§ 16–17 – 1. Пачатак Другой сусветнай вайны. Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР
У чым заключаліся асаблівасці геапалітычнага становішча Беларусі ў 1921—1939 гг.? Што такое «Антыкамінтэрнаўскі пакт»?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас |
Книга: | § 16–17 – 1. Пачатак Другой сусветнай вайны. Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Пятница, 14 Март 2025, 09:50 |
Оглавление
- 1. Геапалітычная сітуацыя ў Еўропе ў канцы 1930-х гг.
- 2. Дагавор аб ненападзенні паміж Германіяй і СССР ад 23 жніўня 1939 г.
- 3. Пачатак Другой сусветнай вайны
- 4. Вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь
- 5. Дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй
- 6. Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР
- Пытанні і заданні
1. Геапалітычная сітуацыя ў Еўропе ў канцы 1930-х гг.
Падзеі, якія папярэднічалі пачатку Другой сусветнай вайны, можна ўмоўна падзяліць на два перыяды.
Першы перыяд (1933—1936 гг.) характарызуецца прыходам да ўлады ў Германіі нацыянал-сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі (НСДАП) на чале з А. Гітлерам і яго імкненнем усталяваць ваенны парытэт з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі. Пры падтрымцы англійскага і амерыканскага бізнесу пачалося нарошчванне ваеннай моцы краіны.
Ужо 14 кастрычніка 1933 г. Германія выйшла з Лігі Нацый.
Парушыўшы артыкулы Версальскага мірнага дагавора, А. Гітлер у 1935 г. увёў усеагульную вайсковую павіннасць. Германія пачала ствараць моцную армію.
У сакавіку 1935 г. Германія вярнула Саарскую вобласць, якая 15 гадоў пасля Першай сусветнай вайны знаходзілася пад кіраўніцтвам Лігі Нацый.
У 1936 г. А. Гітлер увёў войскі ў Рэйнскую дэмілітарызаваную зону, у тым жа годзе быў падпісаны «Антыкамінтэрнаўскі пакт».
Другі перыяд (1936—1939 гг.) звязаны з пачаткам германскай агрэсіі супраць некаторых еўрапейскіх краін.
У сакавіку 1938 г. пад лозунгам аб'яднання зямель, населеных немцамі, германскія войскі без супраціўлення захапілі Аўстрыю, было аб'яўлена аб яе «ўз'яднанні» з Германіяй (аншлюс Аўстрыі).
29—30 верасня 1938 г. у выніку «Мюнхенскай змовы» Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі і Францыі Судэцкая вобласць Чэхаславакіі была перададзена Германіі, Тешинская вобласць — Польшчы.
Вядучыя еўрапейскія краіны — Вялікабрытанія і Францыя — праводзілі палітыку «прымірэння агрэсара», ішлі на саступкі нацысцкай Германіі, імкнучыся накіраваць яе агрэсію супраць СССР.
Напрыклад, Вялікабрытанія і Францыя не настойвалі на выкананні Германіяй версальскіх дамоўленасцяў. У 1935 г. было заключана англа-германскае пагадненне, якое дазволіла немцам павялічыць танаж ваенна-марскога флоту і прыступіць да будаўніцтва падводных лодак. Французскі ўрад бяздзейнічаў, калі ў 1936 г. Германія ўвяла войскі ў Рэйнскую дэмілітарызаваную зону. У 1938 г. Вялікабрытанія і Францыя запатрабавалі ад урада Чэхаславакіі прыняць германскія ўмовы аб падзеле сваёй краіны.
2. Дагавор аб ненападзенні паміж Германіяй і СССР ад 23 жніўня 1939 г.
Ініцыятывы Савецкага Саюза па стварэнні сістэмы калектыўнай бяспекі на еўрапейскім кантыненце не знайшлі ўзаемаразумення і падтрымкі з боку кіруючых колаў Вялікабрытаніі, Францыі і Польшчы, якія імкнуліся гарантаваць сваю бяспеку за кошт савецкай дзяржавы.
У 1939 г. савецкі ўрад выступіў з прапановай заключыць паміж СССР, Вялікабрытаніяй і Францыяй дагавор аб узаемнай дапамозе ў выпадку агрэсіі супраць любой з краін — удзельніц пагаднення. Улетку 1939 г. у Маскве пачаліся трохбаковыя перамовы (СССР, Вялікабрытанія і Францыя) аб стварэнні сістэмы калектыўнай бяспекі. Была дасягнута дамоўленасць аб падпісанні палітычнага і ваеннага пагадненняў. Але англійская і французская ваенныя місіі не былі надзелены правам прымаць рашэнні. Перамовы зайшлі ў тупік.
Тым часам Вялікабрытанія і Францыя вялі перамовы з нацысцкай Германіяй, накіраваныя на тое, каб падштурхнуць яе да ўзброенага канфлікту з СССР.
У такой складанай сітуацыі СССР вымушаны быў пайсці на перамовы з гітлераўскай Германіяй. Ініцыятыва заключэння германа-савецкага пакта належыла германскаму боку.
23 жніўня 1939 г. міністр замежных спраў І. Рыбентроп прыляцеў у Маскву. Увечары 23 жніўня 1939 г. быў падпісаны германа-савецкі дагавор аб ненападзенні (Пакт Рыбентропа — Молатава) тэрмінам на 10 гадоў.
Разам з дагаворам аб ненападзенні быў падпісаны «сакрэтны дадатковы пратакол», якім вызначаліся сферы ўплыву дзвюх дзяржаў. У сферу інтарэсаў СССР уваходзілі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, што было актам гістарычнай справядлівасці, а таксама Усходняя Польшча, Латвія, Эстонія, Бесарабія.
Падпісанне Дагавора аб ненападзенні дазволіла Савецкаму Саюзу выйграць час для падрыхтоўкі да адбіцця агрэсіі і разбурыць планы стварэння адзінага антысавецкага фронту.
Ні Дагавор аб ненападзенні, ні прыкладзены да яго дадатковы пратакол не ўтрымлівалі артыкулаў аб ваенным супрацоўніцтве і не абавязвалі весці баявыя дзеянні супраць трэціх краін альбо аказваць дапамогу ў выпадку ўдзелу адной з іх у ваенным канфлікце. Дасягнутыя паміж Германіяй і Савецкім Саюзам дамоўленасці не рабілі іх саюзнікамі ні фармальна, ні фактычна.
3. Пачатак Другой сусветнай вайны
Другая Сусветная вайна працягвалася з 1 верасня 1939 г. па 2 верасня 1945 г. развязаная нацысцкай Германіяй, Італіяй і мілітарысцкай Японіяй, яна ўцягнула ў сваю арбіту 61 дзяржаву з насельніцтвам 1,7 млрд чалавек. Баявыя дзеянні вяліся на тэрыторыі 40 краін.
Яшчэ 28 красавіка 1939 г. Германія анулявала дамову з Польшчай аб ненападзенні, а германскі генштаб прыступіў да заключнага этапу распрацоўкі плана «Вайс» (план захопу Польшчы). Галоўнакамандуючы германскімі сухапутнымі сіламі генерал В. Браухіч 15 чэрвеня падпісаў дырэктыву аб нападзенні на Польшчу, а 22 жніўня 1939 г. А. Гітлер аддаў распараджэнне аб тым, што «перш за ўсё варта разграміць Польшчу». Гэтыя ўказанні прагучалі да прыбыцця. І. Рыбентропа ў Маскву. Такім чынам, лёс польскай дзяржавы быў прадвызначаны да падпісання германа-савецкага дагавора аб ненападзенні.
1 верасня 1939 г. нацысцкая Германія напала на Польшчу. Англія і Францыя, каб не страціць свайго ўплыву ў Еўропе, вымушаныя былі пад ціскам грамадскай думкі 3 верасня аб'явіць вайну Германіі, але рэальных баявых дзеянняў не вялі. ЗША вырашылі застацца ўбаку, заявіўшы 5 верасня 1939 г. аб сваім нейтралітэце.
4. Вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь
Польская армія не магла супрацьстаяць нашмат большым сілам праціўніка. Германскія дывізіі, маючы вялікую перавагу ў тэхніцы, хутка прасоўваліся ўглыб польскай дзяржавы. У сярэдзіне верасня 1939 г. яны падышлі да мяжы Заходняй Беларусі. Пад германскай акупацыяй апынуліся гарады Брэст і Беласток. 16 верасня польскі ўрад эміграваў у Румынію.
У частках Чырвонай Арміі Беларускага фронту 16 верасня быў зачытаны загад аб выступленні ў паход. У загадзе падкрэслівалася вызваленчая місія савецкіх войскаў, якія павінны былі ўзяць пад абарону беларусаў і ўкраінцаў. Савецкім войскам забаранялася бамбіць і абстрэльваць з гармат населеныя пункты. Патрабавалася праяўляць лаяльнае стаўленне да польскіх ваеннаслужачых, калі яны не будуць аказваць узброенага супраціўлення.
17 верасня 1939 г. часткі Чырвонай Арміі па распараджэнні савецкага ўрада перайшлі савецка-польскую мяжу і пачалі вызваленне Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.
СССР не аб'яўляў вайну Польшчы. Урад Польшчы таксама прызнаў, што вайны з СССР няма. Таму ў сваім загадзе польскім войскам маршал Э. Рыдз-Сміглы 17 верасня падкрэсліваў: «З Светамі не ваяваць, толькі ў выпадку націску з іх боку або спробаў раззбраення нашых частак... Войскі, да якіх падышлі Саветы, павінны ўступаць з імі ў перамовы з мэтай выхаду гарнізонаў у Румынію ці Венгрыю».
Беларускі фронт налічваў 200 802 салдата і афіцэра. Войскам фронту супрацьстаялі 45 тыс. польскіх салдат і афіцэраў, з якіх прыкладна палова не была ўзброеная.
Такім чынам, значных польскіх узброеных сіл, якія маглі б супрацьстаяць як войскам Беларускага фронту, так і нямецкім войскам на тэрыторыі Заходняй Беларусі не было. Паводле польскіх крыніц, у Заходняй Беларусі зафіксавана каля 40 выпадкаў супраціўлення пагранічных патрулёў, а таксама адзначаны баі ў паласе Беларускага фронту пад Кобрынам, Гродна, Вільні і Беластокам. Найбольш упартыя баі разгарнуліся 20–21 верасня ў Гродне, дзе 15-ы савецкі танкавы корпус страціў 12 танкаў, 47 чалавек забітымі і 156 параненымі.
У выніку ўсёй ваеннай аперацыі страты войскаў Беларускага фронту склалі 490 загінулых, 642 параненых і 13 зніклых без вестак.
Да 25 верасня тэрыторыя Заходняй Беларусі была цалкам вызваленая. Пачалася падрыхтоўка да выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі.
5. Дагавор аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй
28 верасня 1939 г. у Маскве быў падпісаны дагавор паміж СССР і Германіяй аб дружбе і граніцы. Усталёўвалася новая заходняя мяжа СССР па так званай «Лініі Керзана», вызначанай яшчэ ў 1919 г. Вярхоўным саветам Антанты як усходняя граніца Польшчы. Гэта была этнічная мяжа паміж беларусамі і палякамі. Прыкладна па гэтай лініі праходзіць і сёння беларуска-польская мяжа. У "сакрэтным дадатковым пратаколе" была запісаная дамоўленасць аб пераходзе тэрыторыі Літвы ў сферу ўплыву СССР. 10 кастрычніка 1939 г. па рашэнні савецкага ўрада Літве былі перададзены Вільня і Віленскае ваяводства.
6. Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР
Пераважная большасць насельніцтва Заходняй Беларусі сустракала Чырвоную Армію з радасцю, з хлебам-соллю і аказвала ёй дзейсную дапамогу.
Чырвонаармейцаў падтрымлівалі ў першую чаргу бяднейшыя слаі насельніцтва, якія ўспрымалі савецкую ўладу як сваю. З прыходам савецкіх войскаў у заходнебеларускіх гарадах і паветах ствараліся часовыя ўправы — у ваяводскіх і павятовых цэнтрах, сельскія камітэты — у мястэчках і вёсках, пры якіх арганізоўваліся атрады рабочай гвардыі і сялянскай міліцыі. У склад часовых упраў і сялянскіх камітэтаў уваходзілі былыя члены КПЗБ, рабочыя, прадстаўнікі гарадской беднаты, беларускай інтэлігенцыі, бяднейшыя сяляне. Часовыя ўправы бралі пад свой кантроль прамысловыя прадпрыемствы. Сельскія камітэты размяркоўвалі зямлю і маёмасць памешчыкаў сярод беднаты. Адкрываліся новыя школы з беларускай мовай навучання.
28–30 кастрычніка 1939 г. у Беластоку з мэтай заканадаўчага замацавання ўваходжання тэрыторый Заходняй Беларусі ў склад БССР прайшоў Народны сход Заходняй Беларусі. Кандыдаты ў дэпутаты Народнага сходу вылучаліся ад сялян, рабочых і інтэлігенцыі. Удзельнічаць у выбарах мелі права ўсе жыхары, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту. У выніку выбараў было абрана 927 дэпутатаў.
Па прапанове дэпутатаў С. Прытыцкага і Ф. Манцэвіча Народны сход прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўнай уладзе і Дэкларацыю аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР. Былі прыняты таксама рэзалюцыі аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель, аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці.
14 лістапада пазачарговая III сесія Вярхоўнага Савета БССР зацвердзіла Закон аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад БССР.
У выніку ўз’яднання Беларусі тэрыторыя БССР павялічылася да 225,7 тыс. км2, а насельніцтва — да 10,3 млн чалавек.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2021 г. 17 верасня аб’яўлена Днём народнага адзінства. Гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 г. па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора.
Адноўленае ў 1939 г. адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць пачэснае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць адным з сузаснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Пытанні і заданні
1. Ахарактарызуйце геапалітычную сітуацыю ў Еўропе ў канцы 1930-х гг. Назавіце фактары, якія набліжалі Другую сусветную вайну.
2. Дайце ацэнку Дагавару аб ненападзенні, Дагавору аб дружбе і граніцах, заключаных паміж Германіяй і СССР у 1939 г., з улікам геапалітычнай сітуацыі ў Еўропе ў той час.
3. Назавіце геапалітычныя фактары, якімі было абумоўлена ўступленне 17 верасня 1939 г. Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.
4. Растлумачце, чаму паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 г. у гістарычнай навуцы ацэньваецца як вызваленчы.
5. Дайце аргументаваную ацэнку факту ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР.