§ 16–17 – 5. Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

2. Подзвігі савецкіх воінаў

Пры вызваленні Беларусі ад германскіх захопнікаў савецкія воіны праяўлялі мужнасць і гераізм. На беларускай зямлі больш за 20 воінаў паўтарылі подзвіг Аляксандра Матросава; звыш 10 лётчыкаў здзейснілі паветраныя тараны і каля 30 паўтарылі подзвіг Мікалая Гастэлы.

Радзіма высока ацаніла масавы гераізм савецкіх воінаў у баях за Беларусь: 1687 чалавек былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, у тым ліку 39 беларусаў. Звыш ста Герояў Савецкага Саюза ў пасляваенныя гады былі ўдастоены звання ганаровых грамадзян беларускіх гарадоў. Камандуючы 65-й арміяй генерал П. І. Батаў быў удастоены гэтага звання ў сямі гарадах, вызваленых яго байцамі: Баранавічах, Бабруйску, Калінкавічах, Лоеве, Рэчыцы, Светлагорску, Слоніме. 874 воінскія часці былі ўзнагароджаны ордэнамі, 747 воінскіх часцей удастоены ганаровых найменняў беларускіх гарадоў.

Беларусь памятае і шануе сваіх вызваліцеляў. Уклад беларускага народа ў Вялікую Перамогу, у справу разгрому фашызму атрымаў прызнанне ва ўсім свеце.