§ 8–2. Адмена прыгоннага права

6. Змены ў рэалізацыі рэформы, звязаныя з паўстаннем 1863—1864 гг.

Рэформа на тэрыторыі Беларусі мела свае асаблівасці. Яе правядзенне супала па часе з паўстаннем 1863—1864 гг. Гэтая падзея прымусіла царызм перагледзець сваю палітыку на гэтых землях, у тым ліку і аграрную.

1 сакавіка 1863 г. выйшаў указ аб абавязковым выкупе сялянскіх надзелаў у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай губернях, які падрываў магчымую сацыяльную базу паўстання. Праз тры месяцы указ быў распаўсюджаны на Магілёўскую і Віцебскую губерні. Адмянялася часоваабавязанае становішча, сяляне пераводзіліся ў разрад уласнікаў зямлі. Выкупныя плацяжы зніжаліся на 20 %.

У выніку праверкі правільнасці складання ўстаўных грамат у часткі сялян былі павялічаны зямельныя надзелы, зніжаны аброк і адпаведна выкупныя плацяжы. За сялянамі замацоўваліся сервітуты, якімі яны карысталіся да рэформы 1861 г. Сяляне, якія былі пазбаўленыя зямлі пасля складання інвентароў, надзяляліся трыма дзесяціна зямлі на сям'ю, а абеззямеленыя пасля 1857 г. атрымалі свае надзелы ў поўным аб'ёме.

 

У выніку дадатковых мерапрыемстваў расійскага ўраду, праведзеных у 1863—1864 гг., зямельны «голад» у беларускай вёсцы некалькі паменшыўся. З пераходам на абавязковы выкуп і надзяленне зямлёй абеззямеленых сялян землеўладанне былых прыгонных трохі павялічылася.

Такім чынам, паўстанне 1863—1864 гг. выклікала перагляд унутранай палітыкі ўрада на беларускіх землях у бок значна большага, чым раней, уліку інтарэсаў і настрояў сялянства, якое заклікана было стаць надзейнай сацыяльнай апорай царызму на гэтых тэрыторыях.