўночнай Амерыкі, Аргенціны і Аўстраліі прывяло да рэзкага падзення коштаў на яго. У выніку пачаўся працяглы аграрны крызіс. Цэны на жыта і іншыя збожжавыя культуры ў беларускіх губернях знізіліся ў 2–2,3 разы. Не дапамагала і тое, што ў 1880-я гг. беларускія губерні былі звязаны чыгункамі з іншымі краінамі. Нізкі кошт правозу па чыгунцы спрыяў вывазу больш таннага і якаснага збожжа, мукі, цукру, расліннага алею і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі з чарназёмных рэгіёнаў Расіі і Украіны. У сувязі з гэтым стала нявыгадным вывозіць такую ж прадукцыю з беларускіх губерняў.
Вынікам стала пераарыентацыя мясцовай эканомікі на мясную і малочную жывёлагадоўлю. Першыя прыкметныя змены ў гэтым кірунку назіраліся ў сярэдзіне XIX ст.: многія памешчыкі на Палессі перайшлі на развядзенне мясных валоў і кароў, а ў 1870-х гг. — шэраг гаспадарак у Гродзенскай, Віленскай, заходняй частцы Мінскай губерняў пачалі займацца малочнай жывёлагадоўляй, вытворчасцю масла і сыру. Колькасць буйной рагатай жывёлы ў памешчыцкіх гаспадарках у 1883–1900 гг. вырасла прыкладна ў 2 разы. У Беларусі з'явіліся высокапрадукцыйныя пароды кароў (галандскія, сіментальскія і інш.). Для патрэб жывёлагадоўлі выкарыстоўваліся адходы вінакурэння.
Спецыялізацыя сельскай гаспадаркі на малочнай жывёлагадоўлі і вінакурні суправаджалася хуткім ростам пасяўных плошчаў для кармавых культур і бульбы. Вытворчасць збожжавых культур у гэты час была прызначана пераважна для корму жывёлы і бровара.
З канца XIX ст. як рынкавая галіна стала развівацца свінагадоўля. У 1860–1870 гг. у Гродзенскай і Мінскай губернях была шырока распаўсюджана авечкагадоўля. Але пазней яна прыйшло ў заняпад, не вытрымаўшы канкурэнцыі з больш таннай авечай поўсцю з Паўднёвай Расіі і Аўстраліі. Важнымі напрамкамі спецыялізацыі сельскай гаспадаркі Віцебскай і часткова Віленскай губерняў стала льнаводства, а на Магілёўшчыне — вырошчванне канопляў.