§ 8–3. Развіццё сельскай гаспадаркі ў 60-я гг. XIX – пачатку XX ст.
3. Станаўленне прадпрымальніцкай гаспадаркі капіталістычнага тыпу ў Беларусі
Асноўную ролю ў сельскай гаспадарцы адыгрывалі буйныя землеўладальнікі. Характэрнай асаблівасцю вядзення імі гаспадарак на тэрыторыі Беларусі стала перадача часткі сваіх уладанняў у доўгатэрміновую арэнду дробным памешчыкам, шляхце, яўрэйскім прадпрымальнікам (мяшчанам і купцам). Асноўнай прычынай гэтага быў недахоп наёмнай рабочай сілы ў першыя гады пасля рэформы. Тым не менш, менавіта вялікія маёнткі ў першую чаргу станавіліся цэнтрамі культурна-гаспадарчых перамен і буйной таварнай вытворчасці. Большы ўплыў на развіццё такіх гаспадарак аказвала іх размяшчэнне паблізу чыгуначных станцый.
Да пачатку XX ст. істотна змяніўся характар землеўладання: каля 1/3 зямель належала сялянам, г. зн. адбывалася скарачэнне дваранскай зямлі і рост сялянскага землеўладання. Росту сельскай аграрнай буржуазіі з ліку сялян у пачатку 1880-х гг. садзейнічаў створаны ўрадам сялянскі пазямельнага банк. Ён даваў крэдыты сялянам пад заклад набытай у памешчыкаў зямлі, што прывяло да павелічэння сялянскай зямельнай уласнасці ў 1883–1900 гг. на 1 млн дзесяцін.
Заможныя сяляне-прадпрымальнікі пашыралі свае гаспадаркі не толькі шляхам куплі зямлі, але і арэнды вялікіх плошчаў памешчыцкай зямлі. У такіх прадпрымальніцкіх сялянскіх гаспадарках выкарыстоўвалася праца наёмных сельскагаспадарчых рабочых — парабкаў. У канцы XIX ст. у Беларусі было ўжо 7,6 % сялянскіх гаспадарак, якія трымалі не менш, чым 1 батрака. У катэгорыю парабкаў траплялі збяднелыя з-за драбнення сваіх надзелаў сяляне. Амаль кожная дзясятая сялянская сям'я ў той час зусім не мела зямлі, а кожная пятая — каня, без якога немагчыма было весці гаспадарку.
Такім чынам, рэформа 1861 г. дала магчымасць для развіцця прадпрымальніцтва як сярод памешчыкаў, так і часткі сялян, што выявілася ў падпарадкаванні арэнднай сістэмы гаспадарання памешчыкамі і ў росце сялянскай прыватнай зямельнай уласнасці.