§ 19–2. Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь у пачатку XXI ст.
4. Узаемаадносіны Беларусі з краінамі Еўрапейскага саюза
Еўрапейскі саюз (ЕС) займае важнае месца ў знешняй палітыцы Беларусі. У 1992 г. Рэспубліка Беларусь атрымала статус «спецыяльна запрошанага» члена Савета Еўропы. У 1995 г. было падпісана пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і ЕС.
У 2009 г. Беларусь стала краінай — удзельніцай праграмы ЕС «Усходняе партнёрства».
Праведзены перамовы аб партнёрстве ў сферы мабільнасці для забеспячэння лепшага кіравання міграцыйнымі патокамі, па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі, якія аблягчаюць працэдуры выдачы кароткатэрміновых віз, а таксама рэадмісіі нелегальных мігрантаў паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю.
У 2016 г. была створана Каардынацыйная група ЕС — Беларусь. Гэтая група служыць пляцоўкай для палітычнага дыялогу па ўсім спектры тэм, пачынаючы з эканомікі і фінансаў і заканчваючы пытаннямі адукацыі і навуковых даследаванняў.