§ 8–2. Адмена прыгоннага права

5. Выкупная аперацыя

«Палажэнні 19 лютага 1861 г.» абавязвалі селяніна заплаціць памешчыку выкуп за зямлю. Кошт зямлі быў вельмі высокі, таму па законе пры выкупе сяляне плацілі 20 % адпаведнай сумы, а астатнія 80 % памешчыкам давала дзяржава. Сяляне станавіліся даўжнікамі дзяржавы на 49 гадоў. Высокія выкупныя плацяжы з улікам іншых дзяржаўных і земскіх збораў абцяжарвалі эканамічнае становішча сялян. Гэтыя плацяжы пазбаўлялі вяскоўцаў сродкаў, якія маглі быць укладзеныя ў земляробчую вытворчасць.

Выкуп уключаў у сябе плату як за зямлю, так і за феадальныя павіннасці — паншчыну і чынш — і па сутнасці з'яўляўся выкупам асобы.

Пастаянныя зямельныя адносіны памешчыкаў і сялян вызначаліся ўстаўнымі граматамі, якія складаліся па кожным маёнтку. У статутнай грамаце ўказваліся памеры зямельных участкаў і гадавая павіннасць з іх, а таксама ацэнка сядзібы на выпадак яе выкупу. Складзеныя ўстаўныя граматы правяраў міравы пасрэднік, які назначаўся з ліку дваран. Па законе на складанне ўстаўных грамат і іх падпісанне сялянамі і памешчыкамі адводзілася два гады. Акрамя міравых пасрэднікаў, для практычнага ажыццяўлення рэформы 1861 г. былі створаны спецыяльныя мясцовыя органы — павятовыя міравыя з'езды і губернскія па сялянскіх справах прысутнасці.