§ 16–17 – 1. Пачатак Другой сусветнай вайны. Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР

4. Вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь

Польская армія не магла супрацьстаяць нашмат большым сілам праціўніка. Германскія дывізіі, маючы вялікую перавагу ў тэхніцы, хутка прасоўваліся ўглыб польскай дзяржавы. У сярэдзіне верасня 1939 г. яны падышлі да мяжы Заходняй Беларусі. Пад германскай акупацыяй апынуліся гарады Брэст і Беласток. 16 верасня польскі ўрад эміграваў у Румынію.

У частках Чырвонай Арміі Беларускага фронту 16 верасня быў зачытаны загад аб выступленні ў паход. У загадзе падкрэслівалася вызваленчая місія савецкіх войскаў, якія павінны былі ўзяць пад абарону беларусаў і ўкраінцаў. Савецкім войскам забаранялася бамбіць і абстрэльваць з гармат населеныя пункты. Патрабавалася праяўляць лаяльнае стаўленне да польскіх ваеннаслужачых, калі яны не будуць аказваць узброенага супраціўлення.

17 верасня 1939 г. часткі Чырвонай Арміі па распараджэнні савецкага ўрада перайшлі савецка-польскую мяжу і пачалі вызваленне Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.

СССР не аб'яўляў вайну Польшчы. Урад Польшчы таксама прызнаў, што вайны з СССР няма. Таму ў сваім загадзе польскім войскам маршал Э. Рыдз-Сміглы 17 верасня падкрэсліваў: «З Светамі не ваяваць, толькі ў выпадку націску з іх боку або спробаў раззбраення нашых частак... Войскі, да якіх падышлі Саветы, павінны ўступаць з імі ў перамовы з мэтай выхаду гарнізонаў у Румынію ці Венгрыю».

Беларускі фронт налічваў 200 802 салдата і афіцэра. Войскам фронту супрацьстаялі 45 тыс. польскіх салдат і афіцэраў, з якіх прыкладна палова не была ўзброеная.

Такім чынам, значных польскіх узброеных сіл, якія маглі б супрацьстаяць як войскам Беларускага фронту, так і нямецкім войскам на тэрыторыі Заходняй Беларусі не было. Паводле польскіх крыніц, у Заходняй Беларусі зафіксавана каля 40 выпадкаў супраціўлення пагранічных патрулёў, а таксама адзначаны баі ў паласе Беларускага фронту пад Кобрынам, Гродна, Вільні і Беластокам. Найбольш упартыя баі разгарнуліся 20–21 верасня ў Гродне, дзе 15-ы савецкі танкавы корпус страціў 12 танкаў, 47 чалавек забітымі і 156 параненымі.

У выніку ўсёй ваеннай аперацыі страты войскаў Беларускага фронту склалі 490 загінулых, 642 параненых і 13 зніклых без вестак.

Да 25 верасня тэрыторыя Заходняй Беларусі была цалкам вызваленая. Пачалася падрыхтоўка да выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі.