§ 21—22-1. Другая сусветная вайна і яе вынікі
4. Завяршальны этап Другой сусветнай вайны
Завяршэнне сусветнай вайны і пасляваеннае светаўладкаванне абмяркоўваліся на канферэнцыі ў Патсдаме (прыгарад Берліна), якая праходзіла 17 ліпеня — 2 жніўня 1945 г. На ёй былі прыняты важныя гістарычныя пастанаўленні:
- дэмілітарызацыя, дэнацыфікацыя і дэмакратызацыя Германіі;
- падзел Германіі на чатыры зоны акупацыі да вырашэння германскага пытання — англійскую, амерыканскую, савецкую і французскую;
- арганізацыя міжнароднага суда над нацысцкімі правадырамі.
Згодна з рашэннямі Ялцінскай і Патсдамскай канферэнцый ЗША і СССР пачалі сумесныя ваенныя дзеянні супраць Японіі, якая ўступіла ў вайну ў верасні 1940 г. — пасля падпісання саюзу з Германіяй і Італіяй і нападу на Французскі Індакітай. Найбольш актыўна супраць яе ваявалі Злучаныя Штаты. Пятага жніўня 1945 г. саюзнікі прад’явілі Японіі ўльтыматум з патрабаваннем яе капітуляцыі, пасля чаго ЗША скінулі атамныя бомбы на японскія гарады Хірасіма і Нагасакі. Вялікі ўнёсак у агульную перамогу зрабіў Савецкі Саюз, які разграміў на працягу трох тыдняў мільённую Квантунскую армію і вызваліў ад японцаў Маньчжурыю, а таксама Паўднёвы Сахалін, Курыльскія астравы і Паўночную Карэю.
2 верасня 1945 г. капітулявала і мілітарысцкая Японія. Другая сусветная вайна, якая доўжылася шэсць гадоў, скончылася. Злачынствы фашызму перад чалавецтвам і фашызм як ідэалогія былі асуджаны на Нюрнбергскім працэсе ў 1945—1949 гг., а таксама на Такійскім працэсе ў 1946—1948 гг.