§ 16–17 – 5. Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

3. Уклад беларускага народа ў разгром нацысцкай Германіі і яе саюзнікаў

Беларускі народ зрабіў значны ўнёсак у перамогу над ворагам. На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагалася больш за 1,3 млн выхадцаў з Беларусі. На акупіраванай тэрыторыі Беларусі гераічна супрацьстаялі ворагу 374 тыс. партызан. Мужную барацьбу вялі 70 тыс. падпольшчыкаў.

За гераізм і мужнасць 140 тыс. беларускіх партызан і падпольшчыкаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, 95 чалавек атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. За доблесць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з захопнікамі, звыш 300 тыс. салдат і афіцэраў — ​ураджэнцаў Беларусі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Больш за 400 воінаў удастоены звання Героя Савецкага Саюза, а П. Я. Галавачову, І. І. Гусакоўскаму, С. Ф. Шутаву, І. І. Якубоўскаму гэтае званне было нададзена двойчы.

Выхадцы з Беларусі змагаліся з нацызмам у еўрапейскім руху Супраціўлення — ​у Францыі, Італіі, Бельгіі, Чэхаславакіі.

У ходзе эвакуацыі з тэрыторыі Беларусі ва ўсходніх рэгіёнах СССР апынулася звыш 1,5 млн чалавек. Сваёй самаадданай працай яны зрабілі вялізны ўнёсак у перамогу над ворагам, забяспечваючы франты зброяй, тэхнікай, боепрыпасамі, медыкаментамі і харчаваннем. Працоўны подзвіг дзясяткаў тысяч беларусаў быў адзначаны ордэнамі і медалямі.

Беларускі народ заплаціў высокую цану за перамогу над нацызмам. За гады Другой сусветнай вайны Беларусь страціла каля 3 млн чалавек. Матэрыяльная шкода склала 75 млрд руб. у цэнах 1941 г., што ў 35 раз перавышала бюджэт БССР 1940 г. Па ўзроўні прамысловага развіцця рэспубліка была адкінута на ўзровень 1913 г.