§ 8–2. Адмена прыгоннага права

7. Вынікі і значэнне аграрнай рэформы

Нягледзячы на змяненне ўмоў вызвалення сялян, урад, маючы на ўвазе інтарэсы памешчыкаў, не рашыўся прыняць карэнныя меры па паляпшэнні эканамічнага становішча былых прыгонных. Пасля ўнясення ў 1863 г. змяненняў у «Палажэнне» ад 19 лютага 1861 г. сялянам вярнулі не ўсе землі, якія былі адрэзаныя памешчыкамі перад адменай прыгоннага права. Памешчыкі захавалі значную частку адрэзкаў і прысвоілі лепшыя сялянскія землі пры абмежаванні і размеркаванні ўгоддзяў. Нягледзячы на зніжэнне выкупных плацяжоў у ходзе правядзення рэформы 1861 г. у Беларусі, пераход сялян на выкуп пры незабяспечанасці зямлёй і ўзмацненні агульнага падатковага ціску паскорыў пралетарызацыю асноўнай іх масы, прывёў да паступлення буйных выкупных сум у рукі памешчыкаў і дзяржавы.

Рэформа 1861 г. не вырашыла цалкам сялянскае пытанне. Былыя прыгонныя пасля вызвалення сутыкнуліся з вялікай колькасцю праблем. Урадавая мадэль вызвалення сялян з надзяленнем зямлёй за выкуп не адпавядала ні інтарэсам памешчыкаў, ні надзеям сялян стаць уласнікамі, а не часовымі карыстальнікамі зямлі. Сяляне не атрымалі матэрыяльных выгод.

 

Найважнейшым вынікам рэформы сталі атрыманне сялянамі права самастойна распараджацца сваім лёсам, набыццё маёмасных і грамадзянскіх правоў. Перавод сялян на выкуп азначаў ліквідацыю прыгонніцкіх адносін і паступовы пераход да капіталістычнай сістэмы гаспадарання. Пазітыўныя вынікі адмены прыгоннага права заключаліся ў стварэнні шэрагу базавых перадумоў для фарміравання рынкавага механізму ў аграрнай сферы Беларусі.

Асноўная задача, пастаўленая перад рэформай, — знішчэнне прыгону, была выкананая. Беларускія сяляне, дзякуючы зменам у аграрным заканадаўстве, выкліканымі паўстаннем 1863—1864 гг., апынуліся ў больш спрыяльных умовах, чым сяляне астатніх губерняў Расійскай імперыі. Рэформа 1861 г. мела буржуазны змест і, нягледзячы на сваю пэўную абмежаванасць, адкрывала шлях для капіталістычнай мадэрнізацыі вёскі.