§ 19–2. Знешняя палітыка Рэспублікі Беларусь у пачатку XXI ст.
2. Развіццё эканамічных і культурных сувязяў з краінамі блізкага і далёкага замежжа
Развіццё двухбаковых адносін з краінамі СНД — адзін з асноўных знешнепалітычных і знешнеэканамічных прыярытэтаў Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым важнейшай сферай супрацоўніцтва з’яўляецца гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне. Ключавымі гандлёвымі партнёрамі выступаюць Расія, Украіна, Казахстан, Азербайджан і Малдова, на долю якіх прыпадае больш за 90 % беларускага экспарту ў рэгіён СНД.
Пашырылася супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сферах, па пытаннях міжнароднай бяспекі з краінамі Еўрапейскага саюза і Злучанымі Штатамі Амерыкі.
Рэспубліка Беларусь паслядоўна ўмацоўвае і пашырае далёкую знешнепалітычную «дугу» саюзнікаў і партнёраў у Азіяцкім, Блізкаўсходнім, Афрыканскім і Лацінаамерыканскім рэгіёнах. Асноўныя кірункі развіцця адносін — актывізацыя палітычнага, эканамічнага і культурнага ўзаемадзеяння з традыцыйнымі партнёрамі (Кітай, В’етнам, Індыя, ААЭ, Сірыя, Егіпет), наладжванне дыялогу, актыўны выхад і замацаванне на рынках дзяржаў, якія маюць значны патэнцыял для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Вектар развіцця ўзаемаадносін з Лацінскай Амерыкай накіраваны ў першую чаргу на супрацоўніцтва з такімі краінамі, як Куба, Бразілія, Венесуэла.
Актыўна развіваецца міжнароднае культурнае супрацоўніцтва. Ключавой падзеяй такога супрацоўніцтва стаў штогадовы фестываль «Славянскі базар у Віцебску». Рэгулярна праводзяцца міжнародныя фестывалі мастацтваў, мастацкія выставы, кіна- і тэатральныя фестывалі.
Адным з прыярытэтаў з’яўляецца супрацоўніцтва ў сферы культуры з ЮНЕСКА. Чатыры аб’екты на тэрыторыі Беларусі ўключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта Белавежская пушча, Мірскі замак, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Дуга Струвэ, якая праходзіць па тэрыторыі яшчэ дзевяці еўрапейскіх дзяржаў.
Характэрнай рысай міжнародных культурных сувязей Беларусі на сучасным этапе стала пашырэнне ўдзелу ў іх няўрадавых арганізацый. Найбольш уплывовай структурай з’яўляецца Беларускае таварыства сяброўства і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. Галоўныя мэты гэтай арганізацыі — папулярызацыя культуры замежных краін у Беларусі і беларускай культуры за мяжой, паглыбленне міжнароднага супрацоўніцтва ў культурных, адукацыйных і гуманітарных праграмах, развіццё народнай дыпламатыі.