§ 16–17 – 3. Германскі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі

4. Карныя аперацыі супраць партызан, падпольшчыкаў і мірнага насельніцтва

Галоўным сродкам насаджэння і падтрымання «новага парадку» быў масавы тэрор, які ажыццяўлялі войскі СС — атрады аховы, СА — штурмавыя атрады, паліцыя бяспекі і служба бяспекі СД, таемная палявая паліцыя ГФП, ахоўная паліцыя і г. д. Органы паліцыі бяспекі і СД былі прадстаўлены адмысловымі аператыўнымі атрадамі ваеннага тыпу — айнзацгрупамі і зондэркамандамі — аб'яднаннямі, прызначанымі для знішчэння людзей. На беларускай зямлі нацыстамі рабіліся нечуваныя злачынствы і зверствы, паўсюдна здзяйсняліся расправы над мірным насельніцтвам, ваеннапалоннымі.

За час акупацыі нямецкія нацысты і іх памагатыя правялі ў Беларусі больш за 140 карных экспедыцый, у час якіх цэлыя раёны ператварыліся ў «зоны пустыні». Падчас карных аперацый было знішчана 9200 вёсак, з іх 628 — разам з жыхарамі. Многія населеныя пункты знішчаліся па некалькі разоў: 335 вёсак — двойчы, 123 — тройчы, 37 — чатыры разы і больш. Трагічным сімвалам гэтых злачынстваў стала спаленая вёска Хатынь.

Ахвярамі палітыкі генацыду стала амаль чвэрць насельніцтва Беларусі. Усяго ў рэспубліцы было знішчана больш за 2 млн 200 тыс. чалавек.

Партызан і тых, хто аказваў ім дапамогу, фашысты прыраўноўвалі да ўзброеных бандытаў, якіх трэба было бязлітасна знішчаць. 28 ліпеня 1941 г. па загадзе А. Гітлера германскія войскі пачалі правядзенне карнай аперацыі «Прыпяцкія балоты», у выніку якой было забіта 13 788 чалавек, у асноўным мірныя жыхары. У ліпені 1942 г. звыш 30 тыс. салдат рэгулярнай арміі і паліцэйскіх пры падтрымцы танкаў, артылерыі і авіяцыі ўдзельнічалі ў карнай экспедыцыі «Адлер» супраць атрадаў Клічаўскай партызанскай зоны. Нягледзячы на цяжкія страты, партызаны выйшлі з акружэння. Не змаглі гітлераўцы знішчыць і Расонска-Асвейскую партызанскую зону ў лютым-сакавіку 1943 г. буйную аперацыю пад назвай «Котбус», у якой удзельнічала звыш 80 тыс. карнікаў, германскае камандаванне правяло ў маі — чэрвені 1943 г. супраць атрадаў Барысаўска-Бягомльскай і Полацка-Лепельскай партызанскіх зон.