§ 16–17 – 1. Пачатак Другой сусветнай вайны. Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР

6. Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР

Пераважная большасць насельніцтва Заходняй Беларусі сустракала Чырвоную Армію з радасцю, з хлебам-соллю і аказвала ёй дзейсную дапамогу.

Чырвонаармейцаў падтрымлівалі ў першую чаргу бяднейшыя слаі насельніцтва, якія ўспрымалі савецкую ўладу як сваю. З прыходам савецкіх войскаў у заходнебеларускіх гарадах і паветах ствараліся часовыя ўправы — ​у ваяводскіх і павятовых цэнтрах, сельскія камітэты — ​у мястэчках і вёсках, пры якіх арганізоўваліся атрады рабочай гвардыі і сялянскай міліцыі. У склад часовых упраў і сялянскіх камітэтаў уваходзілі былыя члены КПЗБ, рабочыя, прадстаўнікі гарадской беднаты, беларускай інтэлігенцыі, бяднейшыя сяляне. Часовыя ўправы бралі пад свой кантроль прамысловыя прадпрыемствы. Сельскія камітэты размяркоўвалі зямлю і маёмасць па­меш­чыкаў сярод беднаты. Адкрываліся новыя школы з беларускай мовай навучання.

28–30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку з мэтай заканадаўчага замацавання ўваходжання тэрыторый Заходняй Беларусі ў склад БССР прайшоў Народны сход Заходняй Беларусі. Кандыдаты ў дэпутаты Народнага сходу вылучаліся ад сялян, рабочых і інтэлігенцыі. Удзельнічаць у выбарах мелі права ўсе жыхары, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту. У выніку выбараў было абрана 927 дэпутатаў.

Па прапанове дэпутатаў С. Пры­тыцкага і Ф. Манцэвіча Народны сход прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўнай уладзе і Дэкларацыю аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Былі прыняты таксама рэзалюцыі аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель, аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці.

14 лістапада пазачарговая III сесія Вярхоўнага Савета БССР зацвердзіла Закон аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад БССР.

У выніку ўз’яднання Беларусі ­тэрыторыя БССР павялічылася да 225,7 тыс. км2, а насельніцтва — ​да 10,3 млн чалавек.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2021 г. 17 верасня аб’яўлена Днём народнага адзінства. Гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 г. па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора.

Адноўленае ў 1939 г. адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць пачэснае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць адным з сузаснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.