§ 19–1. Рэспубліка Беларусь у міжнародным супольніцтве ў 1990-я гг.

4. Развіццё інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй

Асноўным стратэгічным саюзнікам Рэспублікі Беларусь была і застаецца Расійская Федэрацыя. Двухбаковае партнёрства, развіццё саюзніцкіх адносін з Расіяй абумоўлены геаграфічнай і культурна-гістарычнай блізкасцю дзвюх краін і народаў, узаемадапаўняльнасцю эканомік, цеснымі ­кааперацыйнымі сувязямі беларускіх і расійскіх кампаній.

Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы заклаў асновы цеснай інтэграцыі нашых краін, надаў дынамічнае развіццё беларуска-расійскім адносінам пры ўмове, што і Расія, і Беларусь застаюцца самастойнымі суб’ектамі сусветнай супольнасці. Гэтым жа дакументам прадпісвалася стварэнне органаў, якія рэгулююць дзейнасць Саюзнай дзяржавы і жыццё ўнутры яе. У іх лік увайшлі Вышэйшы Дзяржаўны Савет, Савет Міністраў, Пастаянны Камітэт, Парламенцкі Сход.

У рамках Саюзнай дзяржавы Беларусь і Расія эфектыўна развіваюць гандлёва-эканамічнае, інвестыцыйнае і інавацыйнае супрацоўніцтва, разнапланавыя кааперацыйныя і гуманітарныя сувязі.

Беларусь і Расія эфектыўна каардынуюць свае дзеянні на міжнароднай арэне ў адпаведнасці з Праграмай узгодненых дзеянняў у сферы знешняй палітыкі, якая прымаецца кожныя два гады.

Працэс інтэграцыі паміж Расіяй і Беларуссю працягваецца: нашы краіны заўсёды імкнуцца знаходзіць і знаходзяць рашэнні нават самых складаных пытанняў.