§ 18. БССР на міжнароднай арэне ў другой палове 1940-х — 1980-я гг.
6. Сувязі з беларускай дыяспарай
У ходзе Другой сусветнай вайны тысячы беларусаў апынуліся за межамі сваёй радзімы. У канцы вайны беларуская дыяспара ў Еўропе складала 1 млн чалавек. На рубяжы 1940–1950-х гг. асноўная частка беларускіх эмігрантаў перамясцілася на пастаяннае месца жыхарства ў Паўночную і Паўднёвую Амерыку, а таксама ў Аўстралію. У ЗША і Канадзе пасялілася прыблізна па 50 тыс. імігрантаў беларускага паходжання, дзясяткі тысяч аселі ў Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Францыі, ФРГ. Асобнай часткай беларускай дыяспары пасляваеннага часу сталі беларусы, якія жылі ў Польшчы, галоўным чынам на Беласточчыне (у 1960-я гг., па розных падліках, ад 160 да 500 тыс. чалавек).
У краінах кампактнага пражывання беларусаў ствараліся грамадскія, культурна-асветніцкія, навуковыя, выдавецкія, рэлігійныя арганізацыі, якія прапагандавалі беларускую нацыянальную культуру, знаёмілі з гісторыяй Беларусі, яе літаратурай і мастацтвам.
Пашырэнню дыялогу з беларускай дыяспарай у розных кутках свету садзейнічала Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой «Радзіма». Таварыства створана ў красавіку 1964 г. на базе Беларускай секцыі савецкага камітэта «За вяртанне на Радзіму». Заснавальнікамі яго сталі прадстаўнікі беларускай грамадскасці на чале з вядомымі дзеячамі нацыянальнай культуры Р. Шырмам і М. Танкам. Прыярытэтным кірункам дзейнасці таварыства было выкананне ролі грамадскага сувязнога звяна паміж дзяржаўнымі інстытутамі і беларускімі эмігранцкімі арганізацыямі. Газета «Голас Радзімы» — друкаваны орган таварыства — распаўсюджвалася амаль у 50 краінах свету. Таварыства «Радзіма» садзейнічала ўстаноўцы бюста Я. Купалы ў Эроў-парку (ЗША), вяртанню на Радзіму ўнікальнага слуцкага пояса.