§ 8–1. Рашэнне аграрнага пытання ў першай палове XIX ст.
2. Агратэхнічны ўзровень сялянскага земляробства
Агульнай тэндэнцыяй дарэформеннай Беларусі стала пагаршэнне эканамічнага становішча сялянскіх гаспадарак. У 1850-я гг. колькасць коней у сялянскіх гаспадарках зменшылася з 800 да 663 тыс. галоў, буйной рагатай жывёлы — з 1998 да 1431 тыс. Адсутнасць асабістай свабоды і саслоўныя абмежаванні рэзка звужалі эканамічныя магчымасці селяніна. Звычайнай з'явай былі неўраджаі. Галеча, голад, збядненне, нядоімкі, што ўвесь час павялічваліся, па дзяржаўных падатках і плацяжах літаральна пераследавалі многія сялянскія гаспадаркі.
Ураджайнасць сельскагаспадарчых культур, у першую чаргу збожжавых і бульбы, пачала рэзка зніжацца. Напрыклад, у 1858—1860 гг. у параўнанні з 1843—1847 гг. сярэднегадавыя пасевы бульбы ў памешчыцкіх маёнтках Віленскай і Гродзенскай губерняў зменшыліся на 34,6 %. Агратэхнічны ўзровень сялянскага земляробства ва ўмовах панавання паншчыннай гаспадаркі таксама быў нізкім. Ураджайнасць на сялянскіх землях складала «сам два-тры».
У перыяд крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы зараджаецца прагрэсіўны па сваім змесце працэс — пераход ад феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі да капіталістычнай. У нетрах феадалізму развіваліся новыя капіталістычныя формы гаспадарання. З цягам часу яны ўсё больш і больш пранікалі ва ўсе сферы гаспадарчага жыцця.
Натуральная гаспадарка ўсё больш падрывалася развіццём таварна-грашовых адносін. Значныя змены ў сельскай гаспадарцы былі выкліканыя павелічэннем попыту на сыравіну для прамысловасці, якая развівалася, узрослай патрэбай у сельскагаспадарчых прадуктах для гарадскога насельніцтва. Сельская гаспадарка ўсё цясней звязвалася з рынкам, прыстасоўваючыся да яго запытаў.
Таварна-грашовыя адносіны выявіліся галоўным чынам у памешчыцкай гаспадарцы. Памешчыкі Беларусі вывозілі прадукцыю сваёй гаспадаркі ў прамысловыя губерні Расіі. У Заходняй Еўропе, дзе быў высокі ўзровень спажывання і маштабная прамысловая фабрычная вытворчасць, асаблівым попытам карысталіся прадукты харчавання і сельскагаспадарчая сыравіна. На беларускіх змлях гэтыя тавары былі вельмі таннымі, так як вырабляліся бясплатнай рабочай сілай прыгонных сялян. Акрамя хлеба, на знешнім рынку вельмі шанаваліся беларускі лён і драўніна (лясы займалі 40—45 % прасторы беларускіх губерняў). Больш за ўсё былі звязаны з рынкам буйныя памешчыцкія гаспадаркі, а таксама большасць сярэдніх. Дробныя гаспадаркі ў асноўным захоўвалі свой натуральны характар.
Таварызацыі сельскай гаспадаркі Беларусі спрыяў высокі кошт на хлеб у 1840—1850-х гг. Па прычыне частых неўраджаяў і павышанага попыту на збожжа для памешчыцкага бровара цэны на збожжавыя на беларускіх землях, як правіла, былі значна вышэй, чым у іншых раёнах Расійскай імперыі. У 1830-я — 1840-я гг. 70—80 % усіх даходаў памешчыкаў Гродзенскай і Мінскай губерняў паступала ад продажу сельскагаспадарчых прадуктаў, галоўным чынам збожжа, гарэлкі і спірту.
У сувязі з патрабаваннямі рынку ў першай палове XIX ст. пачалася спецыялізацыя сельскагаспадарчай вытворчасці па асобных раёнах. У Мінскай губерні шырокае распаўсюджванне атрымалі пасевы бульбы, якая затым пераганялася ў спірт. Па вытворчасці спірту з бульбы Мінская губерня займала першае месца сярод іншых губерняў Расіі. Астатняя частка прыходзілася на паступленні ад чыншу, арэнды млыноў і г. д. У Віцебскай губерні, некаторых паветах Мінскай і Магілёўскай губерняў важнай таварнай культурай у памешчыцкіх гаспадарках становіцца лён. Так, на Віцебшчыне штогод выпрацоўвалася ад 200 да 500 тыс. пудоў ільновалакна. У буйных і збольшага ў сярэдніх памешчыцкіх маёнтках Гродзенскай губерні значнае развіццё атрымала танкарунная авечкагадоўля. У канцы 30—40-х гг. XX ст. тут выраблялася да 40–50 тыс. пудоў высакаякаснай танкаруннай воўны. На яе аснове развівалася суконная вытворчасць.
У першай палове ХІХ ст. некаторыя памешчыкі рабілі спробы перабудаваць сваю гаспадарку па заходнееўрапейскім узоры: уводзілі чатырохпольны севазварот, пасевы кармавых траў, сеялі гатункавае насенне, вырошчвалі пародзістую жывёлу, прымянялі механізмы (малатарні, веялкі), жалезныя плугі і бароны, будавалі прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчых прадуктаў.
Пашырылася прымяненне найму рабочай сілы ў памешчыцкай гаспадарцы. Некаторыя землеўладальнікі пераводзілі з паншчыны на чынш сваіх прыгонных сялян, якія потым наймаліся да іх на працу за пэўную плату. Наёмная праца прымянялася ў асноўным падчас уборкі буракоў і бульбы, пры даглядзе за малочным быдлам і інш. Найбольш шырока наёмная праца выкарыстоўвалася на прамысловых прадпрыемствах, на броварных і іншых заводах, на будаўнічых работах, нарыхтоўках і сплаве лесу.
Аднак асноўная маса памешчыкаў лічыла прыгоннае права падмуркам сваёй гаспадаркі і не збіралася ад яго адмаўляцца. Далейшае развіццё прагрэсіўных з'яў у эканоміцы стрымлівалася панаваннем прыгонніцкай сістэмы. Танная праца прыгонных сялян перашкаджала тэхнічнаму прагрэсу. Большасць памешчыкаў прытрымлівалася старых парадкаў — традыцыйнай трохпольнай сістэмы з перавагай пасеваў збожжавых культур, руціннай тэхнікі. Рост таварнасці памешчыцкіх гаспадарак ішоў галоўным чынам на аснове павелічэння паншчынных павіннасцей прыгонных.