§ 16–17 – 1. Пачатак Другой сусветнай вайны. Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР
3. Пачатак Другой сусветнай вайны
Другая Сусветная вайна працягвалася з 1 верасня 1939 г. па 2 верасня 1945 г. развязаная нацысцкай Германіяй, Італіяй і мілітарысцкай Японіяй, яна ўцягнула ў сваю арбіту 61 дзяржаву з насельніцтвам 1,7 млрд чалавек. Баявыя дзеянні вяліся на тэрыторыі 40 краін.
Яшчэ 28 красавіка 1939 г. Германія анулявала дамову з Польшчай аб ненападзенні, а германскі генштаб прыступіў да заключнага этапу распрацоўкі плана «Вайс» (план захопу Польшчы). Галоўнакамандуючы германскімі сухапутнымі сіламі генерал В. Браухіч 15 чэрвеня падпісаў дырэктыву аб нападзенні на Польшчу, а 22 жніўня 1939 г. А. Гітлер аддаў распараджэнне аб тым, што «перш за ўсё варта разграміць Польшчу». Гэтыя ўказанні прагучалі да прыбыцця. І. Рыбентропа ў Маскву. Такім чынам, лёс польскай дзяржавы быў прадвызначаны да падпісання германа-савецкага дагавора аб ненападзенні.
1 верасня 1939 г. нацысцкая Германія напала на Польшчу. Англія і Францыя, каб не страціць свайго ўплыву ў Еўропе, вымушаныя былі пад ціскам грамадскай думкі 3 верасня аб'явіць вайну Германіі, але рэальных баявых дзеянняў не вялі. ЗША вырашылі застацца ўбаку, заявіўшы 5 верасня 1939 г. аб сваім нейтралітэце.