§ 8–1. Рашэнне аграрнага пытання ў першай палове XIX ст.
3. Сацыяльныя супярэчнасці на вёсцы
Абвастрэнне крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы адбівалася і на сялянстве, якое ў сярэдзіне 30-х гг. XIX ст. складала прыкладна 90 % усяго насельніцтва Беларусі. Памешчыцкія і дзяржаўныя сяляне мелі сваю гаспадарку і карысталіся зямельным надзелам на ўмове выканання павіннасцей. Асноўнымі формамі сялянскіх павіннасцей заставаліся паншчына і аброк. Да сярэдзіны XIX ст. звыш 97 % усіх памешчыцкіх сялян складалі паншчынныя.
У першай палове XIX ст. пры некаторым памяншэнні чыншу паншчынныя павіннасці павялічваюцца ў сярэднім у 1, 5—2 разы. Напрыклад, у маёнтках Гродзенскай, Мінскай, Віцебскай, у паўночнай частцы Магілёўскай губерняў найбольш распаўсюджанай была штотыднёвая паншчына ў 6 дзён з сялянскай гаспадаркі. Выконвалася яна ў тры дні «работы мужчынскай» (з запрэжкай) і столькі ж «работы жаночай».
На працягу першай паловы XIX ст. на тэрыторыі беларускіх губерняў назіраецца маёмаснае расслаенне (дыферэнцыяцыя) сялянства. У залежнасці ад колькасці зямлі і жывёлы сяляне падзяляліся на разрады: цяглыя, агароднікі, бабылі і дваровыя. Цяглыя мелі поўны зямельны надзел і выконвалі ўсе павіннасці. Сярод іх былі паўцяглыя, якія карысталіся паловай надзелу і выконвалі палову нормы павіннасцей. Агароднікамі лічыліся тыя, хто атрымліваў ад землеўладальніка сядзібы з агародам і адбывалі толькі талокі і гвалты. Бабылямі або кутнікамі, халупнікамі лічыліся беззямельныя і бяздомныя. Да дваровых адносіліся сяляне, якія выконвалі абавязкі прыслугі пры двары памешчыка.
Крызіс прыгонніцкай сістэмы пацвярджаецца узмацненнем сялянскага руху. Калі на працягу першай трэці XIX ст. было зарэгістравана 46 буйных выступленняў сялян, то ў другой траціне іх колькасць узрасла да 91. Незадаволенасць і пратэст сялян былі выкліканыя ўзмацненнем прыгонніцкага прыгнёту, які выяўляўся ў павелічэнні памераў паншчыны і чыншу, захопе сялянскіх надзелаў, прымусовым перасяленні сялян на няўродлівыя зямлі, жорсткім абыходжанні з імі прыгоннікаў, эканомаў, арандатараў. Асаблівасцю сацыяльных супярэчнасцей у Беларусі з'яўлялася іх перапляценне з нацыянальна-рэлігійнай варожасцю паміж сялянамі і памешчыкамі. Землеўладальнікі мелі неабмежаваную ўладу над сваімі прыгоннымі. Яны маглі без суда, па ўласным меркаванні ссылаць непажаданых сялян у Сібір на пасяленне, падвяргаць розным пакаранням. Некаторыя з іх ладзілі ў сваіх сядзібах сапраўдныя турмы і камеры катаванняў.
Формы барацьбы сялян супраць прыгоннікаў былі самыя розныя: скаргі, адмова ад выканання павіннасцей, уцёкі, супраціў паліцыі і войскам, забойства памешчыкаў і іх служачых. Распаўсюджанай формай пратэсту быў пошук сялянамі «вольных зямель». Яны верылі, што ёсць месцы, дзе людзі жывуць вольна. Такое становішча турбавала царскі ўрад і прымушала яго прадпрымаць канкрэтныя крокі па ўрэгуляванні сітуацыі на вёсцы.