§ 18. БССР на міжнароднай арэне ў другой палове 1940-х — 1980-я гг.
2. Уключэнне БССР у лік краін-заснавальніц ААН
Яшчэ ў ходзе Другой сусветнай вайны лідарамі СССР, ЗША і Англіі было прынята рашэнне аб стварэнні аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі, якая вырашала б важнейшыя сусветныя праблемы і выступала гарантам міру і бяспекі на зямлі, — Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН).
Каб узмацніць свой уплыў на дзейнасць ААН, урад СССР прапанаваў прызнаць паўнапраўнымі членамі новай арганізацыі ўсе саюзныя рэспублікі, у тым ліку і БССР. Але саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі згадзіліся ўключыць у лік краін — заснавальнікаў ААН толькі Беларусь і Украіну, улічваючы іх унёсак у разгром нацызму, вялізныя людскія і матэрыяльныя страты.
У маі 1945 г. прадстаўнікі БССР прынялі ўдзел у працы канферэнцыі па заснаванні ААН у Сан-Францыска. 25 чэрвеня 1945 г. дэлегацыя БССР разам з дэлегацыямі іншых 50 дзяржаў падпісала Статут ААН, ратыфікаваны Вярхоўным Саветам БССР 30 жніўня 1945 г.
Удзел БССР у стварэнні самай прэстыжнай міжнароднай арганізацыі змяніў статус рэспублікі і пашырыў магчымасці яе супрацоўніцтва з іншымі краінамі.