§ 16–17 – 3. Германскі акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі

3. Канцэнтрацыйныя лагеры і гета на тэрыторыі Беларусі

На тэрыторыі Беларусі дзейнічала больш за 260 канцэнтрацыйных лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў. Па колькасці ахвяр (206,5 тыс. чалавек) лагер смерці Трасцянец, які знаходзіўся пад Мінскам, лічыцца найбуйнейшым пасля польскіх Асвенціма, Майданэка, Трэблінкі.

Адным з месцаў масавага знішчэння сталі «Азарыцкія лагеры смерці» — канцэнтрацыйныя лагеры, створаныя ў сакавіку 1944 г. на тэрыторыі Палескай вобласці (цяпер Гомельская) блізу мястэчка Азарычы. У гэтым лагеры загінула каля 20 тыс. чалавек.

У захопленых населеных пунктах Беларусі германскія ваенныя ўлады ў першыя дні акупацыі выдавалі загады, якія абавязвалі яўрэяў рэгістравацца па месцы жыхарства. Усе асобы яўрэйскай нацыянальнасці, якія дасягнулі дзесяцігадовага ўзросту «ў мэтах абазначэння расавай прыналежнасці» павінны былі насіць адметныя знакі — белыя павязкі з зоркай Давіда або жоўтыя нашыўкі. На акупаванай тэрыторыі адмянялася права свабоднага перамяшчэння яўрэяў, уводзіліся абавязковыя прымусовыя работы для яўрэяў абодвух палоў ва ўзросце ад 14 да 60 гадоў.

Адміністрацыйнае распараджэнне камандуючага тылам групы армій «Цэнтр» ад 13 ліпеня 1941 г. абавязвала ва ўсіх яўрэйскіх супольнасцях да 21 ліпеня 1941 г. стварыць юдэнраты (яўрэйскія саветы) для выканання ўсіх распараджэнняў ваенных улад і паліцыі.

Наступны этап у вырашэнні «яўрэйскага пытання» заключаўся ў тым, каб сабраць і сканцэнтраваць яўрэяў на абмежаванай тэрыторыі горада, якая называлася «гета».

Тэрыторыя гета была абгароджана калючым дротам, ізаляваная ад знешняга свету, ахоўвалася войскамі СС і паліцыі. Усе працаздольныя яўрэі былі занятыя на ваенных прадпрыемствах, выконвалі розныя працы для патрэб ваеннай гаспадаркі і акупацыйных улад. Гета з'яўляліся не толькі месцам жыхарства яўрэяў, але і працы. У гета ствараліся кравецкія, сталярныя, слясарныя, абутковыя і іншыя майстэрні, якія выконвалі пераважна заказы грамадзянскіх улад і вермахта. Гета забаранялася пакідаць без спецыяльна устаноўленых пропускаў альбо без рабочых каманд у суправаджэнні аховы. Спробы ўцёкаў з гета караліся смерцю.