§ 19–1. Рэспубліка Беларусь у міжнародным супольніцтве ў 1990-я гг.

3. Умацаванне сувязяў з краінамі СНД

Развіццё двухбаковых адносін з краінамі СНД з'яўлялася адным з асноўных знешнепалітычных і знешнеэканамічных прыярытэтаў Рэспублікі Беларусь у 1990-я гг. Роля Беларусі ў СНД вельмі значная. Мінск з'яўляецца месцам знаходжання выканаўчых і каардынацыйных органаў СНД. Беларусь прымае актыўны ўдзел у дзейнасці асноўных органаў СНД — Савеце кіраўнікоў дзяржаў, Савеце кіраўнікоў урадаў, Савеце міністраў замежных спраў і інш.

Рэспубліка Беларусь актыўна ўключалася ў дзейнасць рэгіянальных міжнародных арганізацый. У 1993 г. наша краіна далучылася да Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), мэта якой — развіццё супрацоўніцтва ў знешнепалітычнай, ваеннай, ваенна-тэхнічнай галінах, каардынацыя і аб'яднанне намаганняў у барацьбе з міжнародным тэрарызмам і іншымі сучаснымі пагрозамі бяспекі.

26 лютага 1999 г. у Маскве прэзідэнты Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана падпісалі Дагавор аб Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы. Асноўныя мэты Дагавора:

  • эфектыўнае функцыянаванне агульнага (унутранага) рынку тавараў, паслуг, капіталу і працы;
  • стварэнне ўмоў для структурнай перабудовы эканомікі бакоў у інтарэсах павышэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва;
  • правядзенне ўзгодненай падатковай, грашова-крэдытнай, валютна-фінансавай, гандлёвай, мытнай і тарыфнай палітыкі;
  • развіццё адзіных транспартных, энергетычных і інфармацыйных сістэм;
  • стварэнне агульнай сістэмы мер дзяржаўнай падтрымкі развіцця прыярытэтных галін эканомікі, вытворчай і навукова-тэхнічнай інфармацыі.