§ 16–17 – 3. Германскі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі

5. Вываз на прымусовыя працы ў Германію

Германскае міністэрства працы, ваенна-эканамічныя міністэрствы заяўлялі аб важнасці выкарыстання савецкай рабочай сілы. Гэтыя работнікі назваліся «остарбайтары», або ўсходнія рабочыя. Вярбоўка на работу ў Германію сярод беларускага насельніцтва пачалася са снежня 1941 г., першапачаткова яна ажыццяўлялася на добраахвотнай аснове. Нацысты вялі агітацыю, апісваючы «выдатныя» ўмовы работы ў Германіі. Аднак пасля сталі прымяняцца прымусовыя гвалтоўныя згоны людзей на работы. Гэта было абумоўлена ростам патрэбы германскай эканомікі ў рабочай сіле, а таксама інфармацыяй аб нечалавечых умовах жыцця і работы ў Рэйху, што скараціла паток жадаючых паехаць на працу ў Германію. Прымусовы вываз працаздольнага насельніцтва з тэрыторыі Беларусі актывізаваўся вясной 1942 г. і працягваўся аж да пачатку вызвалення Беларусі ў сярэдзіне 1944 г. Усяго на прымусовыя работы ў Германію было вывезена амаль 400 тыс. жыхароў Беларусі.