§ 21—22-1. Другая сусветная вайна і яе вынікі
3. Вялікая Айчынная вайна савецкага народа
Да 1940 г. гітлераўская Германія захапіла практычна ўсю кантынентальную Еўропу і стала рыхтавацца да вайны з Вялікабрытаніяй. 16 ліпеня 1940 г. быў зацверджаны план аперацыі пад кодавай назвай «Марскі леў», якая прадугледжвала ўварванне сіл вермахта на тэрыторыю Вялікабрытаніі. Ваяваць з СССР Гітлер яшчэ не збіраўся.
У 1941 г. усё змянілася. Чаму? На гэтае шмат у чым дыскусійнае пытанне няма адназначнага адказу. Прычыны нападу нацысцкай Германіі на СССР многія даследчыкі бачаць у яе імкненні да сусветнага панавання і захопу новых тэрыторый, у патрэбе ў рэсурсах для вядзення вайны, супрацьстаянні камуністычнай і фашысцкай ідэалогіі і ў супярэчнасці паміж сацыялістычнай і капіталістычнай грамадскімі сістэмамі.
Названыя прычыны не выклікаюць сумненняў, але імі адказ на пастаўленае пытанне не вычэрпваецца. Многае, калі не ўсё, маглі б выявіць вынікі перамоў паміж Германіяй і Вялікабрытаніяй, якія ў маі 1941 г. правёў бліжэйшы паплечнік Гітлера па партыі рэйхсміністр Р. Гес, аднак многія дакументы, звязаныя з гэтымі перамовамі, да сёння не рассакрэчаны.
Яшчэ ў канцы красавіка 1941 г. германская прэса стала прыводзіць ілжывыя факты аб парушэнні СССР пакта Молатава — Рыбентропа. Гітлер вінаваціў Маскву ў вераломстве, парушэнні дамоўленасцей 1939 г., у канцэнтрацыі войскаў на ўсходніх межах Германіі і падрыхтоўцы нападу.
У СССР ужо ў кастрычніку 1940 г. па разведвальных каналах сталі паступаць паведамленні аб канцэнтрацыі нямецкіх войскаў на граніцах і аб падрыхтоўцы нападу на СССР. Тое, што ўзброенае сутыкненне з Германіяй непазбежнае, у Савецкім Саюзе разумелі і рыхтаваліся да яго. СССР здзяйсняў перакідку войскаў да заходніх межаў. У апошнія дні мая 1941 г. пад выглядам буйных вучэбных збораў у Савецкім Саюзе пачалі праводзіць схаваную мабілізацыю. Было прынята рашэнне аб павелічэнні колькасці танкавых часцей і злучэнняў, аб будаўніцтве новых караблёў для ваенна-марскога флоту.
22 чэрвеня 1941 г., парушыўшы дамоўленасці, Германія напала на СССР. Для ажыццяўлення плана «Барбароса» да 22 чэрвеня 1941 г. Германія і яе саюзнікі — Фінляндыя, Румынія і Венгрыя — стварылі небывалую ў гісторыі войнаў армію. Супраць СССР было накіравана амаль 80 % ад агульнай колькасці войскаў Германіі.
Акрамя таго, Італія ўлетку 1941 г. накіравала на савецка-германскі фронт адзін корпус у складзе трох дывізій, Славакія — дзве пяхотныя дывізіі і Харватыя — узмоцнены пяхотный полк. Іспанія, якая ўлетку 1940 г. аб’яіла, што «не ўдзельнічае ў вайне», прадаставіла Германіі на Усходнім фронце дывізію добраахвотнікаў.
Такім чынам, Савецкаму Саюзу супрацьстаяла практычна ўся аб’яднаная Еўропа. Вайна стала цяжэйшым выпрабаваннем для савецкага народа. Дабіцца перамогі гітлераўцы планавалі з дапамогай стратэгіі і тактыкі бліцкрыгу — «маланкавай вайны». Аднак дзякуючы гераічнаму супраціўленню байцоў Чырвонай арміі і партызан, гераізму працаўнікоў тылу, своечасовай маштабнай эвакуацыі гэтая тактыка пацярпела крах.
У чэрвені — жніўні 1941 г. ішлі цяжкія абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Прыбалтыкі. Цэнтральнай падзеяй усёй Другой сусветнай вайны стала бітва пад Масквой (30 верасня 1941 г. — 20 красавіка 1942 г.), у ходзе якой тактыка бліцкрыгу канчаткова правалілася. Да канца красавіка 1942 г. вермахт страціў на Усходнім фронце больш за 1,5 млн чалавек, каля 4 тыс. танкаў і штурмавых гармат, 7 тыс. самалётаў. Гэта амаль у пяць разоў перавысіла яго страты ва ўсіх ваенных кампаніях, што папярэднічалі нападу на СССР.
На акупаванай тэрыторыі гітлераўцы арганізоўвалі канцэнтрацыйныя лагеры, для барацьбы з партызанамі і з мэтай знішчэння мірнага насельніцтва праводзілі карныя аперацыі.
11 сакавіка 1941 г. Кангрэс ЗША прыняў закон аб ленд-лізе, згодна з якім Злучаныя Штаты перадавалі сваім саюзнікам у Другой сусветнай вайне боепрыпасы, тэхніку, прадукты харчавання і стратэгічную сыравіну, уключаючы нафтапрадукты, на суму 7 млрд долараў. Па падліках савецкіх эканамістаў, агульны аб’ём паставак складаў усяго толькі каля 4 % валавой прамысловай вытворчасці СССР у гады вайны.
Стратэгічны пералом у вайне адбыўся ў ходзе Сталінградскай (17 ліпеня 1942 г. — 2 лютага 1943 г.), а затым Курскай (5 ліпеня — 23 жніўня 1943 г.) бітваў. У маі 1944 г. была распрацавана аперацыя «Баграціён» па вызваленні Беларусі (23 чэрвеня — 29 жніўня 1944 г.). Шостага чэрвеня 1944 г. саюзнікамі СССР па антыгітлераўскай кааліцыі быў адкрыты другі фронт.
У жніўні 1944 г. пачалося вызваленне краін Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы. Другога мая 1945 г. быў узяты Берлін, фашысцкі рэжым паў. Днём Перамогі стала 9 мая 1945 г.
Пасля завяршэння Другой сусветнай вайны прайшло 75 гадоў, але да гэтага часу не спыняюцца спробы фальсіфікацыі яе падзей і вынікаў. Асабліва яны ўзмацніліся пасля распаду СССР. Ідэолагі Захаду, маючы карыслівыя мэты, імкнуцца сказіць прычыны ўзнікнення і характар вайны, ускладаюць адказнасць за яе развязванне не толькі на Германію, але і на Савецкі Саюз, прыніжаюць ролю СССР і перабольшваюць ролю заходніх дзяржаў у разгроме фашызму. Паражэнне фашысцкай Германіі тлумачаць памылкамі і пралікамі Гітлера, вялізнымі прасторамі, суровым кліматам і «кепскімі дарогамі». Таму спадчыннікам тых, хто каваў Вялікую Перамогу на франтах вайны і ў тыле, вельмі важна захаваць гістарычную праўду аб Вялікай Айчыннай вайне ва ўсёй яе велічнасці і трагічнасці.