§ 19–2. Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь у пачатку XXI ст.
5. Супрацоўніцтва з краінамі Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі
З улікам высокіх тэмпаў эканамічнага развіцця дзяржаў Азіі і павелічэння іх вагі ў сусветнай палітыцы і эканоміцы ў фокусе ўвагі беларускай дыпламатыі застаецца забеспячэнне высокай дынамікі супрацоўніцтва з традыцыйнымі і новымі партнёрамі ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі.
Выгаднае супрацоўніцтва наладжана з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Беларусь і Кітай неаднаразова выказвалі адзінства поглядаў па пытаннях міжнароднай палітыкі — пабудовы шматпалярнага свету, глабалізацыі, правоў чалавека. Неаднаразова абедзве дзяржавы падтрымлівалі адна адну ў ААН і іншых міжнародных структурах.
Паміж нашымі краінамі заключана каля сарака буйных крэдытных пагадненняў у сферы энергетыкі, будаўніцтва, транспартнай інфраструктуры, прамысловасці, сельскай гаспадаркі. Сярод іх можна вылучыць развіццё мабільнай сувязі, вытворчасць бытавой электратэхнікі на сумесным прадпрыемстве «Мідэа-Гарызонт», правядзенне мадэрнізацыі Нацыянальнага аэрапорта «Мінск». У Кітаі былі створаныя прадпрыемствы па зборцы, збыце і абслугоўванні беларускіх кар'ерных самазвалаў «БелАЗ», трактароў «Беларус».
Беларусь актыўна ўдзельнічае ў праекце «Эканамічны пояс Шаўковага шляху». Асаблівую ролю тут адыгрывае Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» як міжнародны высокатэхналагічны праект, які адкрыты для новых замежных інвестараў. Па стане на студзень 2019 г. у парку зарэгістраваныя 42 рэзідэнты з Кітая, Германіі, Канады, Ізраіля і іншых краін.
Галоўным партнёрам Беларусі ў Лацінскай Амерыцы з'яўляецца Венесуэла. Сур'ёзны імпульс развіццю двухбаковых адносін надаў візіт у Мінск прэзідэнта Уга Чавеса ў 2006 г. Агульнасць палітычных поглядаў кіраўнікоў дзвюх краін абумовіла і развіццё эканамічных сувязяў. Было рэалізавана больш за 85 сумесных праектаў у галіне будаўніцтва жылля, нафтаздабычы, энергетыкі, сельскай гаспадаркі, прамысловасці і ў навуковай сферы. У Венесуэле адкрыты сумесныя вытворчасці па зборцы аўтамабіляў МАЗ і трактароў «Беларус».
Сярод іншых краін Лацінскай Амерыкі Беларусь развівае адносіны з такімі рэгіянальнымі лідарамі як Бразілія і Аргенціна, Куба, Балівія, Эквадор, Нікарагуа.
Вялікае значэнне наша краіна надае развіццю сувязяў з арабскімі краінамі Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. У 2000-я гг. важнымі партнёрамі Беларусі ў гэтым рэгіёне былі Сірыя і Лівія. У апошнія гады прыярытэтнымі партнёрамі на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы з'яўляюцца Егіпет, Ізраіль, ПАР, краіны Персідскага заліва. З гэтымі дзяржавамі рэалізуюцца праекты ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, інвестыцыйнай галінах.